Пячураўка Х’юма (Phylloscopus humei) павінна была ляцець на зімоўку ў Індыю, па невядомых прычынах у пятніцу, 24 лістапада, аказалася ў пойме Свіслачы ў заснежаным Мінску.
Гэта новы від для арнітафауны Беларусі, які аказалася не так лёгка правільна вызначыць. Першай яе пачула Сафія Памялёнак. Яе ўвагу прыцягнуў незнаёмы птушыны голас, які яна змагла запісаць.
Дзякуючы запісу дасведчаныя беларускія бёрдэры, незалежна адзін ад аднаго вызначылі, каму канкрэтна належыў голас, пішуць "Птушкі штодня".
А ўжо ў мінулую суботу дзесяткі аматараў назіранняў птушак з розных частак краіны змаглі не толькі ўбачыць пячураўку, але і зрабіць яе першыя здымкі.
Пячураўка Х’юма (для якой яшчэ няма агульнапрынятай беларускай назвы) - даволі падобная на іншы ўсходні і блізкі від - пячураўку-зарнічку (Ph. inornatus). Аднак яна - у адрозненне ад зарнічкі - мае цёмна афарбаваныя ногі і паддзюб’е, толькі адну светлую палоску на складзеным крыле і амаль незаўважную кароткую другую, а таксама менш выразную агульную афарбоўку, хутчэй за ўсё таму і атрымала адпаведную расейскую назву «тусклая зарничка».
Гэта адзін з найменшых памерамі видаў пячуравак, даволі звычайны ў горных лясах да вышыні каля 3500 метраў над узроўнем мора і гняздуе ад Каракарума і Гіндукуша на ўсходзе і поўначы да Цянь-Шаня ў Кітае і Алтайскіх гор у Манголіі. Як і ўсе іншыя пячураўкі, харчуюцца дробнымі безхрыбетнымі, гняздуюць на зямлі.