Нацыянальны парк "Прыпяцкі" рыхтуецца атрымаць сертыфікат FSC. Месяц таму ў "Прыпяцкім" быў праведзены папярэдні аўдыт. Эксперты кампаніі NEPCon, якая прапануе паслугі па міжнароднай лясной сертыфікацыі FSC, знаёміліся з вядзеннем лясной гаспадаркі, вывучалі дакументы і аглядалі тэрыторыі некалькіх лясніцтваў нацыянальнага парка. Вынікам сталі рэкамендацыі для кіраўніцтва нацыянальнага парка, якія дапамогуць скарэктаваць дзейнасць па кіраванню гэтай тэрыторыяй, праз колькі месяцаў прайсці асноўны аўдыт і атрымаць сертыфікат.
Дабраахвотная лясная сертыфікацыя прызваная садзейнічаць экалагічна адказнаму, сацыяльна арыентаванаму і эканамічна ўстойліваму лесакарыстанню і кіраванню ляснымі рэсурсамі. Сэртыфікацыя адна з галоўных умоў для паўнавартаснага доступу прадукцыі лясной гаспадаркі да міжнародных гандлёвых пляцовак.
Для працэсу сертыфікацыі вельмі важна супрацоўніцтва з рознымі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку і грамадскасцю. Пад час аўдыту робіцца выбарачная праверка, бо ўсю тэрыторыю ахапіць не магчыма. Для праўдзівай ацэнкі патрэбна інфармацыя з розных крыніц.
Напрыканцы кастрычніка 2014 году ў Мінску адбыўся семінар "FSC сертыфікацыя ў Рэспублікі Беларусь: бягучая сітуацыя і перспектывы". На сустрэчы прадстаўнік арганізацыі NEPCon у Беларусі Аляксандр Зубкевіч адзначыў, што "асаблівасцю і праблемай пры правядзенні лясной сертыфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца нешматлікасць і пасіўнасць зацікаўленых бакоў . У той жа час, лясная сертыфікацыя дае магчымасць любой арганізацыі, альбо проста жыхару Беларусі, уздзейнічаць на лёс лясных тэрыторый краіны.
Эксперты, прадстаўнікі NEPCon у Беларусі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з грамадскасцю. Аб датах правядзення аўдыту публічна паведамляецца папярэдне. Жадаючыя стаць назіральнікам могуць звярнуцца да прадстаўнікоў NEPCon. Дата правядзення асноўнага аудыту FSC сертыфікацыі ў нацыянальным парку "Прыпяцкі" пакуль не вызначана, але магчыма будзе названая на працягу бліжэйшага месяца. Пасля правядзення аўдыту, грамадскасць будзе мець доступ да яго вынікаў. Частка справаздачы па правядзенню асноўнага аўдыту з’яўляецца публічнай і размяшчаецца на сайт FSC.
У цяперашні час нацыянальныя паркі Беларусі, якія ствараліся як прыродаахоўныя ўстановы, фактычна з’яўляюцца, паводле сваёй дзейнасці, шматпрофільнымі прадпрыемствамі. Усе яны маюць свае дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы.
Напрыклад, дрэваперапрацоўчы камбінат у нацыянальным парку "Прыпяцкі" штогадова перапрацоўвае каля 200 тыс. м3 драўніны, з якой 50% экспартуюць. На тэрыторыі 7 лясніцтваў нацыянальнага парка запланаваны штогадовы запас драўніны на высечку ў аб’ёме 35,49 тыс.м³.
Пашырэнне гаспадарчай дзейнасці на тэрыторыі нацыянальнага парка "Прыпяцкі" у апошнія дзесяцігоддзі, планы яго кіраўніцтва па распаўсюду рубак на тэрыторыі поймавых лясоў крытыкуюцца і выклікаюць трывогу ў грамадскасці.