27.10.2014 / 12:10

23 кастрычніка прадстаўнікі бізнесу абмеркавалі дырэктыву №4, лясную гаспадарку, нюансы заканадаўства і карупцыю.

Па выніках круглага стала складуць аналітычную нататку, якую адправяць у адміністрацыю Прэзідэнта.

Дырэктыва №4: напісана больш, чым выконваецца

Дзяржава мусіць стварыць нармальнае заканадаўства, механізмы абароны бізнесу, - кажа Уладзімір Калягін, старшыня прэзідыуму “Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва”. - Не трэба падмяняць прадпрымальнікаў, не трэба займацца не сваёй справай. Дапамагайце гэтым людзям, і мы будзем мець тысячы такіх прыкладаў [бізнесу, звязанага з перапрацоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў – аўт.]”.

На яго думку, неабходна працягваць размову аб выкананні дырэктывы № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Гэтая дырэктыва была прынята 31 снежня 2010 году, і ў публічнай прасторы неаднаразова гучала думка, што яе асноўныя палажэнні, дзеля якіх яна і прымалася, не рэалізуюцца. Як паведамлялі ў прэс-службе А.Р. Лукашэнка адразу пасля прыняцця, дакумент накіраваны на "далейшую лібералізацыю эканомікі, разняволенне дзелавой ініцыятывы і творчага патэнцыялу грамадзян".

Ці лянота, ці непрыкрыты сабатаж, карысны інтарэс ці шэрая эканоміка…”, паводле Уладзіміра, ёсць прычынамі таго, што не ва ўсіх міністэрствах створаныя грамадскія кансультацыйныя саветы, а ў некаторых са створаных не выносяцца на абмеркаванне актуальныя пытанні. Функцыя такіх саветаў, паводле дырэктывы №4 - дазволіць бізнесу актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы і прыняцці нарматыўна-прававых актаў.

Што замінае бізнесу ў заканадаўстве

А пытанні НПА акурат вельмі і вельмі актуальнае – аб нюансах гатовы расказаць Міхаіл Шчасны, старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі рэцыклінгу і інавацый.

Шклабой закупаецца ў насельніцтва 600 рублёў за кілаграм і па 100 рублёў яго прадаюць на “Белрэсурсы”. Арганізацыя-зборшчык таксама нясе транспартныя страты і страты на збор. Розніцу ў 500 можна атрымаць з кампенсацыі, але яе, паводле закону, плаціць ніхто не абавязаны: “...Аператар… выказвае… абгрунтаваныя прапановы аб памерах кампенсацыі, уключаючы магчымасць (немагчымасць) яе выплаты”. (Пастанаўленне Міністэрства ЖКГ №16). Такім чынам, на думку Міхаіла, у дакуменце закладаюцца карупцыйныя складнікі. Кошты ў 600 і 100 рублёў Міхаіл называе кабальнымі ўмовамі ўгоды. Такія кошты зафіксаваныя ў пратаколе ад 23 мая 2014 году: “Ні ў аднаго, хто паставіў тут сваю пячатку і подпіс, няма кампетэнцыі ўмешвацца ва ўтварэнне коштаў на другасную сыравіну. Тады наколькі легітымная гэтая папера?

З падобных пытанняў вынікае і адна з асноўных праблем развіцця бізнесу ў галіне аховы прыродных рэсурсаў Міхаіл бачыць тры: “У нас адсутнічае палітычная воля, якая-ніякая адказнасць за эфектыўнасць выдаткаваных сродкаў і абсалютна не даведзеныя паказнікі”. Сабраць 30% адходаў самому, каб не плаціць грошы аператару ў сферы абыходжання з другаснымі рэсурсамі не вельмі рэальна – па краіне збіраецца не больш за 10%. А справаздачнасць аператара за колькасць сабраных адходаў тых, хто заплаціў, адсутнічае.

“Міністэрства будзе само сябе рэфармаваць – гэта смешна”

Вядзенне лясной гаспадаркі ў нас яшчэ савецкае. У параўнанні з іншымі краінамі СНД яно больш-менш упарадкаванае і далёка ад Прыбалтыкі – так мяркуе Валерый Александровіч, генеральны дырэктар Рэспубліканскай лесапрамысловай асацыяцыі.

І зараз штогод Міністэрства лясной гаспадаркі мае план высечак, 30% працы па якіх аплочваецца з падаткаў грамадзянаў, астатнія 70% грошай трэба зарабіць.

Але прадпрыемствы не звязаныя з гэтым лесасечным фондам. І тысячы, дзясяткі, сотні тысяч кубаметраў пасечаных, за якія заплачана намі з вамі, па-ранейшаму застаюцца ў лесе і гніюць”, - распавядае Валерый.

Гэта азначае, што лясная галіна патрабуе рэформаў. Прэзідэнт даў дабро, але працэс пайшоў праз Савет міністраў, які перадаў абавязак адказнаму віцэ-прэм’еру Русаму, той – Міністэрству. “Атрымалася, міністэрства будзе само сябе рэфармаваць – гэта смешна”, - кажа Валерый.

Прапанова Валерыя датычна рэформаў у тым, што міністэрства не мусіць займацца нарыхтоўкай, а толькі вырошчваць лес. Трэцяя арганізацыя магла б набываць лес і высякаць яго. А планаванне памеру высечак трэба рабіць за год - паводле заявак кожнага са спажыўцоў, нават вельмі дробных. І пад гэты спажывецкі рэсурс трэба секчы, як, напрыклад, гэта робіцца ў Эстоніі, дзе штогод недавысечка каля 2 мільёнаў кубоў, бо няма спажыўца.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость