8 кастрычніка мінае 5 гадоў з прысуджэння Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святлане Алексіевіч. З гэтае нагоды Тэатр Кана ў Шчэціне (Польшча) на знак салідарнасці з Беларуссю бясплатна пакажа спектакль «Шчыльнасць насельніцтва. Гісторыя выбуху» (Gęstość zaludnienia. Historia wybuchu) у інтэрнэце з субцітрамі па-беларуску.
Piotr Nykowski / pozaokiem.info
Рэжысёр Кшыштаф Папёлэк адзначае:
«Вельмі складана не быць пафасным. Але часам здараюцца такія моманты, калі можна гэты пафас сабе дазволіць. Дарагая спадарыня Святлана, мы будзем гаварыць Вашымі словамі, пакуль будзем здольныя. Даём слова. Мы будзем граць для Вас асабіста і для вас, нашыя беларускія сябры. Мы станем на сцэне побач з вамі. Пакуль аднойчы ўсё не атрымаецца. Бо атрымацца мусіць».
«Gęstość zaludnienia. Historia wybuchu» // «Шчыльнасць насельніцтва. Гісторыя выбуху» на матывы дакументальнай аповесці «Чарнобыльская малітва. Хроніка будучыні» Святланы Алексіевіч.
Героі дакументальнай аповесці Алексіевіч згубленыя ў часе. Яны няспынна параўноўваюць сябе сёння і сябе тады. Зламаныя, недакладна сабраныя, яны аднак здольныя да пранізлівага погляду. Але гэта погляд Арфея, погляд назад (у гэтым выпадку — глыбока ў чэрап, углыб сябе). Іхныя вочы сустракаюць бязлітасны позірк страчанага часу — Медузы, якая пагражае вярнуцца. Яны баяцца, што мінулае сышло ўжо назаўсёды, што яго ўжо не вярнуць. Даўно астылі іхныя целы, яшчэ сохнуць галовы пасля танцу апошняга дня лета — у свеце перад выбухам. Калісьці галава патнела звонку, а сёння – з сярэдзіны. І яшчэ: існуе страх, што мінулае можа зноў зрабіцца будучыняю. Гэтыя людзі сталіся носьбітамі траўмы, чуйнымі на катастрофы. Яны — прарокі новых небяспек.
Сцэнічная харальная нарацыя даследуе стан свету і псіхікі чалавека пасля выбуху. Чалавека, прыгнечанага цяжарам складанага мінулага. Чалавека, які жыве сярод мноства выяваў і сказаў, якія прыляпіліся да яго ў дарозе ды якія ён прынёс з сабою аж сюды, цяпер.
Адаптацыя і рэжысура: Кшыштаф Папёлэк / Krzysztof Popiołek
Сцэнаграфія: Анна Валошчук / Anna Wołoszczuk
Касцюмы: Пётр Папёлэк / Piotr Popiołek
Акторы: Бібіянна Хімяк / Bibianna Chimiak, Караліна Сабат / Karolina Sabat, Дар'юш Мікула / Dariusz Mikuła, Пётр Стажыньскі / Piotr Starzyński
Рэалізацыя: Тэатр Кана ў Шчэціне (Польшча) / Teatr Kana
Прэмʼера: чэрвень 2017 года
Працягласць: 80 хвілінаў
8 кастрычніка а 17:00 (а 18:00 бел. часу), запіс будзе даступны да 00:00.
За актуальнай інфармацыяй аб спектаклі сачыце па спасылцы.
А 17 кастрычніка чарговы раз гэты спектакль будзе паказаны на сцэне Тэатру Кана для невялікай аўдыторыі, згодна з дзейнымі эпідэмічнымі патрабаваннямі.