Французскі валанцёр, які прыехаў у Ecovillage Georgia, упершыню ў жыцці прыгатаваў і паспрабаваў грэчку. Пасля ён пытаўся, што гэта такое і як яе ядуць. Для тых, хто рэгулярна есць грэчку, гэта можа падацца дробяззю. Але ў міжнароднай супольнасці, дзе сустракаюцца людзі з розным досведам і звычкамі, нават знаёмая крупа часам становіцца нагодай пазнаёміцца бліжэй.
Агульную мову тут часам даводзіцца вынаходзіць. Сіабанд з Курдыстана не вельмі добра размаўляе па-англійску, таму ўдзельнікі прыдумалі ўласны варыянт зносін – "ангельскую Сіабанды". На ёй яны размаўляюць і жартуюць. Сіабанд прыязджае ў экавёску другі год запар, з сакавіка да лістапада, працуе на агародзе і марыць аднойчы стварыць падобнае паселішча ў Курдыстане.
Грэчка і "ангельская Сіабанды" – невялікія эпізоды з жыцця праекта, але ў іх добра бачна, з чаго насамрэч складаецца супольнасць. Не толькі з экалагічных прынцыпаў, планаў забудовы і агульных правілаў. Яшчэ з людзей, якім трэба навучыцца разумець адно аднаго, разам працаваць і дзяліць прастору.
Як былую ферму ператвараюць у экавёску
Ecovillage Georgia знаходзіцца ў вёсцы Нінігоры, непадалёк ад Лагадэхі, у грузінскай Кахеціі. Зямлю пад паселішча набылі ў снежні 2023 года, але ідэю абмяркоўвалі значна раней – паводле Аляксея, прынамсі яшчэ пяць гадоў таму. Спачатку група людзей сустракалася і вырашала, якім будзе паселішча, як яго арганізаваць і як прымаць рашэнні.
Ініцыятыва ўзнікла ў Грузіі, але з самага пачатку была міжнароднай. Да яе далучыліся людзі з досведам жыцця ў экапаселішчах і тыя, хто цікавіўся гэтай тэмай падчас падарожжаў. Сярод арганізатараў – Ніно, якая валанцёрыла ў еўрапейскіх экавёсках, і Ана з Нідэрландаў, якая даўно жыве ў Грузіі і займаецца кліматычнай тэматыкай.
Удзельнікі набылі былую ферму з кароўняй і фундуковым садам.
"Людзі сабралі грошы і набылі зямлю. Уклаліся тыя, хто хацеў быць рэзідэнтам і будаваць дом на гэтай зямлі. То-бок гэта ніякі не грант, што, на мой погляд, робіць гэты праект больш устойлівым", – распавядае Аляксей.
Аляксей асобна адзначае краявід на горы і суседства з Лагадэхскім нацыянальным паркам – найстарэйшым нацыянальным паркам Грузіі.

Чаму беларус дапамагае экавёсцы, але не будуе там дом
Аляксей далучыўся да праекта ў 2024 годзе. Спачатку прыехаў на сустрэчу, а ўзімку разам з іншымі ўдзельнікамі абразаў фундук. Тады яму і прапанавалі далучыцца да каманды.
Цяпер ён уваходзіць у Core Team – групу, якая займаецца арганізацыяй праекта і прымае бягучыя рашэнні. Пры гэтым Аляксей не ўкладаў грошы ў зямлю і пакуль не плануе будаваць там дом.
"Ёсць людзі, якія проста падтрымліваюць гэты праект сваёй актыўнай дзейнасцю, і я адзін з іх. У Core Team ёсць людзі, якія ўжо ўклаліся, і ёсць людзі, у якіх проста ёсць цікавасць і жаданне падтрымаць праект. Яны прыязджаюць папрацаваць, паваланцёрыць, але заставацца там як рэзідэнты не будуць. Я ў гэтым годзе там жыў у намётах. Пакуль не планую будаваць па розных прычынах – фінансавых і іншых, звязаных з жыццём беларусаў у Грузіі".
Хто стварае экавёску
У праекце ёсць тры асноўныя групы ўдзельнікаў. Першая – рэзідэнты, якія ўклалі грошы і атрымалі магчымасць будаваць дамы. Некаторыя з іх прыязджаюць раз на два гады і чакаюць, пакуль будзе гатовая інфраструктура.
Другая – Core Team, каля дзесяці чалавек, якія штотыдзень стэлефаноўваюцца, размяркоўваюць адказнасць і займаюцца бягучай працай. Трэцяя – валанцёры, частка якіх застаецца на некалькі месяцаў.
"Геаграфія валанцёраў шырокая: яны прыязджаюць з Аўстраліі, Лівана, Бразіліі, Мексікі і іншых краін Лацінскай Амерыкі, Азіі, Еўропы і ЗША. Хлопец з Аўстраліі, напрыклад, праводзіў эксперымент з познім агародам: аналізаваў глебу, выкарыстоўваў мульчаванне і ўгнаенні, а ў працы яму дапамагаў штучны інтэлект. У экавёсцы год пражыў валанцёр з Лівана", – распавядае Аляксей.
Сярод валанцёраў ёсць і падарожнікі, якія едуць на роварах з Еўропы ў Азію. Іншыя даведваюцца пра экавёску праз міжнародныя кантакты і сеткі экапаселішчаў. Праект ёсць на мапе Global Ecovillage Network і ў сетцы Neo Tribes.
Перад прыездам валанцёры запаўняюць анкету і размаўляюць з кімсьці з Core Team, каб узгадніць, чым будуць займацца.
Каманда просіць прыязджаць мінімум на два тыдні: за тры-чатыры дні, тлумачыць Аляксей, можна паглядзець на месца, але цяжка паспець разабрацца ў працы і дапамагчы супольнасці.
Лесасад, сухія прыбіральні і жыццё без платоў
У экавёсцы прытрымліваюцца прынцыпаў сацыякратыі: рашэнні імкнуцца прымаць без жорсткай іерархіі, з улікам меркаванняў усіх удзельнікаў.
"У гаспадарцы не плануюць выкарыстоўваць пестыцыды і хімічныя сродкі. Хочуць падтрымліваць біяразнастайнасць і развіваць сад па прынцыпе Food Forest – лесасад, у якім розныя расліны ўтвараюць узаемазвязаную сістэму. Сярод іншых рашэнняў – ачыстка сцёкавых вод, сухія прыбіральні з кампаставаннем. Сонечныя панэлі і біягаз пакуль застаюцца планамі на будучыню", – кажа Аляксей.
Праект таксама арыентуецца на вегетарыянскае харчаванне і падтрымку мясцовых арганічных фермераў. А ў будучым паселішчы не павінна быць асобных платоў вакол кожнага дома.

На што жыве экавёска
Каб зарабляць на ўтрыманне праекта, каманда развівае тры напрамкі.
Першы – летні дзіцячы лагер без тэлефонаў, з майстар-класамі і вегетарыянскім харчаваннем. Дзяцей вучаць жыць у намётах на прыродзе і заахвочваюць працаваць на зямлі. Паводле Аляксея, лагер даволі паспяховы: яго ладзілі ўжо два гады запар.
Другі – экалагічны гасцявы дом у адрамантаваным будынку. Госці могуць паўдзельнічаць у жыцці супольнасці або проста адпачываць і насалоджвацца прыродай.
Трэці – сельская гаспадарка: продаж фундука, травяной гарбаты і джэмаў.
Дамоў пакуль няма, але ёсць планы
На тэрыторыі экапаселішча хочуць пабудаваць каля дваццаці жылых дамоў або больш, адкрыць невялікую школу і інфармацыйны цэнтр для мясцовых жыхароў.
Забудову, якая павінна была пачацца ў 2025 годзе, адклалі на пару гадоў. Паводле Аляксея, на планы паўплывала складаная палітычная сітуацыя ў Грузіі. Апошнім часам каманда засяродзілася на рэканструкцыі былой фермы пад цэнтр супольнасці.
Пакуль Ecovillage Georgia – гэта фундуковы сад, агарод, будынак былой фермы і людзі з розных краін, якія разам працуюць на зямлі, гатуюць грэчку і размаўляюць на "ангельскай Сіабанды".