26.07.2024 / 10:07

Сена раптоўна стала асноўным ньюсмейкерам Алімпіяды-2024. Улады Францыі патрацілі 1,4 млрд еўра на ачыстку ракі і асабістым прыкладам даказваюць, што плаваць у яе водах бяспечна.

Сена
Сена

Парыж выйграў правядзенне 33-ай Алімпіяды ў 2017 годзе, і адной з «фішак» павінна было стаць уключэнне Сены ў спартыўную інфраструктуру. Для французскіх ўладаў гэта была задача з зорачкай, паколькі трэба было ачысціць «самую брудную раку Еўропы».

З-за інтэнсіўнага суднаходства і экалагічнага стану больш за сто гадоў купанне ў Сене было забаронена. Фекаліі, пестыцыды, нітраты, адходы, якія выліваюцца ў Сену, ператварылі раку ў суцэльны рассаднік бактэрый. У 1970 яна была нават прызнана біялагічна мёртвай: тут не вадзілася ніякай рыбы.

На ачыстку ракі ўлады Францыі патрацілі 1,4 млрд еўра. Грошы пайшлі на падключэнне да гарадской каналізацыйнай сеткі 23 тысяч будынкаў, а таксама дамоў на вадзе.

Акрамя таго, у Парыжы была перапраектавана сістэма ліўневай каналізацыі, і зараз нават пры моцным дажджы сцёкавыя воды не трапляюць у раку.

Сёння французскія палітыкі сцвярджаюць: вада ў Сене стала прыдатнай для купання. Як доказ, 13 ліпеня міністр спорту Францыі праплыла некалькі кругоў паміж мастом Аляксандра ІІІ і Домам Інвалідаў. 17 ліпеня ў раку нырнула граданачальніца Парыжа Ан Ідальга. Не акунуўся толькі прэзідэнт Эмануэль Макрон, хаця абяцаў.

мэр Парыжа паплавала ў Сене. Фота - АР
мэр Парыжа паплавала ў Сене. Фота - АР

Падчас Алімпіяды ў Сене плануецца правесці спаборніцтвы на адкрытай вадзе і плавальную частку турніру па трыятлоне. Больш за тое, падчас цырымоніі адкрыцця тысячы атлетаў і гасцей праплывуць па рацэ насупраць Эйфелевай вежы на плытах, дэкараваных у нацыянальным стылі.

Экалагічны аптымізм уладаў, праўда, не падзяляюць незалежныя эксперты. Яны да гэтага часу знаходзяць у пробах вады фекальныя бактэрыі, кішачную палачку і энтэракокі, якія могуць выклікаць хваробы страўнікавай сістэмы і запаленне слізістых. 

Ці рызыкнулі б вы паплаваць у Сене? З такім пытаннем Зялёны партал звярнуўся да беларускіх турыстаў у Парыжы.

 

Вольга. Купалася ў Сене ў красавіку 2017 года, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам

Вольга Лойка і Алег Ануфрыенка купаюцца ў Сене. Фота - з асабістага архіву гераіні   
Вольга Лойка і Алег Ануфрыенка купаюцца ў Сене. Фота - з асабістага архіву гераіні   

 У нас ёсць традыцыя: мы заўсёды, калі ездзім у Францыю, дзе-небудзь купаемся. Звычайна выязджалі на Ла-Манш, але ў той раз не атрымалася. Мы сталі гугліць, ці можна купацца ў Сене?

Нагуглілі, што купанне ніжэй Парыжа забаронена, вырашылі, што трэба шукаць месца ўверх па цячэнні. І пажадана, каб было такое месца, куды можна з Парыжа на дзень зматацца цягніком.

Першае, што нам прыйшло ў галаву, гэта Труа. Вельмі прывабны гарадок. Там нас сустрэлі гіганцкія плакаты – фотавыстава была прысвечаная стагоддзю мясцовага заплыву. Мы вырашылі, што гэта знак, і нашае купанне варта прысвяціць гэтаму юбілею. Пайшлі глядзець, ці ёсць уваход у раку.

Аказалася, што захаваліся тыя самыя масткі, з якіх сто гадоў таму гэты самы заплыў і стартаваў. Мы ўлезлі ў Сену, акунуліся. Плаваць там, вядома, не вельмі зручна, таму што рака хуткая, вада халодная. Паглядзець на нас сабралася дакладна палова горада. Усе людзі ў куртках, штосьці больш ніхто не рызыкнуў залезці: мы былі адзінымі, хто купаўся.

– Не страшна было што-небудзь падхапіць? Смярдзела вада?

– Абсалютна нармальная рачная вада. Ну зноў жа, была вясна, яшчэ нічога не цвіце, нічога там такога падазронага не плавае. Візуальна Сена была вельмі прывабнай. Гэта была выдатная прыгода.

Вядома, калі б гэта было небяспечна, калі б стаялі нейкія знакі папярэджання, то мы б не рызыкнулі. А так, нават выстава натхняльная: на фота дзяўчаты ў купальніках 100 гадоў таму.

– А цяпер ты б рызыкнула ў Сене ў Парыжы пакупацца? Кажуць, ужо можна.

– Калі адкрыюць раку, то ўвогуле без пытанняў. Галоўнае, каб месца абсталявалі прыдатнае. Таму што ўсё ж там набярэжная, ты ідзеш па краі, і там паўтара метра ўніз і ўжо Сена. Патрэбна магчымасць спусціцца ў ваду і падняцца назад. А ўвогуле ідэя добрая.

Я паважаю мэра Парыжа за тое, што яе таксама гэтая ідэя хвалявала. Спадзяюся, калі гэта лавачка адчыніцца, я буду там у ліку першых, хто пабяжыць купацца.   

 

Фёдар. Гатовы прыняць чэлендж

- Я бачыў Сену толькі ў Парыжы. Жадання купацца не ўзнікала, па-першае з-за ажыўленага суднаходства, па-другое, я заязджаў у Парыж заўсёды з боку Порт-дэ-Майоль, і там вада ў Сене выглядае не надта прывабнай для купання.

Але калі мэр Парыжа рызыкнула, то, думаю, я гатовы прыняць гэты чэлендж і паспрабаваць.

 

Вольга. Лепш пасядзіць на беражку

- Шчыра скажу, што ніколі не было жадання залезці і акунуцца ў Сену. Паплаваць на карабліку, так, паглядзець на Парыж з вады, але каб лезці туды... 

Можна гадзінамі гуляць па набярэжнай Сены, сядзець, звесіўшы ногі з парапета, але ўсе ж такі не купацца.

Тым больш, что рэпутацыя ў Парыжа далека не самая экалагічная, а ў Сены тым больш. Нават зараз, калі ўвесь Парыж палезе купацца, я б не рызыкнула.      

 

Ганка. Прама зараз у Парыжы і рашэнне будзе прымаць на месцы

- У мяне ніколі не было жадання пакупацца ў Сене, мяне пужаюць такія рэкі ў вялікіх гарадах, бо ў іх замала жыцця. Але мусіць тое ўласціваць жыхароў невялікіх гарадоў – не разумець каменныя берагі.

Я чула, што Сену пачысцілі, але праязджаць побач буду толькі ў дзень адкрыцця Алімпіяды – то паглядзім. Раптам захочацца?

 

Ірына. Аддае перавагу фатаграфаваць Сену, а не плаваць там

Закаты над Сенай у Парыжы. Фота- асабісты архіў Ірыны
Закаты над Сенай у Парыжы. Фота- асабісты архіў Ірыны

- Нам перакладчыца расказвала, што да Алімпіяды рэчку чысцяць і нават сам Макрон паабяцаў паплаваць у Сене.

Пасля гэтага быў флэшмоб у сацсетках, калі людзі абяцалі накідаць лайна ў ваду перад прэзідэнцкім заплывам. Такі вось французскі гумар. Але такога, каб людзі купаліся ці загаралі на гарадскіх пляжах, я не бачыла.

Затое закаты на Сене неверагодна прыгожыя. Зладзіць шпацыр уздоўж ракі і здымаць, як сонца адбіваецца ў вадзе – неперадавальна хвалюючы досвед.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость