25.11.2019 / 12:11

Калі вы чуеце "zerowaste", што першае прыходзіць у галаву? Безадходнасць? Шматразовасць? Экалагічнасць? У цэлым падабраць асацыяцыю да канцэпцыі "нуль адходаў" не складана. Мы так шмат чуем і бачым пра zerowaste апошнім часам, што міжволі яно пачынае набіваць аскоміну. Аднак што калі вы пачуеце, што "гэта не толькі пра адходы, гэта пра сацыяльную справядлівасць"?

Уводзіны ў тэму

Што такое "сацыяльная справядлівасць"? Згодна са Слоўнікам тэрмінаў і паняццяў па грамадазнаўству, сучаснае гуманістычнае тлумачэнне гэтага выразу звязана з сацыяльнымі гарантыямі: права на працу, адпачынак, годную аплату працы, адукацыю, асабістае жыццё, абарону жыцця, здароўя і годнасці, права на жыллё, культурныя каштоўнасці, на ўдзел у палітычным жыцці, прадпрымальніцтва, свабоду слова, сумлення, перамяшчэння, на свабоду самарэалізацыі ў любой галіне грамадскага жыцця. Такім чынам сацыяльная справядлівасць рэалізуецца тады, калі спыняецца ўсялякая дыскрымінацыя асобы і зацвярджаецца роўнасць у правах і магчымасцях.

Цяпер жа звернемся да канцэпцыі "нуль адходаў". Калі разглядаць яе ў выглядзе пераміды, то самую верхавіну будуць займаць наступныя падыходы: адмоўся набываць непатрэбнае;    скараці; адрамантуй (выкарыстай зноў); кампасціруй. І самыя ніжнія грані займаюць сартыроўка і перапрацоўка.

Лагічна задацца пытаннем "Чаму?" Паўсюдна нас вучаць правільна выкідаць смецце дзеля захавання другасных матэрыяльных рэсурсаў. Аднак як зазначае Марыя Сума, экспертка Цэнтра экалагічных рашэнняў, сартыроўка і перапрацоўка — падыходы, якія забяспечваюць кароткатэрміновае вырашэнне праблемы з адходамі, не закранаючы яе сутнасці. І якраз гэтым двум падыходам аддаюць перавагу кампаніі і карпарацыі, забываючы на ўсе астанія.

"Кампанія H&M усведамляючы свой уплыў на наваколле прапануе рашэнне ў перапрацоўцы адходаў тэкстыльнай прамысловасці. Пры гэтым не скарачаючы вытворчаць тавараў і іх спажыванне. І гэта не адзіны выпадак. Я прачытала шмат стратэгіі па ўстойлівым развіцці разнастайных кампаній", — прыводзіць прыклад экспертка.

На самой справе, большасць карпарацый, буйных вытворцаў сёння даволі прыгрэсіўны ў сваёй экалагічнасці: яны прымаюць меры, каб стаць кліматычна нейтральнымі, выкарыстоўваць сыравіну перапрацоўкі. Вядома такія крокі варта ўхваляць. Аднак на скарачэнне аб'ёмаў вытворчасці яны ісці не гатовы. Што засмучае.

Тут якраз пачынаюцца пытанні сацыяльнай справядлівасці. Не сакрэт, што кожная вытворчасць акрамя асноўнага прадукту, які ідзе напродаж, стварае адходы. Акрамя таго, існуе шэраг прамысловых галін, што базуюцца на вычарпальных прыродных рэсурсах, валоданне якімі выклікае ўзброеныя канфлікты.

"Пры вытворчасці аднаго смартфона ўтвараецца 86 кілаграм адходаў на ўсіх этапах: на здабычы руды, на траспарціроўцы, на зборцы. Гэта агульная іх колькасць для адной адзінкі тавара. Да ўсяго, для вытворчасці смартфонаў выкасрыстоўваюцца рэдказямельныя металы, што знаходзяцца на асобных тэрыторыях. Напрыклад, у Конга, дзе ўжо ля 60 год працягваецца грамадзянская вайна за радовішчы гэтых рэсурсаў", — кажа Марыя.

Існуе таксама таксічны след вытворчасці: так у тэкстыльнай галіне з-за прымянення хімічных рэчываў для пафарбоўкі і апрацоўкі тканінаў забруджваецца навакольнае асяроддзе і атручваюццы арганізмы людзей.

Яшчэ адна праблема, якой ахоплена сучасная глабальная прамысловасць, — рабства.

"Вядома, гэта паняцце адрозна ад таго, што было ў мінулым стагоддзі. Але калі людзі працуюць за тры даляры ў тыдзень, то чаму гэта не з'яўляецца рабствам", — кажа Марыя.

Па дадзеных Global Slavery Index, 40 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце ўцягнутыя ў рабскую працу. І ў большасці сваёй гэта жанчыны (70%). 

Як прыклад экспертка прыводзіць збор бавоўны ва Узбекістане, дзе працяглы час праваабарончыя арганізацыі фіксавалі выпадкі выкарыстання ў якасці працоўнай сілы дзяцей, а таксама работнікаў бюджэтнага сектара.

"Гэта кваліфікавалася як рабства, бо за невыкананне нормаў па збору людзей звальнялі з пасадаў, пазбаўлялі зарплат, стыпендый і г. З гэтай прычыны еўрапейскія краіны працяглы час не набывалі ўзбекскую баваўну. На тэрыторыі, ныпрыклад, Велікабрытаніі і Злучаных Штатаў дзейнічае закон, які забараняе ўвозіць у краіну рэсурсы, атрыманыя аб рабскай працы", — падкрэслівае экспертка.

 У 2014 годзе на плантацыі па зборы памёр сталы чалавек. Ён выйшаў на працу замест свайго ўнука, але арганізм не справіўся з цяжкімі ўмовамі. Як правіла такія выпадкі патрапляюць у катэгорыю "няшчасных"
 У 2014 годзе на плантацыі па зборы памёр сталы чалавек. Ён выйшаў на працу замест свайго ўнука, але арганізм не справіўся з цяжкімі ўмовамі. Як правіла такія выпадкі патрапляюць у катэгорыю "няшчасных"

За апошнія гады сітуацыя змянілася, ва ўсякім выпадку так сцвярджае кіраўніцтва Узбекістана. Згодна з інфармацыяй за 2019 год, на аплату працы работнікам па зборы бавоўны будуць выдавацца крэдыты кампаніям. Аднак калі зборшчыкаў будзе не хапаць, то да працы дазваляецца прыцягваць валанцёраў, кім будуць гэтыя людзе — не зразумела, звяртае ўвагу Марыя Сума.

Акрамя таго, што работнікі вымушаны працаваць за мізэрныя грошы, умовы іх працы пакідаюць жадаць лепшага.

У 2013 годзе ў сталіцы Бангладэш адбылася трагедыя, калі праз грэблівае стаўленне да тэхнікі бяспекі адваліўся будынак фабрыкі "Рана Плаза", на якой шыліся рэчы многіх амерыканскіх брэндаў. Усяго праз пару дзён на іншай фабрыцы адбыўся пажар.

"Гэтыя выпадкі падштурхнулі кампаніі перагледзіць свае палітыкі да бяспекі працы работнікаў. Шкада, што дзеля гэтага кроку давялося загінуць 1134 чалавекам", — зазначае Марыя.

 

Ніхто не павінны несці адказнасць за нашыя адходы. Акрамя нас

З 1992 па 2017 год Кітай займаўся перапрацоўкай смецця краін Еўрапейскага Звязу і ЗША. Хаця, як зазначае Марыя Сума, складана назваць гэты працэс перапрацоўкай, бо да 65% адходаў заставалася ў наваколлі. Паэтапна ўсходняя краіна адмовілася прымаць смецце з-за мяжы. Афіцыйнай прычынай такога кроку стаў клопат пра асяроддзе. Аднак уся справа ў тым, што  аб'ёмаў адходаў, якія ўтвараюцца ў самім Кітаі дастатковыя, каб забяспечыць магутнасці перапрацоўчай галіны.

"Перад краінамі Еўразвязу і ЗША зараз стаіць выклік па абыходжанні з адходамі. Менавіта з гэтай прычыны Еўрапейскі Звяз адаптуе сваю стратэгію па пластыку, бо ён мае найбольшыя аб'ёмы ў адходах і з ім цяжэй справіцца, чым з паперай і шклом. Аднак сітуацыя ў цэлым выглядае справядліва, бо ніхто не павінны несці адказнасць за нашыя адходы акрамя нас саміх", — падкрэслівае экспертка.

Аднак Кітай — не адзіны выпадак, калі краіна ператвараецца ў глабальную звалку. Бадай самы вядомым прыкладам з'яўляецца раён Агбогблошы недалёка ад цэнтра Аккры (сталіцы Ганы), куды звозіцца электроннае смецце з Еўропы і ЗША.

Ні пра якую перапрацоўку на звалцы электратавараў гаворка і блізка не вядзецца. Каштоўныя металы ў літаральным сэнсе выпальваюцца з устройстваў. У працэсе ў паветра трапляюць шкодныя рэчывы і цяжкіх металаў, якія ўдыхаюць работнікі.

 У большасці сваёй тэхніка прыбывае ў Гану ў рабочым стане. Людзям звыкла / зручна выкінуць "састарэлы" ці няспраўны гаджэт / тэхніку, чым  адрамантаваць
 У большасці сваёй тэхніка прыбывае ў Гану ў рабочым стане. Людзям звыкла / зручна выкінуць "састарэлы" ці няспраўны гаджэт / тэхніку, чым  адрамантаваць

 

Выхад ёсць у экалагічнай справядлівасці

Існуе шэраг правілаў, пры кіраўніцтве якімі магчыма дасягнуць экалагічнай справядлівасці. Залежыць гэта ў першую чаргу ад спажыўцоў.

  • Пры адсутнасці дадзеных тавар не павінны выходзіць на рынак

На жаль, сёння мы маем адваротную сітуацыю. Спачатку прадукт ці нейкі новы хімічны элемент у саставе з'яўляецца на спажывецкай прасторы. І толькі пасля гэтага эксперты бяруцца даказваць, што ён можа быць шкодным для здароўя ці наваколля.

  • Інфармацыя павінна быць даступнай

Пакуль жа ад вытворцаў даводзіцца чуць такія выразы як "камерцыйная тайна" ці "для службовага карыстання". Як зазначае Марыя Сума, як правіла пад імі ўтойваюцца дадзеныя, якія маюць прынцыповае значэнне для прыняцця рашэння. Так у Беларусь прывезлі інавацыйную тэхналогію — біяраспадаемыя пакеты, дзе 98% у саставе кукуруза, а 2% - камерцыйная тайна.

  • Забруджвальнік плаціць

Ва ўсім свеце сітуацыя выглядае так, што вытворцам выгадней і таней заплаціць штраф за парушэнне, чым папярэдзіць і пазбягнуць яго ці ўключыцца ў ліквідацыю наступстваў.

  • Перадасцярога

Мы ведаем пра шкодны ўплыў таго ж асбеста на здароўе чалавека. Аднак у некаторых краінах ён працягвае прымяняцца ў будаўніцтве з-за моцнага лобі гэтага матэрыяла.

 

Экалагічнасць прыносіць карпарацыям грошы

У fashion-індустрыі некаторыя кампаніі пераймаюць прынцыпы экалагічнасці для сваёй дзейнасці, далучаюцыся да Fashion Pact G7. Так яны бяруць на сябе абавязак вырашаць праблемы кліматычных змяненняў, забруджвання Сусветнага акіяна і скарачэння біяразнастайнасці.

І гэтыя тэндэнцыя невыпадковая. Згодна з апытаннем, 31% кампаній з 8500 ідуць на змяненне сваіх палітык, скіроўваючы іх да ўстойлівага развіцця, 84% з іх матывуюць такія крокі фінансавымі выгодамі.

"Як толькі кампанія заяўляе пра сваю экалагічнасць — у яе тут жа падскоквае прыбытак. Людзі хочуць, каб карпарацыі прапаноўвалі ім варыянты быць больш прыязнымі да наваколля. І чым яны прасцей, тым большы попыт будуць мець. Спажыўцам складаней пагадзіцца менш набываць. Значна лягчэй ім падтрымаць кампанію, якая прымае рэчы на перапрацоўку", — тлумачыць Марыя.

Пры гэтым, нярэдка, свядомае спажыванне не падтрымліваецца самімі карпарацыямі. Так дырэктар кампаніі H&M заявіў, што змяншэнне пакупніцкай актыўнасці напрамую адгукнецца на ўмовах, у якіх працуюць рабочыя фабрык. Такім чынам ён цалкам пераклаў адказнасць на пакупнікоў за тое, што будуць скарацца рабочыя месцы ў выпадку змяншэння прыбыткаў кампаніі ад зніжэння продажу тавараў, упэўнена экспертка.

Карл-Ёхан Персан выказаўся так пасля выступу Грэты Тунберг, у якім яна заклікала скарачаць узровень спажывання рэсурсаў і тавараў.

 

Прадуманыя спажыўцы маюць рацыю, а не падрываюць сацыялачку

Калі чалавецтва застаецца ў звыклай існуючай мадэлі спажывання тавараў, то скарачэнне пакупніцкай актыўнасці сапраўды адаб’ецца на сацыяльным становішчы развіваючыхся краінаў. Відавочна, што карпарацыі пачнуць скарачаць працоўныя месцы.

Аднак, упэўнена Марыя Сума, сітуацыя павінна змяняцца па-іншаму, варта ствараць лакальную эканоміку, умовы і магчымасці людзям зарабляць самастойна.

"Вядома, краіны, дзе асноўную масу працоўных месцаў стваралі глабальныя карпарацыі не змогуць імгненна перабудаваць эканамічную сістэму. Павінны рабіцца доўгатэрміновыя захады на стварэнне ўласных прадпрыемстваў і бізнасу, каб рэаніміраваць сябе. Пры гэтым відавочна, што перавага мусіць аддавацца эканоміцы сэрвісу, а не спажывання", — распавядае экспертка.

Да ўсяго, такі пераход дазволіць перастроіць існуючую мадэль "вырабіў-выкарыстаў-выкінуў". Стварыўшы на этапе выкарыстання новыя працоўныя месцы, якія б працавалі на лакальную супольнасць.

Амерыканскае Агенства па абароне навакольнага асяроддзя палічыла колькасць магчымых працоўных месцаў пры розных падыходах да абыходжання з адходамі. Так пры выкарыстанні 10 тысяч тон рэчаў: пры спальванні — 1 працоўнае месца; пры захаванні — 6; пры перапрацоўцы — 36; пры паўторным выкарыстанні праз стварэнне рамонтаў і сэканд-хэндаў — 296 працоўных месцаў.

"Варта памятаць, што ўсё ў нашых руках. І гэта нашыя запыты вызначаюць палітыку брэндаў і прымушаюць іх змяняцца", — рэзюмуе Марыя Сума.

 

*Тэкст напісаны па матывах лекцыі Марыі Сумы "ZewoWaste — гэта не толькі пра смецце".

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость