25.11.2020 / 10:11

Зараз уся масавая актыўнасць ва дварах, шчыра кажучы, крыху не ўпісваецца ў беларускае заканадаўства. І хоць апошнія месяцы ў Беларусі вялікія праблемы з тым, што законна, а што – не, тым не менш многія думаюць, як ладзіць мясцовыя актыўнасці і не баяцца разгону ад людзей у цывільным.

Тут могуць дапамагчы калегіяльныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГСы), якія фактычна ўжо існуюць і могуць, так бы мовіць, “легалізаваць” усю дзейнасць.

 

КОТГСы ўжо існуюць?

Так, тут вынаходзіць ровар не трэба. Інфармацыю пра КОТГСы можна знайсці на многіх дзяржаўных сайтах. Пры гэтым іх існаванне замацавана ў Канстытуцыі (арт. 117) і ў Законе “Аб мясцовым кіраванні і самакіравання”.

У гарадах гэта калектыўныя органы, у вёсках – аднаасобныя.

Праблема ў тым, што КОТГСы – выбарчыя органы, але ж у нас іх ніхто не выбіраў. У большасці выпадкаў яны сфарміраваныя без удзелу грамадзян. Проста па прынцыпу "Напісаў заяву – уступіў". Таму туды звычайна трапляюць людзі знаёмыя адміністрацыі раёна: актывісты, прадстаўнікі прафсаюзаў, ветэранаў і гэтак далей. Зараз КОТГСы прыкметныя тым, што больш за 60% членаў выбарчых камісій – людзі, якія ўваходзяць у кіраўніцтва органаў тэрытарыяльнага самакіравання.

Чаму важна заняцца КОТГСамі зараз? Каб грамадства ўстойліва развівалася, трэба, каб улада належала народу. У гэтым выпадку становіцца не так важна, каго абралі прэзідэнтам, бо многія пытанні вырашаюцца на мясцовым узроўні.

КОТГСы даюць людзям магчымасць легальна аб’яднацца, вырашаць паўсядзённыя дваровыя праблемы і нават мець нейкі свой бюджэт.

Унікальнасць гэтых органаў у тым, што грамадзяне ў любы момант могуць самі запусціць працэс перавыбараў ці давыбараў кіраўніцтва. Само правядзенне мясцовага сходу рэгулюецца Законам “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”.

На сайце kotos.org падрыхтавана падрабязная інструкцыя, як стаць членам КОТГСа. Асноўныя яе этапы – сабраць інфармацыю (ці створаны ўжо КОТГС, якая яго тэрыторыя, хто з’яўляецца старшынёй і інш.), падрыхтавацца да мясцовага сходу ўпаўнаважаных (у тым ліку сабраць подпісы ў падтрымку сходу), правесці сход і выбраць новых членаў, зафіксаваць усё ў пратаколе і пачаць працаваць легальна.

Узоры ўсіх неабходных лістоў можна таксама знайсці на сайце. Ініцыятары кажуць, што пры неабходнасць могуць дапамагчы з пошукам памяшкання і з кансультацыяй па розных пытаннях. Кантакты, па якіх можна звяртацца: +375 29 840 73 21, rada@kotos.org, @kotosbot (Telegram).

Актывісты ініцыятывы радзяць, каб ініцыятыўная група была не менш за 10 чалавек, бо ў сталіцы, напрыклад, на тэрыторыі кожнага КОТГСа жыве 5-10 тысяч чалавек. Сабраць як мінімум 25% подпісаў, асабліва ва ўмовах пандэміі, можа быць няпроста. Абіраць і быць членамі КОТГСа могуць толькі грамадзяне 18+, зарэгістраваныя на гэтай тэрыторыі.

Асноўны плюс КОТГСаў у тым, што працэдура выбараў не залежыць ад адміністрацыі. Людзі самі ўсё арганізуюць і потым толькі паведамляюць у выканкам, што КОТГС сфарміраваны.

 

Што робіць КОТГС?

У прынцыпе ўсё тое, што зараз робяць актывісты двароў. Задачы КОТГС:

- Добраўпарадкаванне

- Падтрыманне грамадскага парадку

- Сацыяльная ахова і клопат

- Мерапрыемствы

У тым ліку, жыльцы вырашаюць, што намаляваць на сцяне дома і ў які колер пафарбаваць лаўкі,  дапамагаюць людзям з інваліднасцю і пенсіянерам. Яшчэ сам КОТГС падтрымлівае актыўных грамадзян.

Зараз праблема з дваровымі канцэртамі ў тым, што яны як бы падпарадкуюцца закону аб масавых мерапрыемствах і, адпаведна, парушаюць яго. Але ж, калі гэта мерапрыемства КОТГСа, то яго можна легальна праводзіць ва двары.

Алгарытм такі: людзі узгадняюць са старшынёй КОТГСа мерапрыемства, той/тая паведамляе адміністрацыі, пажадана пісьмова, што яно будзе, – і ўсё. Выдатна, калі старшыня КОТГС таксама зможа пацвердзіць, што гэта іх мерапрыемства і ў выпадку, калі да вас прыедуць людзі без апазнавальных знакаў.

 

Чаму яны дагэтуль не папулярны?

Таму што доўгі час гэты было нікому не цікава. Улада не жадала бачыць новых людзей і дзяліцца паўнамоцтвамі. Жыхары не цікавіліся, што адбываецца ў дварах. Тым не менш, увесь гэты час існуюць КОТГСы, якія сапраўды робяць нешта карыснае. І зараз некаторыя старшыні, якія сапраўды зацікаўлены ў развіцці мясцовай супольнасці, таксама далучыліся да гэтай ініцыятывы Каардынацыйнай Рады.

Вольга Цесакова, дэпутатка Мінгарсавета па выбарчай акрузе № 23, тлумачыць, як лепей знайсці адказы на свае пытанні і звязацца са старшынёй КОТГСа.

Калі вы, як жыхар, хочаце даведацца пра межы сваёй акругі, вам трэба звярнуцца да адміністрацыі раёна (ці ў выканкам) або да свайго дэпутата. З уласнай практыкі Вольга раіць пісаць спярша дэпутату: “Мы правялі эксперымент. Адна жыхарка маёй акругі падала прашэнне, і такое ж падала я, як дэпутат. Ёй прыслалі спасылку на рашэнне выбарчай камісіі. Мне ж прыйшла дакладная празрыстая інфармацыя, якія дамы ўваходзяць у КОТГС”.

Таму, каб не атрымаць ад адміністрацыі адпіску, можна спярша звязацца са сваім дэпутатам. Знайсці яго/яе можна на сайце Мінгарсавета па сваёй вуліцы і нумару дома.

Таксама яму/ёй можна пісаць, каб пасадзейнічалі ў сустрэчы са старшынёй КОТГСа ці дапамаглі з пошукам памяшкання для сходу. Зараз усім могуць адмаўляць з-за эпідэміялагічных абставін, але тыя ж спартзалы ў школах даволі вялікія, каб па нормах туды ўмясціць 50-70 чалавек.

Калі прадстаўнік народа не выходзіць на сувязь, жыхары сталіцы могуць звярнуцца да Рамана Ніканава, старшыні Камісіі па галоснасці, самакіраванню і правапарадку Мінгарсавета. У лісце да яго можна абскардзіць рашэнне раённай адміністрацыі ці свайго дэпутата, толькі варта захоўваць копіі ўсіх адказаў, дзе вам не даюць інфармацыю. Дарэчы, калі КОТГС знаходзіцца на мяжы акруг, у яго могуць быць два дэпутаты.

Але, перш за ўсё, Вольга раіць паспрабаваць звязацца з дзеючым старшынёй КОТГСа. Цалкам верагодна, што ён/яна апынуцца чалавекам, які/якая будуць дапамагаць большасці. У КОТГСах, дарэчы, можна знайсці інфармацыю пра шматдзетныя сем’і ці людзей з інваліднасцю і талакой сабраць ім дапамогу.

У Мінску тэрыторыі КОТГСаў звычайна супадаюць з тэрыторыямі ЖЭСаў. Гэта не вельмі ўдала і на гэта можна паўплываць. Зараз выбары ў КОТГСы прывязаныя да выбараў у мясцовыя Саветы. Апошнія прайшлі ў лютым 2018-га (наступныя – восенню 2021-га), то-бок, па пратаколах, дзесьці ў лютым-сакавіку 2018-га былі створаныя і КОТГСы. Рашэнне аб тэрытарыяльным дзяленні прымаецца асобна, верагодна, яно будзе адным з першых у новых дэпутатаў.

“Калі ў вас ёсць нейкія пажаданні, то напярэдадні выбараў новага Савета вы павінны падаваць свае прашэнні аб пераглядзе межаў. Каб вам не сказалі, што вы ўсё прапусцілі. Гэта можна ўжо зараз пачаць прапрацоўваць”.

 

Лайфхакі па сувязі з дэпутатам

Калі вашага дэпутата цяжка знайсці і лёгка згубіць, майце на ўвазе, што два разы на месяц ён/яна павінны праводзіць сустрэчы з грамадзянамі. Калі не – пішыце Раману Ніканаву.

Яшчэ адзін важны момант – гадавая справаздача. У студзені 2021 года дэпутат павінен даць справаздачу аб сваёй працы. Гэта абавязкова павінна быць масавае мерапрыемства – і па тэлефону тут не адкажаш. Пад яго даецца зала. І, калі ёсць жаданне, жыхары КОТГСа могуць сумясціць справаздачу і мясцовы сход.

У снежні КОТГС дае раённай адміністрацыі план мерапрыемстваў на наступны год. Зараз гэта курыруе аддзел ідэалагічнай працы. Планы КОТГСаў па мерапрыемствах – гэта звычайна суботнікі, святкаванне Дня Перамогі і іншае.

Але ж не абавязкова быць членам КОТГСа, каб папрасіць нешта ўключыць у гэты план. Вы можаце зараз даць свае прапановы. Тэарэтычна ідэолагі нічога не могуць сказаць – яны павінны зацвердзіць мерапрыемствы ў сябе, бо дзейнічае паведамляльны прынцып.

Магчыма, калі старшыня КОТГСа добры, у вас атрымаецца ўжо зараз правесці па-за планавыя мерапрыемствы і легалізаваць сваю дзейнасць.

 

Пункт пра грошы

КОТГС можна рэгістраваць са стварэннем юрыдычнай асобы і без. Калі КОТГС становіцца юрыдычнай асобай, ён атрымлівае статус некамерцыйнай арганізацыі. Тут ёсць некаторыя цяжкасці: трэба весці справаздачнасць, мець свайго бухгалтара. Але ёсць і бонусы: можна адкрыць рахунак і збіраць грошы праз АРІП. То-бок мець свой бюджэт.

Раённая адміністрацыя таксама вылучае на КОТГС пэўную суму, але яна нязначная. Калі сродкі не будуць асвоеныя, на наступны год стануць яшчэ менш.

Яшчэ адзін варыянт атрымаць грошы – выйграць у аглядзе-конкурсе, які штогод праводзіцца сярод КОТГСаў сталіцы. Кожны раён падае заяўкі, і дэпутаты ездзяць па КОТГСах і абіраюць. Лепшы з іх атрымлівае невялікае фінансаванне. Яно даволі прыемнае: 50% можна патраціць на прэміраванне самых актыўных членаў КОТГСа і 50% на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Нагадаем, што наступныя выбары – у мясцовыя Саветы восенню 2021-га. І калі нехта бачыць сабе у ролі дэпутата, выбары у КОТГС – гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з людзьмі сваёй акругі, уцягнуць іх у актыўнасці і стаць іх легальным прадстаўніком спярша на ўзроўні самакіравання.

З боку ініцыятывы можна разлічваць на падтрымку і кансультацыі на любым з этапаў. Плануецца, што для зацікаўленых ініцыятыўных груп будуць праводзіцца трэнінгі. За ўсімі навінамі можна сачыць у Telegram-канале.

Самой ініцыятыве па КОТГСам таксама патрэбна валанцёрская дапамога. Ім можна пісаць/тэлефанаваць, калі ёсць жаданне дапамагчы з PR, кол-цэнтрам, развіццём сайту і іншымі пытаннямі.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость