26.08.2015 / 14:08

Гэты цікавы інвестыцыйны праект ТАА «Аграхімсвятло» стартаваў амаль два гады таму. У мястэчку Ражанка, на пустцы плошчай 2,4 га, у непасрэдным суседстве з вытворчай базай ААТ «Аграхімсэрвіс», пачалася ўстаноўка сонечных калектараў.

Будаўніцтва першай на Гродзеншчыне сонечнай электрастанцыі было разбіта на чатыры пускавыя комплексы, паведамляе «Гродзенская праўда». Цяпер яна запрацавала ў поўную сілу. Гадавая магутнасць аб'екта складае 1 200 000 кВт/г.

— У праект інвеставана 19 мільярдаў рублёў, — гаворыць дырэктар новай электрастанцыі Валерый Вашчыла. — Гэта крэдыты і ўласныя сродкі, акупіцца яны павінны праз 5 гадоў. Вопыт мы набывалі на аналагічным прадпрыемстве ва ўкраінскай Вінніцы, а цяпер і самі гатовы падзяліцца досведам з іншымі.

Размешчаныя ў Ражанцы 4900 сонечных панеляў магутнасцю 230-250 Вт здольныя ў суткі выпрацаваць 8500 кВт/г экалагічна чыстай энергіі, якая «сцякаецца» на трансфарматарную падстанцыю, а далей ідзе яе пераразмеркаванне. Пакупнік сонечнай электраэнергіі — РУП «Гроднаэнерга».

— Сёння мы з вамі сталі сведкамі таго, як самыя сучасныя тэхналогіі прыйшлі на нашу Шчучыншчыну, — адзначыў старшыня райвыканкама Сяргей Ложачнік. Удала выбрана база для гэтага «сонечнага праекта». За «зялёнай энергетыкай», безумоўна, будучае.

Дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта створана 5 новых рабочых месцаў. А ў кіраўніка ТАА «Аграхімсвятло» ў планах ужо пашырэнне плошчаў з сонечнымі калектарамі. Што называецца, энергіі замнога не бывае…

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость