Сонечным восеньскім днём у старажытным мястэчку Лынтупы на памежжы Беларусі і Літвы адбыўся цудоўны фэст, на які сабраліся мясцовыя жыхары і госці з Мінску.
Шмат мерапрыемстваў прапанаваў фэст: можна было набыць вырабы мясцовых майстроў ці антыкварныя прадметы побыту, паўдзельнічаць у творчых майтар-класах, пакаштаваць вырабы гаспадынь, разам зрабіць вялікія арэлі.
Выстава-продаж рэтра мэблі і антыкварыяту
Мясцовыя прысмакі
Мясцовыя тэкстыльныя вырабы
Для маленькіх наведвальнікаў спецыяльна працавалі творчыя майстэрні: можна было паспрабаваць сябе ў якасці ганчара, разам з мастаком Базылём размаляваць фарбамі цудоўных істот зверанаўтаў, якія з'явіліся з космасу, каб выратаваць нашу планету.
Майстар-клас ад ганчара
Размалёўванне зверанаўтаў
Дзіцячыя экалагічныя майстэрні ў сваю чаргу прапанавалі зрабіць з кардону і паперы розных жывёл і птушак - так дзеці даведаліся, што кардон і паперу можна не выкідаць у смецце, а ператварыць у новыя цацкі.
Асаблівай папулярнасцю на фэсце карысталася буккросінгавая палічка. Жыхарам прышлася даспадобы ідэя вольнага абмену кнігамі і яны з задавальненнем абіралі цікавыя для сябе творы. Адмыслова да мерапрыемства была створана спецыяльная буккросінговая пячатка.
Яшчэ адной адметнай рысай першага фестывалю стала збіранне фотаархіву. Пра гэта распавядая валанцёр "Экадому" Дзіма:
“Ідэя фота-архіву вельмі простая: людзі прыносяць нам свае фоткі, якія мы хутка скануем і вяртаем, а праз тыдзень мы прывязём ім кружэлкі з алічбаванымі і апрацаванымі фоткамі, якія будуць захоўваць гісторыю сем'яў і Лынтупаў даўжэй за надрукаваныя. Для людзей гэта безкаштоўны шанец атрымаць фатаграфіі, якія яны могуць даслаць сваякам па ўсяму свету.” Таксама ён дадае: “Фэст у Лынтупах, на мой погляд, вельмі ўдалая спроба пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі, дадаць жыцця ў спакойную плынь, паказаць ім карысць самаарганізаваных мерапрыемстваў. Каб не гэты фэст, я б нават і не ведаў пра гэты прыгожы і вельмі багаты на гістарычныя падзеі куток нашай краіны”.
Напрыканцы мерапрыемста можна было паслухаць канцэрт Змітра Лук’янчыка і паспрабаваць сябе ў народных танцах з калектывам “Жар-птушка”.
Ужо вечарам былі змайстраваны вялікія арэлі, што рабілі ўсёй талакой. Дзеці розных узростаў адразу ж кінуліся тэсціць драўляны "механізм", і іх задаволеныя галасы было чуваць, магчыма, ля самай мяжы з Літвой.
Іна Жызнеўская, арганізатарка фэсту і актывістка "Экадому", распавядае пра тое, як узнікла ідэя:
“Так атрымалася незнарок, што шмат хутароў у гэтых мясцінах засялілі мінскія “дачнікі”, якія хацелі збегчы далей ад сталічнага шуму. Шмат хто з іх - літаратары, людзі мастацтва, актыўныя людзі, якія ствараюць сваю прастору самі вакол сабе. А мясцовых святаў, як у іншых раёнах, напрыклад, “Мотыльскія прысмакі” у Берасцейскай вобласці ці “Кола дзён” у Камарова, не адбываецца. Тут вельмі прыгожае месца: Блакітныя азёры, лясы, і мы вырашылі паспрыяць таму, каб усталявалася свая традыцыя, прыцягнуць увагу да гэтага месца, каб прыязджала больш гасцей і турыстаў. Мясцовым жыхарам ідэя спадабалася, я чула ад іх толькі станоўчыя водгукі, сам фэст мы рабілі супольна з найбольш актыўнымі. Канечне, хацелася б зрабіць гэты фэст традыцыйным, каб ён адбываўся кожны год, каб да яго больш далучаліся мясцовыя жыхары”.