Гэта ўжо здарылася – у дылеме «нацбяспека ці гуманізм» краіны Балтыі абралі нацбяспеку. Можна доўга дыскутаваць, наколькі супрацьпяхотныя міны рэальна дапамогуць абараніцца ад расійскага нападу, але рэальнасць цяпер вось такая.
Палітыкі вырашылі, што мінам быць, але не тлумачаць, ні калі менавіта іх пачнуць размяшчаць, ні як будуць забяспечваць бяспеку мясцовага насельніцтва.
Нагадаю, больш за 70 % людзей, якія церпяць ад супрацьпяхотных мін – гэта не варожыя вайскоўцы, а свае ж мірныя жыхары. І добра было б ужо цяпер рабіць фокус на тым, што менавіта дзяржавы будуць прыдумваць, каб зменшыць гэтую лічбу.
Але не. У адказ на канкрэтныя пытанні пра бяспеку мясцовых – няўцямныя апраўданні, што раз з Атаўскай канвенцыі выходзяць усе вакол, нашая канкрэтная краіна не магла б адна застацца без супрацьпяхотных мін.
Ці такія ж няўцямныя разважанні аб тым, што пакуль што ніякіх мін не будзе, а з’явяцца яны тады, калі ў гэтым будзе неабходнасць. Хто і як будзе вызначаць крытэрыі гэтай неабходнасці, невядома. Хіба што вайсковае кіраўніцтва, але гэта недакладна.
Прапаную пакуль што ігнараваць латвійскую логіку «мы першыя выйшлі з канвенцыі, бо не маглі ж мы застацца ў ёй апошнімі ў рэгіёне». І вярнуцца да першапачатковага пытання: што збіраюцца рабіць краіны Балтыі, каб знізіць небяспеку супрацьпяхотных мін для мясцовага насельніцтва?
Той факт, што палітыкі ўпарта «саскокваюць» і змяняюць тэму, падштурхоўвае мяне да думкі, што пра гэта яны і не задумваліся. Цікава, што пры гэтым яны самі прызнаюць, што расійская пагроза не можа і не мусіць быць апраўданнем, каб ігнараваць міжнароднае права ці адмаўляцца ад ўзятых на сябе абавязацельстваў.
То-бок ёсць усё ж нейкае разуменне таго, што нельга любое рашэнне абгрунтоўваць проста тым, што ў нас тут Расія побач. Але ці шукаюць адказныя людзі іншыя абгрунтаванні?
Ці могуць яны сказаць, што выхад з Атаўскай канвенцыі не стане катастрофай, бо калі краіны Балтыі вырашаць размяшчаць супрацьпяхотныя міны, яны будуць ужываць гэтыя і гэтыя новыя метады, што зменшыць небяспеку для мясцовага насельніцтва? Вельмі хацелася б гэта пачуць, але пакуль што не атрымліваецца.
Што зробяць, каб веснавыя падтапленні літаральна не перанеслі мінныя палі ў іншыя месцы? Што гэта будуць за міны ўвогуле? Ці будуць яны рэагаваць на дзяцей, ці толькі на дарослых?
Якіх дзікіх жывёл яны будуць разрываць на часткі, а якіх – не? Ці будзе пагроза чырвонакніжнікам, і калі так, як яе зменшыць? Я не бачу не тое што адказаў на гэтыя пытанні. Я нават грамадскай дыскусіі пра гэта не бачу.
Вельмі лёгка ўсё спрасціць да формулы «альбо ты адназначна падтрымліваеш нашыя рашэнні, альбо ты за Расію», але свет працуе трошкі складаней.
Задаваць пытанні, весці дыскусіі, распрацоўваць стратэгіі змяншэння шкоды, патрабаваць адказаў ад палітыкаў – нармальна. Толькі так мы можам балансаваць у сапраўды цяжкай сітуацыі, у якой мы апынуліся.
Але ці будуць адказы? Альбо так і будуць палітыкі гуляць у пінг-понг, перакідваць адказнасць адно на аднаго, і калі дойдзе да рашэння ствараць мінныя палі, у нас па-ранейшаму не будзе прадумана ўвогуле нічога? І палітыкі зноў будуць казаць, як ім шкада, што трэба абіраць паміж нацбяспекай і гуманнасцю?
Сюрпрыз: у XXI стагоддзі можна не проста абіраць, а працаваць над тым, каб абарона нацбяспекі суправаджалася клопатам пра мясцовае насельніцтва. Бо сутнасць абароны ад ворага не толькі ў тым, каб дзяржаўная мяжа тэхнічна засталася на старым месцы, але і ў тым, каб у краіне можна было працягваць жыць.