У вёсцы Барыскавічы, што на паўдарозе з Глыбокага да Празарокаў, стаіць колішні сядзібны дом пана Дабашынскага. Там таксама растуць дзве вялікія чарэшні. Знайшоў іх і на здымках 1905 года. Гадоў 5-7, як іх пасадзілі. То бок ім цяпер пад 120 гадоў! А які ж век празароцкай чарэшні, калі яна ў раза паўтара шырэйшая ў ствале? 130? А мо і 150 гадоў?
Інтэрнэт-даведнікі не далі рады. Там адно раяць — праз колькі дзесяцігоддзяў ссякаць старую чарэшню і садзіць новую.
Фотаздымкі чарэшні накіраваў ў Мінпрыроды. У выніку Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разгледзеў зварот.
Глыбоцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўстаноўлена: плошча вырастання дрэва — 0,25 га, абхват ствала складае 176 см, землекарыстальнікам участка з’яўляецца ДЛГУ «Дзісненскі лясгас».
Матэрыялы па дадзеным дрэве накіраваны ў сектар маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для інвентарызацыі і ўліку векавых дрэваў і насаджэнняў на тэрыторыі Беларусі, гаворыцца ў адказе.