27.04.2021 / 10:04

Магіляўчанка Воля займаецца народнымі танцамі і спевамі. Апошнія пару гадоў была арганізатаркай тэматычных вечарын. Дзяўчына захапілася гэтым задоўга да падзей 2020-га, але летась танчыць і спяваць у публічнай прасторы раптам стала небяспечна.

Зялёны партал працягвае распавядаць гісторыі лакальных актывістаў з спецпраекту "Ребята с нашего двора".

 

Воля два разы адбыла адміністрацыйны арышт па сумнавядомым артыкуле 23.34 (агулам 10 содняў), атрымала штраф, была звольнена з магілёўскага драмтэатра нібыта за неналежнае выкананне працоўных абавязкаў. Запісалі яе расповед.

 

Пра захапленне танцамі

– Два гады таму я далучылася да суполкі народных танцаў у Магілёве. А сама суполка існавала задоўга да таго, можа, год дзевяць–дзесяць.

Я лічуся каардынатарам танцавальнага клуба пры Палацы культуры Магілёўскай вобласці, проста таму, што камусьці трэба афіцыйна быць арганізатарам. А так я ў суполцы не самая старэйшая і не самая спрактыкаваная танцорка.

Мы спачатку існавалі проста так, а потым нам захацелася мець яшчэ адну пляцоўку, памяшканне. Прыходзім у Палац раз ці двойчы на тыдзень увечары, танчым. Вядзем дакументацыю, планы, аформілі Статут Клуба аматараў беларускага народнага танцу.

Часамі рабілі вялікія мерапрыемствы, запрашалі гасцей з іншых гарадоў з майстар-класамі ці канцэртамі. Раней, яшчэ да мяне, суполка ўдзельнічала ў афіцыйных мерапрыемствах кшталту Ночы музеяў, танчылі ля розных устаноў культуры.

Збольшага мы ладзілі заняткі ў памяшканні, часам выбіраліся з майстар-класамі ў школы ці на гарадскія гулянні на вольным паветры. Улетку 2019-га штотыдзень танчылі ў парку “Падміколле” пад жывую музыку і пад калонку.

З гарадскімі ўладамі мерапрыемствы не ўзгаднялі, яны самі звярнулі на нас увагу і нават хвалілі. Падыходзіў кіраўнік парка, цікавіўся, ці не трэба нам якая тэхнічная дапамога: святло, электрычнасць.

У выніку мы “афіцыйна” карысталіся ў парку разеткай. Усе глядзелі на нашы танцы прыхільна: і мінакі, і адміністрацыя, і міліцэйскія патрулі. Ніхто не меў прэтэнзій.

Яшчэ да мяне, дзяўчаты расказвалі, ладзілі такія спантанныя “танцавальныя вылазкі” на магілёўскую пешаходную вуліцу Ленінскую: там гралі музыкі, а танцоры далучаліся.

 

Як танцы на вуліцы палічылі пікетам

Мы танчым у грамадскіх месцах. Адно з такіх месцаў – Ратуша, сімвал Магілёва. Аднойчы ўвосень так атрымалася, што падчас пратэстаў музыкі пачалі граць, а некалькі аматараў танцаў – спантанна пад гэта танчыць. Вакол нас выбудаваўся карагод, усе пляскалі, стварылася вельмі пазітыўная і радасная атмасфера.

У той час пачаліся прэтэнзіі да некаторых супрацоўнікаў Музея гісторыі Магілёва, які месціцца ў Ратушы. І мы вырашылі зрабіць танцы каля Музея, з якім мы і раней сябравалі, супрацоўнічалі.

Не было сцягоў. Адзінае, што я выразала бела-чырвоныя сардэчкі з выцінанкі, сфоткала іх каля Ратушы. Цяжка сардэчкі назваць “апазіцыйнай сімволікай”.

На пачатку танцаў я агучыла, што прысвячаю іх падтрымцы Музея гісторыі Магілёва ў Ратушы і нашага сябра Алеся Сабалеўскага, які на той момант знаходзіўся за кратамі за ўдзел у пратэстах, абвясціў галадоўку. Ціхенька гэта сказала, і мы проста танчылі пад калонку.

Я не лічу, што можна правесці такую мяжу, што гэта – палітыка, а гэта – не палітыка. Гэта хутчэй быў акт грамадскай і проста чалавечай салідарнасці.

А калі мы разыходзіліся, аднаго нашага хлопца забралі. Потым праз некаторы час танцораў пачалі выклікаць у РАУСы, паказваць фотаздымкі з гэтых танцаў ля Ратушы, нібыта мы там дэманструем нейкія “няправільныя” жэсты. А мы рабілі звычайныя танцавальныя фігуры.

Напрыклад, у варыянце танца “Лявоніха” з вёскі Пласток Любанскага раёна ёсць рух, нібыта дзяўчына прыкрывае вочы далонню ад сонца. А ў міліцыі казалі, нібыта мы так “зігавалі”, паказвалі фашыстоўскае вітанне. Нам так і сказалі. Аднаму з нашых актывістаў вынеслі папярэджванне нібыта за арганізацыю танцаў.

Акрамя танцаў ад нашай суполкі людзі яшчэ танчылі падчас розных дваравых актыўнасцяў. Нельга сказаць, што так мы распаўсюдзілі свой уплыў на ўвесь Магілёў. Гэта спантанна: калі людзі ўмеюць танчыць, то двор збіраецца – і яны там танцы таксама праводзілі. Чаму не?

 

Спевы – таксама пікет

Магілёўская суполка традыцыйных спеваў таксама існуе даўно, склад неаднаразова мяняўся. Спрабавалі капіраваць аўтэнтычныя песні, запісаныя ў этнаграфічных экспедыцыях. Спявалі ў памяшканні, спявалі на вуліцы, у тым ліку і на Ленінскай, нашай пешаходцы.

Гэта было вельмі сітуатыўна: дзяўчаты маглі спантанна сабрацца і што-небудзь запець. І ніхто да 2020-га года не меў ніякіх прэтэнзій, таму што гэта прыгожа, людзям падабаецца.

Часта гэта было разам з інструментамі: напрыклад, мог дудар штосьці пайграць, а дзяўчаты – патанчыць, потым запець. Такі хэпенінг.

І ў прынцыпе для нашай вуліцы Ленінскай, Садовай (гістарычная назва вуліцы – рэд.) гэта звычайная справа. Там заўсёды было шмат вулічных музыкаў: з гітарамі, з мандалінамі, з укулелямі і з чым заўгодна. Спявалі і акапэльна. Было нармалёвае тусовачнае месца і ніколі ніхто ні да каго не чапляўся: ні да этна-спевакоў, ні да бардаў.

А ў 2020-м фактычна за тое ж самае мне ўжо “прышылі” песенны пікет. Я не ўдзельнічала ў той дзень у пратэстах, стаялі з сяброўкамі, пакуль праходзіў марш, у чарзе па каву. Ну, і спелі народную песню “Бярёзачка кудрявая на сінь моря схілілася”. Потым яшчэ на рагу вуліцы стаялі, спелі таксама.

Сказаць, што гэта “песенны пікет” – недарэчна. Цяпер улада разглядае любую вылазку на вуліцу як акт пратэсту: песня, танец, што заўгодна. Калі ты не проста праходзіш па сваіх побытавых справах, а штосьці робіш – усё, яны разглядаюць гэта як пратэст і маюць прэтэнзіі. Так і з намі было.

Па сутнасці, я працягваю рабіць усё тое ж, што рабілі нашы танцавальная і песенная суполкі раней. У мяне ды іншых удзельнікаў ёсць свае погляды, непрыняцце гвалту.

Я б не сказала, што гэта зусім адарвана ад нашай мастацкай дзейнасці. Не можа быць так, што тут я проста песню спеў, а праз хвіліну – зноў пратэстна настроены.

Канечне, у цябе ўнутраны пратэст: а чаму я не магу ўстаць і тут вось спець? А калі мне дрэнна? А калі ў мяне жалоба на душы з нагоды забойства людзей на пратэстах? Чаму я не магу ўзяць і спець? Што тут незаконнага? Грамадскі спакой мы не парушаем. Людзям, наадварот, падабаецца, падыходзілі і хвалілі нас.

 

Пра актуальны стан рэчаў і планы

Зараз мы прыйшлі да той сітуацыі, што арганізоўваць любое мерапрыемства, у тым ліку чыста культурнае, стала неверагодна складана. Імкнемся не афішаваць, калі нешта ладзім: распаўсюджваем інфармацыю не па пабліках, а па закрытых суполках, праз асабістыя кантакты.

Танцавальныя заняткі рэкламуем як і раней, яны адбываюцца афіцыйна. А вечарыны проста баімся рэкламаваць, бо нам іх могуць сарваць.

У планах Палаца культуры Магілёўскай вобласці запісана, што мы збіраемся ўлетку 2021-га ладзіць танцы на вуліцы. Думаем падаць нейкі афіцыйны запыт у адміністрацыю горада. Танчыць на вольным паветры і прыемней, і здаравей падчас кавіду, чым у памяшканні.

Зараз любую вылазку ў публічную прастору, нават калі гэта гуканне вясны ў лесе, улады могуць звязаць з пратэстамі. Калі ты спяваеш гучна на вуліцы, ты ж не патлумачыш гэтым людзям, што голасны спеў – у традыцыі, нічога надзвычайнага.

“Спявай у сябе дома на кухні!” – скажуць яны. Проста сам факт, калі ты на вуліцы нешта танчыш, спяваеш, ужо разглядаецца як небяспека для грамадскага парадку. 

І ўсё ж такі я лічу, што нематэрыяльныя рэчы, як культура, ідэі, нашы традыцыі, спевы, танцы – яны ўсё роўна застануцца.

Для існавання культуры патрэбны толькі чалавек, які пранясе праз усё гэта ліхалецце любоў да мастацтва, да традыцый, таму, што гэта сапраўднае. Мы можам фізічна проста загінаць, а нематэрыяльныя рэчы ўсё роўна застануцца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость