27.08.2019 / 00:08

Жыхары Светлагорску і ваколіцаў у Гомелі судзяцца з заводам беленай цэлюлозы, пабудаваным кітайскімі інвестарамі. Людзі патрабуюць кампенсацыю за шкоду здароўю ад страшнага смуроду і выкідаў хімічных рэчываў у паветра.

Суддзя раённага суду Людміла Сыцько распачала грамадзянскі працэс паводле скаргі экалагічнай актывісткі Тамары Кавальчук – яна патрабуе кампенсаваць шкоду здароўю, выкліканую дзейнасцю заводу беленай цэлюлозы.

Пазоўніца ў працэсе Тамара Кавальчук сцвярджае, што ў яе з’явілася захворванне, звязанае са шкоднымі выкідамі з заводу. Актывістка ацаніла шкоду ўласнаму здароўю на $ 750 тысячаў. Жыхары вёскі Якімава Слабада, побач з якой і пабудавалі завод, адзначаюць, што здароўе пагоршылася шмат у каго.

"Старыя болькі ўсе аднавіліся. Раней зрыў сардэчнага рытму мог адзін раз на год, а цяпер раз на месяц, два ці чатыры – зрыў сардэчнага рытму і ляжу ўвесь час у больніцы", – распавядае супазоўніца ў судовым працэсе Людміла Мартыневіч.

Адказчыкам выступае пекінская кампанія «China CAMC Engineering», якая і будавала завод. Прадстаўнікі адказчыка на паседжанне не з’явіліся і хадайнічалі пра перанос разгляду справы, бо, маўляў, ім не падалі даказальнай базы аб нанясенні шкоды здароўю.

"Я выклікала МНС дадому. Прыехалі, замерылі, сказалі, што пах ёсць, газы невядомага паходжання. Усё. Вось гэта доказ у нас адзін", – тлумачыць Людміла Мартыневіч.

Жыхары Светлагорску і раёну ад выкідаў з заводу пакутуюць ужо два гады – ад пачатку пуска-наладачных работ на прадпрыемстве. Гэтыя выкіды ўтрымліваюць не прадугледжаны праектам смярдзючы і атрутны газ метылмеркаптан.

"Звоняць галоўнаму інжынеру – не можа быць, не смярдзіць, я паеду пагляджу. І кідае слухаўку. Дыспетчар кідае слухаўку, галоўны інжынер кідае слухаўку, абвінавачвае нас што мы ўладу дыскрэдытуем", – кажа жыхар вёскі Якімава Слабада Мікалай Марозаў.

Людзі скардзяцца на галавакружэнне, павышэнне ціску, алергічныя рэакцыі, спазмы страўніка. А дактары толькі запісваюць у картку, што пацыент лічыць хваробу вынікам выкідаў з заводу.

"Медыцына беларуская сёння не гатовая ўвогуле ў прынцыпе аналізаваць гэтую сітуацыю, і якую шкоду за два гады завод нашаму здароўю нанёс мы не можам вымерыць. А як гэта скажацца на нашым здароўі праз тры, пяць, дзесяць гадоў?", – задаецца пытаннем кіраўніца ініцыятыўнай групы для маніторынгу шкодных выкідаў з заводу Алена Маслюкова.

У змаганні супраць шкодных выкідаў актывісты некалькі разоў абышлі ўсе магчымыя інстанцыі.

"Дзе мы толькі ні былі: і ў Мінпрыроды, і ў канцэрне, і ў Мінздароўя – абяцаюць, усе пра нас ведаюць усе нас чуюць, але воз, як кажуць, і цяпер там", – адзначае Мікалай Марозаў.

І ўсё ж кожны свой крок актывісты лічаць крокам у кірунку справядлівасці. Наступнае паседжанне ў справе адбудзецца 30 верасня, а актывісты рыхтуюць яшчэ адзін пазоў супраць заводу – за парушэнне экалагічнага заканадаўства.

 

Источник:
Автор:
Фотограф:
officelife.media
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость