Побач з чалавекам на здымачнай пляцоўцы асобае месца займаюць жывёлы. Яны ўражваюць нас сваёй дасціпнасцю, уменнямі выконваць складаныя і мудрагелістыя трукі. Аднак мала хто здагадваецца, што для кінажывёл – гэта асобая і складаная праца, якая патрабуе не толькі спецыяльных навыкаў, але і фізічных выселкаў.
Звычайна разам з жывёламі-акторамі і здымачнай камандай на пляцоўцы знаходзіцца кінолаг, які кантралюе працэс.
Зялёны партал пацікавіўся ў Вольгі Дзядзюлі, прафесійнага кінолага, дырэктарка заснавальніцы Школы юнага кінолага і "Кінадог", што аб'ядноўвае спецыялістаў дрэсіроўшчыкаў і людзей з кіно, наколькі складана працаваць жывёлам на здымках і пра тонкасці рамяства выхоўвання зорных гадаванцаў.
Вольга не па чутках ведае падрабязнасці працы ў кінастужках. Ёй самой даводзіцца працаваць у якасці памочніцы ці другога рэжысёра, асыстэнткі па акцёрам.
Рэквізіт ці людзі?
"Як правіла падборам жывёлаў для фільмаў займаюцца рэквізітары. У іх абавязак ўваходзіць пошук тых, хто прадаставіць жывёлаў-актораў для стужкі. І па вялікім кошце жывыя істоты лічацца на пляцоўцы рэквізітам", – распавядае Вольга.
Бадай у гэтым і заключаецца асноўная праблема, бо калі да прафесійных кінолагаў звяртаюцца са словамі "сабаку нічога складанага ў кадры рабіць не трэба", з пункту гледжання прафесіяналаў выглядае зусім наадварот. Найчасцей атрымоўваецца, што жывёла-актор не проста з'яўляецца на імгненне, перад ім ставяцца задачы, якім яго загадзя трэба навучыць.
"Не кожны сабака зможа, напрыклад, узяць шкляную бутэльку ў зубы ці пагодзіцца ў цэлым нешта зрабіць. Таму я заўсёды прашу дасылаць мне выбарку сцэн са сцэнара, каб бачыць сваімі вачыма, што хочуць ад актора", – тлумачыць Вольга.
Важным з'яўляецца і знешні крытэр жывёлы. Бо аднаму рэжысёру для стужкі патрэбны лабрадор, другому – аўчарка, а трэці хоча якую экзатычную пароду. Такі досвед быў у Вольгі на здымках карціны "Смяртэльны танец", для якой кінолагу трэба было знайсці мармуровага дога.
Нягледзячы на тое, што парода лічыцца службовай, па словах дзяўчыны, знайсці ў Беларусі такога сабаку, што б змог нешта выканаць, аказалася нерэальным. Большасць догаў сталі ў нас хатнімі, канапнымі, якія ў лепшым выпадку могуць схадзіць на выставу.
Рашэнне знайшлося вельмі хутка, Вольга прапанавала свайго ўласнага гадаванца пароды радэзійскі рыджбек, якая на момант здымачнага працэсу была даволі экзатычнай для нашай краіны.
"Тры тыдні сабаку мэтанакіравана рыхтавалі пад здымкаў, займаліся кожны дзень", – прыгадвае кінолаг.
Вядома, здараецца, што пад стужку знаходзіцца ўжо "гатовы" чатырохлапы актор, з якім не трэба праводзіць адмысловых трэніровак. Як зазначае Вольга, усё залежыць ад канкрэтных задач і патрабаванняў рэжысёра.
"Для кінастужкі “Сабака Руды” пра жывёл-падрыўнікоў у часы Другой Сусветнай вайны, у мяне быў вялікі падрыхтоўчы перыяд. Да здымкаў неабходна было натрэніраваць ля дзесяці сабак, якія мелі розныя задачы: яны павінны былі працаваць разам у кадры, і пад танк заведзены залазіць, і цэлы шэраг трукаў выконваць", – прыгадвае Вольга.
Спецыяльна для гэтага кінолаг выбірала са сцэнара ўсе неабходныя сцэны, пад кожную ролю шукала канкрэтнага чатырохлапага актора, кожны з якіх вучыўся сваім трукам. Па словах Вольгі, гэта ўсё, як у людзей.
Прадугледжаны для жывёл-актораў і свой райдар. Звычайна ён уключае правілы бяспекі і паводзін здымачнай групы, рацыён харчавання, колькасць гадзінаў працы і, вядома, аплату. Умовы могуць змяняцца ў залежнасці ад ступені складанасці самой карціны і занятасці жывёл-актораў у ёй.
Бываюць выпадкі, калі сабаку трэба хутка абучыць непасрэдна ў працэсе. Так, распавядае Вольга, здымаючы чарговую серыю "Мухтара" на адной з пляцовак для выгула раптоўна ўзнікла ідэя, каб сабака прайшоўся па бервяну. Літаральна за 15 хвілін кінолагу давялося абучыць свайго "гадаванца" новаму навыку.
"Я ніколі не кажу катэгарычна “Не!” Акрамя тых выпадкаў, калі гэта можа быць сапраўды небяспечна. Так па сцэнару “Сабака Руды” жывёлы павінны былі кідацца пад танкі. Я адразу папярэдзіла, што ніводны мой “актор” гэтага рабіць не будзе. Бо сабакам не ўсё можна патлумачыць. А танк – гэта машына, дзе шмат рухомых механізмаў і дэталяў. Любая памылка ці неправільны рух можа прывесці да сур'ёзных траўм ці летальнага сыходу", – кажа Вольга.
Здымачная група пагадзілася з кінолагам, і каб не змяняць сцэнар выйсце знайшлося праз пэўныя тэхнічныя рашэнні і крэатыўную аператарскую работу.
"Пад час здымкаў не пацярпела ніводная жывёла"
Гледзячы галівудскія карціны з масавымі батальнымі сцэнамі, дзе коні ў літаральным сэнсе падаюць, зарываюцца мордамі ў зямлю перад камерамі, здзіўляешся выразу ў самым канцы цітравай стужкі: "Пад час здымкаў не пацярпела ніводная жывёліна".
І ў гэта сапраўды хочацца верыць, асабліва ўлічваючы факт, што гэту спецыяльную адзнаку фільмы атрымоўваюць ад Амерыканскай асацыяцыі за гуманныя адносіны да жывёл (American Humane Association).
Аднак не так даўно газета The Hollywood Reporter раскрыла непрыгожы і непрыемны падман, пра які пісалі рускамоўныя медыя. Згодна з інфармацыяй The Hollywood Reporter, многія галівудскія карціны атрымоўвалі адабрэнне некамерцыйнай зааабарончай арганізацыі, але па факту няшчасныя выпадкі на здымачнай пляцоўцы здараліся.
Так, пад час здымак першай часткі "Піратаў Карыбскага мора" загінула некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў марской фаўны праз вадзяныя выбухі, якія спецыяльна рабіліся для эфектнай карцінкі.
У ходзе здымачнага працэсу фільма "Хобіт: нечаканае падарожжа" пацярпела аж 27 жывых істот. Жорстка абыходзілася і з сабакаю ў карціне "Белы палон".
У нашай краіне адказнасць за жывёл-актораў на пляцоўцы нясе дрэсіроўшчык ці кінолаг, калі ён прысутнічае на здымках.
Са свайго прафесійнага досведу Вольга Дзядзюля, на жаль, ведае пра няшчасныя выпадкі з жывёламі. Некаторыя з іх здараюцца па-за здымачнай пляцоўкай, як напрыклад, у аднаго з першых "Мухтараў" адбыўся заварот кішкоў, што вельмі цяжка аперыруецца і найчасцей сканчаецца летальна.
Бываюць трагедыі і на самой пляцоўцы. Так, на здымках стужкі "1612: хронікі смутнага часу", у якой Вольга прымала ўдзел у групе вершнікаў, адзін з коняў павінны быў зрабіць вельмі складаны трук – падсечку, – падзенне на хаду.
"Мяне ў той дзень якраз не было. Але са слоў сведкаў, чамусьці ад самага пачатку ўсё пайшло не так, на кожным этапе падрыхтоўкі былі свае касякі. І па выніку конь няўдала ўпаў, атрымаўшы пералом нагі несумяшчальны з жыццём. Давядося яго ўсыпіць", – прыгадвае кінолаг.
Таму для самой спецыялісткі бяспека яе "гадаванцаў" і людзей на пляцоўцы важней за ўсё. Непасрэдна перад пачатка здымачнага працэсу Вольга абавязкова праводзіць інструктаж, агаворваючы ўсе моманты. І сваю прысутнасць на складаных сцэнах яна лічыць абавязковай, каб можна было папярэдзіць непрыемныя выпадкі.
"Адзінае траўма небяспечнае здарэнне ў мяне абдылося на здымках пілотнага эпізода «Сабака Руды». Сабака-актор ехаў у кузаве грузавіка і ў нейкі момант ён пераўзбудзіўся, паспрабаваў выскачыць, і так няўдала прызямліўся, што заднім колам яму праехалі па лапе. Але за кошт таго, што ў палутаркі «прычэп» лёгкі, ніякай траўмы сабака не атрымаў. І нават змог працягнуць здымацца", – прызнаецца яна.
Кіназоркамі не нараджаюцца, імі становяцца
Як прафесійны кінолага Вольга мае багатую кліентскую базу, з якой яна і выбірае актораў. Але час ад часу яна праводзіць спецыяльныя касцінгі, калі неабходна знайсці, напрыклад, кагосьці выключнага і незвычайнага, ці цікавіцца ў сваіх калег-дрэсіроўшчыкаў. А вось у пітомнікі звяртаецца рэдка.
Здараецца, што неабходны сабачка знаходзіцца выпадкова, як гэта было для серыяла "Чырвоная каралева". Рэжысёрка карціны вельмі хацела для гераіні стужкі сабачку пароды карлікавы пудзель, але незвычайнай і вельмі рэдкай масці – персікавай.
"Алёна Сямёнава, рэжысёрка, проста вось так бачыла гэту карціну – Тата і карлікавы персікавы пудзель. Але мала таго, што ў цэлым знайсці такую пароду – праблематычна, а яшчэ і такой афарбоўкі... Да ўсяго сабака павінны быць лёгка адаптыўным і сацыялізуемым. Нягледзячы на тое, што перад ім не стаяла ніякіх складаных задач, але варта разумець, што на пляцоўцы знаходзіцца шмат людзей, адбываеца мітусня і жывёлам бывае цяжка сканцэнтравацца. Акрамя таго, сабаку даводзіцца паўтараць адно і тое ж дзеянне некалькі разоў, і рабіць яго аднолькава. Ім гэта цяжка зразумець", – тлумачыць Вольга.
Але знайсці такога спецыфічнага героя дапамог выпадак. Знаёмая кінолага зусім выпадкова сутыкнулася з неабходным сабачкам у адным са сталічным двароў. Пасля некалькіх проб яго ўзгаднілі для карціны. І па словах Вольгі, ролю сваю ён выканаў выдатна.
Патрапіць на экраны могуць не толькі пародзістыя сабакі. Найчасцей для фільмаў якраз больш патрэбны дваравыя. Бо як зазначае Вольга, у айчынным кіно для жывёлаў рэдка бываюць "галоўныя" ролі, хутчэй – ажывіць кадр: прабегчы ў ім, пасядзець ці падаць голас.