У звычайныя дні крама «Б/Уржуазные ценности» гандлюе вінтажнай мэбляй, прадметамі інтэр’еру, посудам, вінілавымі плыткамі. Усё гэта прадаецца і на гэтых выходных. А дальняя частка выставачнай залы, размешчанай у адным з карпусоў абутковага заводу «Луч» на Кальварыйскай, 18, адведзена пад барахолку.
Там можна набыць розную рэтра-драбязу: статуэткі, посуд, прадметы інтэр’еру, савецкія ёлачныя цацкі. Прадаюцца таксама кнігі, адзенне і абутак, плакаты з рок-зоркамі 1990-х. Некалькі стэндаў з рамеснымі вырабамі (натуральнае мыла, арт-шкло).
Ёсць адчуванне, што большасць прадаўцоў – «прафесійныя антыквары». Гэта ў іх выпадку каб прадаць што-небудзь непатрэбнае варта спачатку набыць што-небудзь непатрэбнае. Аднак, некаторыя гандляры казалі, што прадаюць «рэчы з уласнай сям’і».
«Б/Уржуазные ценности» прапануюць таксама варыянт для інтравертаў: арэнда палічкі ў краме на месяц. Выстаўляй тавараў, колькі змесціцца і любы кошт. Крама накіне зверху 10 %, сама ўсё аформіць, выб’е чэк і заплаціць падаткі.
Хаця б раз наведаць «Б/Уржуазные ценности» варта прынамсі для таго, каб паглядзець на вінтажныя камоды каля вокнаў з відам на завадскія карпусы. Ёсць у такім постмадэрным спалучэнні нешта надзіва прыцягальнае.
А на барахолцы кошты прыкладна як у сэкандах і ў недалёкай адсюль краме KaliLaska, якая 25 лютага распачала працу праз дарогу, у культурна-дзелавым квартале «К21». Наведайце, не пашкадуеце!