26.01.2021 / 10:01

З грамадскімі абмеркаванням у Беларусі было не вельмі добра і да 2020 года – іх, як кажуць, цяжка знайсці і лёгка згубіць.

На пачатку пандэмі  грамадскае аб'яднанне "Экадом" разам з Міжнародным грамадскім аб'яднаннем эколагаў прапанавалі ўладам адкласці грамадскія абмеркавання праектаў. Яны перажывалі і за небяспеку для здароўя і за “якасць” абмеркаванняў: калі прыходзіць мала людзей, лягчэй зацвердзіць спорныя рашэнні.

З Мінгарвыканкаму тады на зварот адказалі вельмі расплыўчата, быццам бы на той момант ніякіх абмеркаванняў не праводзілася, таму і адкладваць няма чаго. На працягу мінулага года мы бачылі, як улада некалькі разоў мяняла сваё меркаванне пра каранавірус, таму мы вырашылі крыху вярнуцца і паглядзець, як ўсё ж (не)праходзілі грамадскія абмеркаванні летась.

Для гэтага мы прааналізавалі каля сотні аб’яў і пратаколаў па грамадскіх абмеркаваннях, якія знайшлі на сайтах дзяржаўных устаноў.

У цэлым сітуацыя не дужа адрозніваецца ад мінулых гадоў. Амаль палова грамадскіх абмеркаванняў прайшла без грамадзян: ні сходаў, ні прапаноў. Тут стаіць вечнае пытанне паміж актывістамі і ўладамі: або ў нас сістэма абмеркаванняў не дужа добра працуе і ў людзей не атрымліваецца адсочваць навіны выканкамаў, або беларусам сапраўды былі нецікавы гэтыя дакументы і планы.

Да гэтай паловы можна дадаць яшчэ адно абмеркаванне аб рэканструкцыі аўтамабільнай мыйкі на аўтазаправачнай станцыі. Толькі з агаворкай: арганізатары першапачаткова напісалі, што не збіраюцца праводзіць сход з-за небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыі, таму далі магчымасць толькі дасылаць прапановы. Але ніхто з грамадзян гэтай магчымасцю не скарыстаўся. Варта ўвагі, што сход з-за каранавірусу вырашылі не праводзіць, а вось прэзентацыю праекта можна была паглядзець толькі афлайн – у вестыбюлі адміністрацыі. Калі клапаціцца пра здароўе, то было б добра клапаціцца да канца – і праект запампаваць на сайт, каб было зручней паглядзець, не выходзячы з дому. 

У траціне з абвестак мы не знайшлі інфармацыю аб тым, ці быў у выніку праведзены сход. Увогуле раздзел грамадскіх абмеркаванняў на некаторых сайтах нагадвае сметніцу дакументаў: туды накідалі ўсё агулам, што датычыцца тэмы. І зразумела, што ў такім бардаку знайсці тую самую аб’яву або пратакол няпроста.

У гэтым плане вельмі добра вылучаецца Гродзенскі гарвыканкам – там стварылі спіс грамадскіх абмеркаванняў, і, калі на яго клікнуць, пад кожным разварочваюцца ўсе дакументы, якія да яго маюць адносіны: пратаколы, справаздачы, планы. Вельмі зручна для карыстальніка, які хоча ўбачыць дадатковую інфармацыю пра праект і вызначыць, на якім ён этапе.

Традыцыйна большасць праектаў, плакатаў і планаў вывешваліся ў холе выканкамаў ці іншых дзяржаўных устаноў. Але ж прыемна, што хаця б з некаторымі з іх можна было азнаёміцца па спасылках, не выходзячы з дому.

Дарэчы, да дзесяці грамадскіх абмеркаванняў, якія мы знайшлі, паступалі прапановы ад грамадзян у электронным і пісьмовым выглядзе. У большасці з гэтых выпадкаў праекты былі адпраўлены на дапрацоўку. Такім чынам можна сказаць, што пэўнае абмеркаванне адбылося, хоць сход і не быў арганізаваны (па пратаколе ніхто аб сходзе не прасіў).

У кабінетах было праведзена шэсць класічных сходаў для абмеркавання праектаў. Адзін нават без ініцыятара, які яго запрасіў. Але па пратаколе ўсе прадстаўнікі прыйшлі і зачыталі свае даклады ў пустату, то бок дэ-юрэ абмеркаванні адбыліся.

З цікавага і каранціннага – сход па абмеркаванню плана кіравання Цэнтральным батанічным садам. Тут як бы сам аб’ект абмеркавання –  гэта выдатнае месца для сустрэчы, таму сход адбываўся ў ботсаду на адкрытай пляцоўцы.

Адзінае грамадскае абмеркаванне, якое было афіцыйна адменена ў сувязі з пандэміяй, – павінна было адбыцца ў кастрычніку-лістападзе ў Фрунзенскім раёне Мінска. Пытанне з будаўніцтвам шматкватэрнага жылога дому адклалі і пакуль што зноў не падымалі, мяркуючы па дадзеных сайта адміністрацыі.

У выніку з сотні грамадскіх абмеркаванняў мы маем:

адно адмененае;

адно абмежаванае (нельга сход, можна дасылаць прапановы);

адно на адкрытай пляцоўцы.

Гэта вельмі мала, каб сказаць, што ўлады неяк паклапаціліся пра здароўе беларусаў і адначасова пра ўсеагульны доступ да грамадскіх абмеркаванняў.

Дарэчы, Мінпрыроды выказвала сваю думку на гэты конт. Як напісана на сайце ведамства, да іх паступалі пытанні аб правядзенні сходаў па відэаканферэнцыі. Але ж міністэрства лічыць, што “дадзены фармат абмяжоўвае права на ўдзел грамадзян, якія не маюць тэхнічных і іншых умоў, навыкі для падключэння да відэаканферэнцыі, і супярэчыць нормам заканадаўства”. Таму рэкамендуе праводзіць усё як звычайна, але ж прыслухацца да санітарна-эпідэміялагічнай службы Мінздароўя.

Цікава, што пры гэтым на сайце ведамства расказваецца пра заяву аб прымяненні Орхурскай канвенцыі падчас пандэміі, якую зрабіў Камітэт па выкананні Канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя. На думку камітэта, нават падчас крызісу права на ўдзел нельга ўразаць. Калі немагчыма выкарыстоўваць традыцыйныя сродкі для доступу да інфармацыі, то можна звярнуцца да альтэрнатыўных сродкаў, якія не супярэчаць патрабаванням канвенцыі.

Падаецца, што, нягледзячы на запыт з боку грамадзян, дзяржаўныя ўстановы нават не паспрабавалі перайсці ў анлайн. Ці абмяжоўвае камп’ютар правы грамадзян – пытанне філасофскае. Прыйсці на сход у адміністрацыю раёна падчас разгару пандэміі, калі штодзень па афіцыйнай статыстыкі 1000+ новых хворых, падаецца больш складаным квэстам, чым падлучыцца да відэаканферэнцыі, што магчыма нават праз смартфон. Калі Мінпрыроды ведала, што такія запыты ад грамадзян паступалі, можна было хаця б паспрабаваць. Усё ж такі ІТ-краіна.

Автор:
Фотограф:
Pexels.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость