25.08.2015 / 13:08

Зусім нядаўна па рабочых справах журналісту газеты "Добрушскі край" давялося пабываць ва Усохскай Будзе. Яго ўвагу да сябе прыцягнулі два хлапчукі, якія, нахіліўшыся над брудным месівам вады, чэрпалі нешта самаробным саўком. Стала цікава, спынілі аўтамабіль і падышлі да падлеткаў.

Хлопцы расказалі, што другі дзень запар вось такім чынам ловяць маладых карасёў, каб перанесці іх у большы па памерах вадаём. Па словах васьмікласніка Ніўскай базавай школы Дзяніса Кнышова, нядаўна ён разам са сваім сябрам, вучнем Кругавец-Калінінскай сярэдняй школы Данілам Краўцовым, прыкмецілі, што рыбы ў абмялелым за лета вадаёме гінуць. Хлопчыкі, як сапраўдныя рупліўцы роднай прыроды, вырашылі, па меры магчымасці ратаваць маўклівых палоннікаў.

За час, праведзены ў кампаніі падлеткаў, я ўбачыў каля 15 вылаўленых карасікаў. Праўда, аднаго з іх прама з-пад носа выратавальнікаў украў вясковы кот, які сядзеў побач з рабятамі…

Працавалі дзеці без перапынку і стомы. Вельмі ўжо хацелася ім прынесці карысць роднай прыродзе. Такое жаданне школьнікаў выклікае толькі павагу да іх, іх бацькоў і педагогаў. Цудоўна, што падлеткі перажываюць за звяроў, птушак і рыб, праяўляюць клопат пра ўсё, што акружае нас і робіць жыццё яркім і паўнавартасным.

Автор:
Фотограф:
Яўген Усцінаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость