27.11.2014 / 14:11

У сувязі з прыняццем Пастановы Савету міністраў №703 беларускія харчовыя крамы павінны прадастаўляць бясплатную ўпакоўку. Але якой яна мусіць быць і якія яшчэ правілы парушаюцца адміністрацыямі, разбіраліся журналісты Еўрарадыё.

“У “СБ” напісалі некарэктную інфармацыю. Мы цяпер гэта расхлёбваем. У нас нідзе не напісана, якая ўпакоўка павінная быць бясплатнай. Тавар павінен быць перададзены ў бясплатнай упакоўцы. Але ў якой — вызначае сам уладальнік крамы”, — расказваюць у Міністэрстве гандлю.

Званю ў міністэрства пасля паходу ў краму на плошчы Незалежнасці, дзе набываў дзве канапкі па пазначанай на ўпакоўцы цане ў 10 тысяч рублёў. Агулам заплаціць збіраўся 20 тысяч, але на касе запатрабавалі ажно… 26.

Адразу ж згадваю нядаўні артыкул у газеце, дзе сцвярджалася пра абавязковую бясплатнасць упакоўкі ў харчовых крамах. Аказваецца, не ўсё так добра. “Тавары перадаюцца пакупніку ва ўпакаваным выглядзе без збірання за ўпакоўку дадатковай платы. Выгляд такой упакоўкі вызначаецца прадаўцом. Выключэнне складаюць упакоўкі тартоў, набораў пірожных, напояў, якія прадаюцца ў разліў. Цана такіх упаковак уключаецца ў раздробны кошт тавараў”, — гаворыцца ў Пастанове Савета міністраў №703 за 22 ліпеня 2014 года.

Але цікавую для сябе інфармацыю ў Пастанове Саўміна ўсё ж знаходжу. Аказваецца, “для забеспячэння захаванасці рэчаў пакупніка (гаспадарчых сумак, пакетаў, партфеляў і іншых буйнагабарытных рэчаў) прадавец павінен стварыць адпаведныя ўмовы”, а таксама “прадавец не мае права перашкаджаць уваходу пакупнікоў у гандлёвую залу з рэчамі пакупніка”. Так што любыя заявы адміністратараў гандлёвых залаў пра “малады чалавек, пакіньце заплечнік у камеры захоўвання” і “мы не павінныя несці за яго адказнасць” можна абгрунтавана абскарджваць.

Што да маіх канапак, то ў Мінгандлі лічаць, што крама ў дадзеным выпадку таксама парушыла правілы.

“Яны ці ў плёнку павінныя былі іх завярнуць, ці ў паперу. І бясплатна. На жаль, мы пакуль не можам паўплываць на гандаль, каб усё было так, як патрэбна”, — скардзяцца чыноўнікі.

Так што калі не хочаце плаціць за дарагую ўпакоўку — патрабуйце бясплатную. Канапкі ці што іншае менш смачнымі ад гэтага не стануць.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость