За гэты месяц Гродзенская інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету ў Мастоўскім раёне зафіксавала тры факты браканьерства з учыненнем шкоды ў асабліва буйным памеры. Ва ўсіх выпадках браканьеры выкарыстоўвалі забароненыя сеткі, агулам яны злавілі больш за 50 кілаграмаў рыбы. Напрыклад, падчас апошняга затрымання на Нёмане два мясцовыя жыхары лавілі рыбу стаўнымі сеткамі з рыбалоўнай лескі даўжынёй у 363 м. Лавілі лінёў, карасёў, шчупакоў, густэру. Калі па факце незаконнай здабычы рыбы будзе ўзбуджана крымінальная справа, браканьерам будзе пагражаць штраф ці пазбаўленне волі да трох гадоў.
Выкарыстанне сетак пры здабычы рыбы нават пры адсутнасці ўлову лічыцца правапарушэннем.
На Гродзеншчыне ўжо быў выпадак, калі на рыбака была ўзбуджана крымінальная справа за лоўлю рыбы багром.