Але раптоўная паездка ў Грузію якраз напярэдадні расійскага ўварвання ва Украіну перакрэсліла планы: вярнуцца ў Кіеў актывіст не змог з-за беларускага грамадзянства, і яго вандроўка па Сакартвэла зацягнулася на два з паловай гады.
За гэты час Аляксей стаў ініцыятарам зялёных ініцыятыў у Грузіі, рэдактарам і экспертам праекта па маніторынгу экалагічных наступстваў вайны, і працягвае падтрымліваць беларускіх актывістаў.
Ці ўдаецца за мяжой не здрадзіць сваім экалагічным звычкам, і як прыстасаваць да іх новае асяроддзе, Аляксей Аўчыннікаў рассказаў Зялёнаму парталу.
– Сваё цяперашняе жыццё ў Грузіі вы як называеце: эміграцыя, падарожжа?
– Я не лічу, што гэта эміграцыя. Для мяне гэта хутчэй нейкая вандроўка, якая дазваляе атрымаць пэўны вопыт і пасля яго выкарыстоўваць у Беларусі. Эміграцыя – гэта нейкая форма легалізацыі, калі ты з’язджаеш з адной краіны ў іншую і спрабуеш знайсці легальныя падставы, каб у новай краіне застацца. А мы зараз жывем у такім складаным свеце, калі не ведаеш, што будзе адбывацца далей і ў якой краіне ты заўтра апынешся.
– Ці лёгка захоўваць экалагічны лад жыцця ў такой вандроўцы? Можа, прыйшлося пазбавіцца ад нейкіх звычак?
– Не, амаль усе мае экалагічныя звычкі пераехалі разам са мной. На мой погляд, галоўная – гэта скарачэнне спажывання, то бок не набываць тыя рэчы, якія не з’яўляюцца неабходнымі. Гэта таксама тычыцца і спажывання прадуктаў харчавання.
Я не ем мяса, і ў Грузіі нескладана прытрымлівацца вегетарыянскай дыеты. Што тычыцца перапрацоўкі: заўжды шукаем варыянты, дзе і як што можна здаць. Тут, можа, гэта складаней, чым у Беларусі, але ў нас ёсць свая ініцыятыва, якую мы запусцілі – EcoJara.
Мы таксама супрацоўнічаем з ініцыятывай Parki ar Minda: зубныя шчоткі, пробкі, карткі мы адвозім туды. Арганічныя адходы кампастуем каля дома, які здымаем.
Таксама я падтрымліваю розныя гарызантальныя экалагічныя ініцыятывы, якія дапамагаюць больш устойліва падыходзіць да практыкі спажывання, і накіраваны на больш гарманічнае ўзаемадзеянне з прыродай.
– Ці ўдалося прыцягнуць да гэтых экалагічных ініцыятыў беларускую дыяспару ў Грузіі? І наколькі вы сам ўцягнуліся ў мясцовае экакам’юніці?
– Калі я прыехаў у Грузію, тут ужо была беларуская суполка. Я пасябраваў з людзьмі, якія развівалі АБФ (Актыўным быць файна – рэд.) у Батумі. Там мы зрабілі экалагічны гурток, які я вёў. Пасля гэтыя сустрэчы з аднадумцамі перараслі ў валанцёрскую ініцыятыву Ecojara, якая займаецца распаўсюдам экалагічнай інфармацыі і папулярызацыяй экалагічных звычак у грамадстве.
Parki ar Minda існавалі да майго прыезду. З пункту гледжання перапрацоўкі яны, на мой погляд, былі найбольш актыўнымі ў Грузіі. Я таксама пазнаёміўся з іншымі грузінскімі экалагічнымі арганізацыямі, ініцыятывамі, такімі як, напрыклад, Зялёная альтэрнатыва, Ricdog.
Cёння я актыўна падтрымліваю праект Ecovillage Georgia. Гэта першая ініцыятыва па стварэнні сучаснай экавёскі ў Грузіі. Ствараецца паселішча, якое будзе рэалізоўваць праекты: ад пермакультуры – да больш устойлівага выкарыстання вады і рэсурсаў, экалагічнай адукацыі, супрацы з мясцовымі.
Для мяне вельмі цікава і важна тое, што прыняцце рашэнняў у такой супольнасці грунтуецца на прынцыпах сацыякратыі – усе пытанні абмяркоўваюцца да таго моманту, пакуль не будзе дасягнуты кансэнсус.
Сёння я не з’яўляюся рэзідэнтам Ecovillage Georgia, то бок пакуль не маю планаў будаваць тут дом, але ж з’яўляюся сябрам ініцыятывы, прымаю ўдзел у абмеркаванні пытанняў і дапамагаю з працай на зямлі.
– Ці за такім актыўным жыццём у іншай краіне не згубілася сувязь з беларускімі экаактывістамі і ўвогуле – цікавасць да беларускіх праблем?
– Я працягваю аналізаваць сітуацыю ў Беларусі. Па-ранейшаму супрацоўнічаю з Зялёнай сеткай, падтрымліваю кантакты з актывістамі з Беларусі, кліматычнымі і экалагічнымі. Падтрымка актывістаў для мяне – вельмі важная частка працы, таму што актывісты хутка выгараюць, а сяброўская падтрымка – гэта тое, што неабходна.
Працягваю сачыць за працай іншых экалагічных арганізацый: калі ёсць цікавыя праекты, то я распаўсюджваю інфармацыю пра іх, спрабую ім дапамагчы сваімі ведамі і кампетэнцыямі.
Прамой нейкай працы ў Беларусі я зараз весці не магу, таму што проста фізічна там не знаходжуся, але працую на тое, каб на беларускі экалагічны актывізм не забыліся ў Еўропе і рэгіёне.
– Вы з’яўляецеся ўдзельнікам міжнароднага праекта UWEC Work Group, які даследуе экалагічныя наступствы вайны ва Украіне. А ці можна ўжо сёння казаць пра такія наступствы для Беларусі?
– Калі мы кажам пра экалагічныя наступствы, то я бы выдзеліў пытанне Палесся. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну мы ўбачылі вялікую мілітарызацыю Палесся.
Для Беларусі гэта вельмі складаны рэгіён, які зараз знаходзіцца ў стане змены кліматычнай зоны, а гэта ўплывае на біяразнастайнасць, на змену экатопаў, і можа прывесці да таго, што там будзе з’яўляцца больш пустэляў, будуць знікаць барыяльныя (хвойныя) лясы.
Зразумела, што вайна – гэта найбольш актыўны, брутальны ўплыў чалавека на асяроддзе, таму 100 % Палессе пакутуе ад мілітарызацыі і ад ваенных дзеянняў. Пра гэта не шмат кажуць.
Да прыкладу, ёсць такі праект «Палессе. Дзікая прырода без межаў», які тычыцца Палесся. Некаторыя даследаванні вядуцца ва Украіне, але на тэрыторыі Беларусі, наколькі я ведаю, сёння актыўных даследаванняў няма ці яны не публічны. У нас гэты праект фактычна замарожаны.
– Як у цэлым апошнія геапалітычныя падзеі змянілі экалагічную павестку ў свеце?
– На мой погляд, у свеце кліматычнай палітыкі зараз складаная сітуацыя, бо ідзе палярызацыя экалагічнай павесткі. Шмат хто пытанні адаптацыі да змены клімату ўключае у палітычную агенду, гэта прыводзіць да спрэчак і дае падставу выкарыстоўваць пытанні экалогіі і клімату для таго, каб рабіць яе часткай прапаганды. Гэта дэзарыентуе людзей.
– А як гэтаму можна супрацьстаяць?
– На мой погляд, ключ да адаптацыя да змены клімату сёння знаходзіцца ў суполках, а не у вялікіх інстытутах, напрыклад, такіх як дзяржава. Трэба, каб людзі аб’ядноўваліся і шукалі разам рашэнне для экалагічных праблем. Калі вы працягваеце весці з сябрамі экалагічны лад жыцця, калі вас турбуюць пытанні змены клімату і вы сочыце за гэтым, то скарачэнне спажывання сёння – адзін з найлепшых інструментаў.
Акрамя таго, кожны з нас можа займацца зборам дадзеных. Так, ёсць дадаткі, напрыклад iNaturalist, якія можна ўсталяваць на тэлефон, рабіць назіранні, цікавіцца прыродай, а сабраныя дадзеныя дазваляюць вучоным разумець, як змены клімату уплываюць на біяразнастайнасць.
Інтарэс да прыроды дапамагае даць рады са стрэсамі. Для мяне асабіста экалагічны лад жыцця быў добрай дапамогай падчас вандроўкі-міграцыі. Куды б я ні прыязджаў, я сустракаўся з экалагічнымі актывістамі і яны дапамагалі сацыялізавацца.
Гэта было ва Украіне, калі я пайшоў на кліматычны марш і пазнаёміўся з актывістамі, якія сталі маімі сябрамі. Гэта ж адбылася ў Грузіі. Экаактывізім – гэта такая добрая кропка ўваходу ў іншую краіну ці суполку, якая падзяляе тваі каштоўнасці, стварае кола бяспекі.
– Калі мы ўжо загаварылі пра ваш вопыт, скарачэнне спажывання ў вас як адбываецца і які мінімум для сябе вы вызначылі?
Пераезд – гэта стрэс, а на стрэсе людзі набываюць даволі шмат рэчаў. Гэта відавочна ў Грузіі, таму што сюды актыўна людзі прыязджалі з іншых краін. Яны набывалі рэчы, якія пасля не выкарыстоўвалі. Калі яны ехалі далей, то гэтыя рэчы ці раздавалі, ці спрабавалі прадаць. Тут нават калі па сметніках прайсціся, то можна знайсці шмат: ад айфонаў да металадэтэктараў.
Шмат чаго можна атрымаць задарам праз тэлеграм-каналы. Таксама я магу параіць, калі прыязджаць у іншы горад, паглядзець ініцыятывы па фрымаркетах. Там можна знайсці неабходнае адзенне. Даволі шмат свайго адзення ў Грузіі я прыдбаў менавіта ў такіх месцах, куды людзі прыходзяць і раздаюць свае рэчы.
Даволі шмат рэчаў людзі шэраць, такая форма ўзаемадзеяння дапамагае не набываць тое, што пасля не будзеш выкарыстоўваць. Напрыклад, дрыль ці некаторыя будаўнічыя прылады. Тое ж самае тычыцца прадуктаў харчавання.
Лепей купляць толькі тое, што будзеш выкарыстоўваць. Пры гэтым я раю набываць больш дарагія, але ж якасныя рэчы, якія будуць служыць вам даўжэй.
Наконт ежы, то адна з парад – гатаваць з той жа садавіны і агародніны, якая можа выглядаць не вельмі прывабна, але такая ж смачная, і дапамагае скараціць спажыванне. Увогуле, калі паехаць да вёскі, то садавіну і агародніну атрымаецца набыць амаль дарам, а гарбатай можна частавацца з раслін, такіх як, напрыклад, глог ці святаяннік, якія тут, як і ў Беларусі можна збіраць.
Такіх стратэгій шмат, яны, насамрэч, падобныя на гульню, але галоўнае памятаць – гэта пра крытычнае стаўленне да спажывання, а не пра нейкія абмежаванні. З часам можна пабачыць, як такі падыход добра адбіваецца як на фізічнам, так і на псіхічнам стане, дапамагае з сацыялізацыяй і дазваляе больш даведацца пра сябе і пра свае патрэбы. Але галоўнае – каб гэты працэс не перарос у неўроз ці параною. Важна каб такі гарманічны лад з прыродай быў у радасць.