Сёння Сяргей жыве ў закрытым аддзяленні аднаго з мінскіх інтэрнатаў, а перамяшчэнне яго абмежавана вазком. І пры ўсім гэтым ён чалавек, які не страціў аптымізму ў жыцці. А галоўнае, што і героем сябе не лічыць.
Кожны выхад за сцены інтэрната для Сяргея сапраўдная падзея. Ён усміхаецца, азіраецца па баках і бы пачынае дыхаць глыбей, захапляцца наваколлем. Колькі ён знаходзіцца ва ўстанове, сам прызнаецца, што даўно перастаў лічыць.
Пра сваё жыццё Сяргей расказвае проста: нарадзіўся і вырас у Мінску. Пасля сканчэння школы адразу ж сеў за стрыно. Працаваў аўтаслесарам, таксістам, адкрыўшы катэгорыю стаў дальнабойшчыкам-міжнароднікам, што дазволіла аб'ездзіць не толькі паўсаюзу, але і паглядзець на добрую частку еўрапейскіх краін.
У 1986 годзе, калі выбухнуў Чарнобыль, Сяргей пачаў вазіць гуманітарную дапамогу для пацярпелых ва Украіну. У 1987 годзе быў прызваны на ліквідацыю наступстваў на беларускіх тэрыторыях. На той момант яму не было яшчэ і 30 год.
Сяргей не быў ваеннаабавязаным, такіх як ён называлі "партызанамі"
Тады ўсіх прызывалі, з аўтамабілямі і пешых, праз ваенкаматы, прызнаецца ён. Так Сяргей пяць з паловай месяцаў, з вясны па восень, адбыў у Магілёўскай вобласці ў зоне забруджаных вёсак Чэрыкаўскага раёна, адкуль адсялілі людзей.
"Я не быў ваеннаабавязаным, але пагадзіўся і паехаў ад працы з аўтамабілем. Трэба ж было дапамагаць людзям. І не, героем я сябе не лічу. Гэта проста чалавечае стаўленне", — кажа ён.
У задачу ліквідатараў уваходзіла зачыстка, дэзактывацыя тэрыторый і знос населеных пунктаў.
"Уласна я быў кіроўцам: вазіў людзей, вазіў, калі раскідвалі пабудовы, матэрыялы. Забруджаныя дамы разбіралі, звозілі ў магільнік, перасыпалі растворам, кшталту вапнавага, накрывалі плёнкай, затым зноў растворам і закопвалі. На гэтым месцы ставілі слупкі, маўляў, тут такая справа", — апісвае працэс ліквідатар.
Пра небяспеку ліквідатарам казалі, сцвярджае Сяргей, ды й самі людзі выдатна разумелі, што гэта радыяцыя пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
"Страху ніякага не было. Адкуль, калі туды ішлі салдаты. А я такі ж чалавек, як і ўсе астатнія. Таксама мужчына. Толькі і ўсяго", — разважае ён.
Ступень арганізацыі ўсіх працэсаў была высокая, пад кіраўніцтвам ваенных. Як прыгадвае Сяргей, жылі яны ў палатках, з драўлянай падлогай, буржуйкай, ложкамі — адным словам былі цалкам забяспечаны харчаваннем і жыллём.
Кожны праходзіў інструктаж. У якасці сродкаў абароны выдаваліся процігаз. Гумовыя касцюмы прызначаліся для "разведчыкаў", што абследавалі зоны павышанай радыяцыі.
Па вяртанні дадому найбольш за ўсё хацелася пабачыць сям'ю: "Ляцеў, бы на крылах", — кажа ён. Затым пачаліся камісіі, абследаванні і аздараўленне ў санаторыі раз на год. Як ліквідатару Сяргею быў прызначаны сухі паёк, які ён мог атрымаць прадуктамі ў краме адзін раз у месяц.
"Праз гады 2-3 пачалі адчувацца праблемы са здароўем. У той час я працаваў міжгароднім кіроўцам і вельмі моцна замёрз на Урале. І вось адтуль я прыехаў з адчуваннем, што ногі не хочуць мяне слухацца. Стаў класціся ў Аксакаўшчыну. Ды там усе былі: і ліквідатары, і пацярпелыя з усіх раёнаў. Ездзіў на Поўдзень. Але ногі падвярнуліся пад мяне… Гэта зараз нашмат лепей стала, я іх размяў", — дзеліцца Сяргей.
Пра культуру памяці: "Жыццё працягваецца"
Ні з кім са сваіх паплечнікаў Сяргей не кантактуе, кажа: "Даўно гэта ўсё было". Не наведвае яго ў інтэрнаце і сям'я. Але на гэты конт ён стараецца не смуткаваць, маўляў, у іх сваё жыццё і турботы, у мяне сваё.
Ды й наконт таго, ці памятаюць людзі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС, Сяргей разводзіць рукамі: "Не ведаю, як у людзей… Я проста ведаю, памятаю гэта. Са мной здарылася. Я пайшоў дабраахвотна. Я такі ж як і ўсе чалавек. Я хачу жыць. І калі людзям было горш, чым мне, чаму я павінны быў хавацца за спінамі іншых?"
Паўтарыся чарнобыльская гісторыя сёння — Сяргей без ваганняў пайшоў бы рабіць усё залежнае ад яго. І нягледзячы на свой досвед і праблемы са здароўем, ён не стамляецца казаць, што жыццё працягваецца — ён жывы.
Аўтарка відэа — Ксенія Галубовіч
Замест пасляслоўя
Ёсць у Сяргея звычайная чалавечая мара — прыехаць дадому, дзе ён жыў, і пабачыць сваю сям'ю, хаця б на нейкі час — дачку, унучку.
Таксама быў бы не супраць выбрацца на жывы футбольны матч: не хапае гэтага ў інтэрнаце, хоць ёсць у іх тэлевізар. Але па ім найчасцей глядзяць серыялы і кіно. А вось пабыць на стадыёне з заўзятарамі, чаго ніколі яшчэ не было ў жыцці Сяргея, — рэч іншая.