26.06.2017 / 11:06

Больш за два месяцы трывала змаганне мазырчукоў супраць намераў улады здаць у арэнду 91 кіламетр ракі Прыпяць і больш за 300 гектараў поймавых азёраў. 

Вынікам стала ініцыятыва профільнага дзяржаўнага ведамства – Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання – увогуле адмовіцца ў Беларусі ад арэнды рэк і каналаў

Але мазырская грамадскасць не пакідае раку без клопату: 24 чэрвеня на беразе Прыпяці прайшла чарговая прыборка смецця, што накапілася там за часы кантролю за ракой арандатараў ды дзяржаўных органаў. Акцыя адбывалася ў межах міжнароднай кампаніі «Зробім». На адлегласці берагавой лініі ў 3 кіламетры сабралі больш за 12 кубаметраў рознага смецця, якое накіравалі на перапрацоўку. 

Варта адзначыць, што літаральна напярэдадні акцыі актывісты атрымалі ліст з пракуратуры Гомельскай вобласці, у якім паведамляецца, што пытанне мэтазгоднасці заключэння дамовы арэнды ракі з Мазырскай арганізацыяй Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў будзе перагледжанае. Звярнуць увагу на тое, што здаваць рэкі ў арэнду не дужа правільна, паводле словаў выканаўцы абавязкаў пракурора Гомельшчыны Аляксандра Драздова, прымусіў значны грамадскі рэзананс у пытанні арэнды. 

Менавіта на грамадскі рэзананс звярталі ўвагу і адказныя асобы Мінсельгасхарчу, калі паведамлялі мазырскім актывістам пра тое, што на разгляд кіраўніка дзяржавы вынесены нарматыўны акт, які ўвогуле скасуе магчымасць арэнды рэк. 

Асноўным натхняльнікам кампаніі супраць арэнды Прыпяці стаў мазырскі прадпрымальнік Дзмітрый Багачоў. Ён адзначыў у каментары Гомельскаму Зялёнаму парталу, што ад самага пачатку быў упэўнены ў тым, што людзі маюць права самі распараджацца прыроднымі багаццямі свайго рэгіёну і змогуць сваё права адстаяць. Таму перамога грамадскай кампаніі супраць арэнды Прыпяці – гэта не выпадковасць, а вынік спланаваных і арганізаваных деянняў шырокай грамадскасці. 

Адным з арганізатараў кампаніі стаў і каардынатар ініцыятывы «Зялёны дазор» па Мазырскім рэгіёне Павел Наздра: 

– Рэкі павінны належаць усяму народу, і нашая кампанія, актыўныя дзеянні жыхароў Мазыра, Калінкавічаў, жыхароў сельскіх населеных пунктаў абодвух раёнаў, а таксама нашых землякоў, якія жывуць у іншых рэгіёнах, паказалі, што людзі могуць дамагчыся выканання свайго права вырашаць лёс такіх значных прыродных аб’ектаў, як рэкі. Зараз з’явілася інфармацыя аб намерах уладаў у Гомелі здаць у арэнду раку Сож. І мы, вобразна кажучы, перадаем гамяльцам эстафету змагання за Сож. Спадзяемся, што ім дапаможа і той прэцэдэнт, які стварылі мы!. 

Автор:
Фотограф:
pixabay.com, svaboda.org, Андрусь Гаёвы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость