Аўтарка гэтага тэксту ўпершыню пра чарнобыльскую аварыю даведалася ў школе. Памятаю, аповед настаўніка мяне так уразіў і застрашыў, што вечарам я не магла адчапіцца ад мамы, роспытваючы пра тое, дзе яна была ў той дзень, што памятае, як у цэлым усё адбывалася? "У той дзень, 26 красавіка, стаяла неверагодная спякота. Разам з Альгердам (старэйшым братам, якому на той час было ўсяго чатыры гады) прайшліся ў паліклініку закрыць бальнічны. Затым паехалі ва ўнівермаг “Беларусь” набылі пакістанскія курткі. Ужо дома нас “злавіў” трывожны званок ад таты. Ён сказаў, каб мы тэрмінова прынялі душ і пазакрывалі шчыльна вокны. “Але ж спякота форткі закрываць, ды й у душ раніцай хадзіла”, — здзіўлялася я. Аднак тата адказаў, што па радыё палякі перадаюць рэкамендацыі “сваім”: завесіць мокрай тканінай вокны і дзверы, прымаць ёдавыя сродкі, не выходзіць на вуліцу без лішняй неабходнасці і прымаць душ. “Кажуць, што нешта ў нас адбылося”, — адрэзаў ён”, — распавядала мама. У нас жа пра гэта маўчалі, вельмі доўга маўчалі, ніхто нічога не аб'яўляў і не папярэджваў, дадала яна. Вось так уласна ў маё жыццё прыйшоў Чарнобыль… Праўда асэнсаванне жудасных наступстваў, здарылася нашмат пазней.
Зялёны партал распытаў розных людзей пра тое, што яны памятаюць пра аварыю ночы 26 красавіка 1986 года і яе наступствы?
Дзяніс Блішч, рэдактар, журналіст, блогер, медыяэксперт:
"У год чарнобыльскай трагедыі мне было ўсяго чатыры, вядома, самаго дня я не памятаю. Аднак успаміны засталіся пра пастаянныя размовы дарослых пра гэту трагедыю. Вядома, інфармацыі было мала, таму разважалі на аснове нейкіх чутак. Памятаю, бабуля мая ўвогуле нейкі час думала быццам бы «Чарнобыль – гэта недзе за мяжой».
Пра наступствы катастрофы казалі часта і праз нейкі час. У нас былі сваякі ў Петрыкаўскім раёне, і калі мы ехалі да іх у госці, бацька заўсёды браў дазіметр і замяраў узровень забруджвання ягад і грыбоў, рыбы, мяса. Фон, праўда, часцей асабліва не быў падвышаным.
Напэўна, больш удумліва пра праблему наступстваў я задумаўся пасля кнігі «Чарнобыльская малітва» Аляксіевіч, дзесьці на другім курсе ўніверсітэта. Моцная рэч, вядома і я рэкамендую ўсялякаму чалавеку з ёй пазнаёміцца.
У 2004 годзе я пабываў у Чарнобылі і Прыпяці ў саставе прэс-тура, праз нейкалькі год — на буларускай частцы тэрыторый адчужэння. І мне падаецца, усведамленне татальнай катастрофы прыходзіць менавіта там, калі бачыш гэты закінутыя вёскі, зарослыя лясамі дарогі, асновы будынкаў".
Ірына Белая, біёлаг, эколаг, кіраўніца праекту “Зялёны дазор”:
"Чарнобыльскія падзеі прыйшлі да мяне пасля сканчэння ўніверсітэта, калі я працавала ў Інстытудзе ядзернай энергетыкі. Мне распавядалі, што адбывалася тут, як зашкальвалі іх прыборы, і людзі не разумелі, што рабіць.
У сам жа дзень катастрофы, я была студэнткай першага курса. І нам нічога не казалі, ніякай інфармацыі. Толькі мая мама, працуючы ў санстанцыі, казала, каб меней хадзілі па вуліцы. Аднак мы, як студэнты біяфака, павінны былі адпрацаваць у вучгасе ад ВНУ, і гэта якраз прыпала на канец красавіка. Затым традыцыйна усім універсітэтам нас «выгналі» на Першамай.
Разуменне таго, якой рызыцы нас падвяргалі, прыйшло пазней. Працуючы ў Інстытуце траўматалогіі, мне пашчасціла сустрэць прафесара з Галандыі, які якраз і распавёў пра наступствы, да якіх прывядзе Чарнобыль. Ён казаў пра ўсплеск захворванняў на рак шчытападобнай залозы, на павелічэнне сардэчна-сасудзістых хвароб.
Аднак у большасці сваёй інфармацыя такога кшталту ўспрымалася як буржуазная прапаганда і страшылкі. Хаця я, як біёлаг, задумалася і пачала цікавіцца якім чынам іанізуючыя вылучэнні ўплываюць на арганізмы. І вы ж зразумеёце, тады не было інтэрнэта, інфармацыя была не такой даступнай, яе неабходна было вычляняць з кніг, навуковых прац. Таму наша пакаленне не ўспрымала ўсур'ёз праблему.
У Інстытуце ядзернай энергетыкі мне давялося сваімі рукамі мацаць крыніцы іанізуючых вылучэнняў. Тут жа былі распрацаваны схема радыяцыйнай бяспекі, інструкцыі… І прыблізна ў гэты ж час, будучы членам грамадскага аб'яднання «Next Stop – New Life», разам з Уладзімірам Коўзелявым ездзілі ў адселеныя вёскі, бачылі як капалі катлаваны, скідвалі ў іх дамы.
І вось у той момант прыйшоў страх, страх таго, што змяніць ужо нельга".
Кацярына Самахвалава:
"Быў цудоўны сонечны дзень, мне было 12 год. Я прыйшла са школы і патэлефанавала мама са свайго сакрэтнага Інстытута ядзернай энергетыкі і трывожным голасам кажа:”Ззакрыць усе вокны, з дому нікуды не хадзіць і нікому нічога не казаць”.
А ў той жа час мы ўсе чакалі Трэцюю сусветную і з асцярогай глядзелі за акно. Аднак вечарам мама ўжо расказала, што выбухнула Чарнобыльская АЭС, патлумачыла што гэта такое, пра асадкі, ягадкі і грыбочкі. Афіцына нідзе нічога не казалі, наколькі я памятаю, гэта быў сакрэтны сакрэт".
Галіна Канстанцінаўна Самахвалава, працавала перакладчыцай Інстытута ядзернай энергетыкі:
"З самай раніцы ў Інстытуце ядзернай энергетыкі, у тэрміновым парадку сказалі закрыць усе фортачкі. Мы разумелі, што штосьці адбылося не тое. Спачатку думалі, што аварыя здарылася на ўласна рэактары, што знаходзіцца тут, у інстытуце. Аднак прайшла гадзіна-другая-трэція і сталі думаць, што відаць бахнула Ігналіна. Толькі к канцу дня стала зразумела, што гэта Чарнобыльская АЭС.
Перад тым, як адпусціць работнікаў інстытута дадому, яны усе прайшлі дэзактывацыю. Але ўсе наступныя дні ўсё было абсалютна ціха. Толькі па ўнутраняму кам'юніці папазлі такія размовы, каб папярэджвалі родных і блізкіх, каб не выпускалі дзяцей на вуліцу і не набывалі прадукты з латка. Памятаю, што папярэджвала маладых мам, каб забіралі дзяцей з пясочніцы, але ж хто мяне тады слухаў… Пасля з'явілася думка, што трэба набыць нейкія лекі, каб «забіць» шчытападобную залозу. Не ведаю ці дапамагло, але мы пілі лекі.
Але прызнаюся, нягледзячы нават на маю праінфармаванасць, літаральна на наступны дзень я паехала з 8-гадовым сваяком на Мінскае мора. Мне ўся гэта радыяцыя падавалася казкай, страха зусім не было.
Нейкае ўсведамленне здарылася, калі праз год пяць пасля аварыі я была ў якасці сястры міласэрнасці ў цэнтры для дзяцей хворых на пухліны. Я бычыла дзяцей, што паміраюць, змучаных бацькоў. Але, папраўдзе, мяне больш закранала тое, як мамкі накідваліся на гуманітарную дапамогу з Германіі і Велікабрытаніі, забываючы пра сваіх хворых дзетак, толькі каб нахапаць і перадаць на вёску. Мяне гэта вельмі ўражвала".
Ілля Чарапко-Самахвалаў, актор, музыка:
"Мне было 8 і я нічога ў гэтым не разумеў. Бацькі штосьці казалі, так было такое. Пасля праз нейкі час над Салігорскам з'явіліся верталёты, штук дзесяць. Людзі казалі, воблака садзяць. А я прыйшоў дадому і плакаў: “Навошта мне гэта самае воблака?"
Анастасія Дарафеева, старшыня Беларускай партыі “Зялёныя”:
"Летам 1986 года ўся мая сям'я пераехала з Варонежа, дзе навучаўся мой бацька, у Мазыр. І на той час ужо былі некаторыя звесткі пра здарэнне. Памятаю, бабуля казала пра тое, што недалёка ад горада Чарнобыль быў вялікі агонь і загінула шмат людзей. Але мне падаецца, што ніхто не асацыяваў тады гэтыя словы з аварыяй на АЭС. Бо калі б мае бацькі ведалі, не думаю, што яны пераехалі б у Мазыр з двумя маленькі дзецьмі.
Паступова інфармацыя пачала з'яўляцца, але была яна з размоў старэйшых людзей. Яшчэ былі некаторыя прадукты, напрыклад, смятана і малако, толькі для дарослых.
Больш відавочнай сітуацыя стала, калі ў адзін год было некалькі пахаванняў дзяцей малодшага ўзросту, хворых на рак. Аднак і тут здарылася, што рак стаў успрымацца як норма.
У школе нам казалі пра Чарнобыль, але не як пра падзею, якая тычыцца кожнага, а як пра здарэнне якое адбылося і ўсё. Вядома, што зразумець усю рэальную карціну атрымалася ў больш старэйшым узросце, калі ўся інфармацыя і звесткі, веды пра радыяцыю сталі складвацца ў адну карціну — разуменне таго, што там дзе ты жывеш забруджана і гэта назаўсёды. Асабліва шакавала, што знешне ўсё выглядае прыгожа і натуральна, а на самой справе наваколле нясе небяспеку.
Яшчэ памятаю, што нам рабілі дадатковыя медычныя агляды, на спецыяльным апараце, што дазваляе вымярыць узровень радыяцыі ў арганізме. У многіх дзяцей вынайшлі праблемы са страўнікава-кішэчнымі шляхамі. Бацькам тлумачылі, што гэта цэзіевы эфект. З часам агляды перасталі праводзіць, а Чарнобыль стаў звыклым фактам. На яго сталі спасылацца дактары, калі выяўляліся нейкія праблемы. Зараз жа пра гэта пераважна маўчаць, не звязваючы з аварыяй праблемы, напрыкад, з рэпрадукцыйнай сістэмай.
З часам страх стаў праходзіць, бо не магчыма пастаянна жыць з ім. Людзі сталі паціху выбірацца ў лясы па грыбы і ягады… Аднак, магу сказаць, што ўсё ж узровень трывожнасці наконт Чарнобыля тады быў большы, чым сёння. Праблема выпада з поля ўвагі людзей, на жаль. На гэта паўплывала і дзяржаўная палітыка, бо людзі не ведаюць, што рабіць з праблемай і проста забываюцца на яе".
Ірына Сухій, сябра Рады грамадскага аб’яданання “Экадом”:
"У той час я была “хіпі, панкі, бранявік” і думаць пра Чарнобыль не думала. Працавала я тады ў Фотаклубе і мы вельмі радаваліся, што на паліцах крамаў стала з'яўляцца смачнае ружовае малдаўскае віно па 95 капеек. Гэта была вельмі прывабная прапанова для маладых і небагатых людзей. Мы яшчэ тады жартавалі, што дакладна радыяцыю выводзіць.
Накрываць мяне стала, калі я зацяжарыла. У 1989 годзе пра аварыю ўжо было шмат чаго вядома, існавалі мапы забруджвання тэрыторый і г.д. І мне падавалася, што ўсе вакол падманваюць, а прадукты на паліцах крамаў з чарнобыльскай зоны. Вось тады спраўды стала страшна".
Таццяна Новікава, Каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі:
"Мне было 18 год і я сканчала першы курс. У той год нас усіх прымусова пагналі на Першамай… Таму я была сярод тых людзей, што маршыравалі пад воблакам. І гэта пры тым, што мой тата быў кіраўніком прадпрыемства і адказваў за грамадзянскую абарону. Я пыталася ў яго, маўляў, што рабіць. На што пачула ад яго адказ: “У прынцыпе та сказалі, што нічога страшнага няма. Але доўга не будзь”.
Хоць я і збегла раней… Але тыя праблемы, якія ў мяне ёсць сёння са здароўем, я звязваю менавіта з тымі падзеямі.
Асабліва з улікам, што далей было весялей. Як вядома, у тыя часы ўсе студэнты павінны былі ездзіць на бульбу. Я была гарадской дзяўчынкай, мне на бульбе станавілася блага, мой арганізм не быў прыстасаваны да збору карняплодаў. За гэта мяне вельмі не любілі вясковыя дзяўчаты з групы, лічылі мяне пестай, што завальвае ім план.
Таму я задумалася пра альтэрнатыву сельскагаспадарчым работам. І я выбрала быць выхавацелькай у піянерскім летніку.
Аднак раптам усіх студэнтаў паслалі на бульбу, нават тых, хто адпрацаваў летам. Са сваёй каляжанкай я знайшла толькі адно выйсце — зрабіць праз яе бацьку псіхіятара даведку пра тое, што мы не падыходзім для такіх работ. Гэтыя даведкі мы аддалі ў дэканат і не паехалі на бульбу. Як пасля высвятлілася, людзей паслалі на зборы ў Магілёўскую вобласць. І працы яны выконвалі ў рэспіратарах, гумовых ботах і доўгіх, па плячо, гумовых пальчатках. Ні ў кога з іх не ўзнікла пытанне “Чаму?”, яны баяліся падвесці куратара. Такое маўчанне ягнят атрымалася.
Візуалізацыя праблемы ў мяне здарылася, калі я працавала ў Акадэміі Навук. Наш аддзел займаўся матэматычным забеспячэннем картаграфавання. І ў гэтай працы мы ўзаемадзейнічалі з эколагамі, якія паказалі падрабязныя карты забруджвання тэрыторый Беларусі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай станцыі. Мне захацелася расказаць пра гэта іншым людзям, каб яны таксама ведалі. Тым больш з 1990-х пра трагедыю сталі казаць, рассакрэчваць дакументы. Аднак на пачатку 2000-х хваля галоснасці стала спадаць, навукоўцам, што працавалі з гэтай праблемай, забаранялася звязваць вынікі даследаванняў з Чарнобылям.
Гэта ж тычыцца і адмаўляння рэальнай колькасці ахвяр аварыі. Такім чынам улада намагалася ўтрымацца на месцы. І так адбываецца не толькі ў Беларусі, так робіцца ва ўсім свеце: замоўчванне наступстваў аберагае ад прэтэнзій. Наступстваў няма — прэтэнзій няма! Бо скажы пра ахвяр і пацярпелых, з уладаў спытаюць, а што рабілі яны?"