Лісты шпінату ўтрымліваюць багатую разнастайнасць вітамінаў і карысных рэчываў: ёду, бялку, жалеза і калію. Шмат у расліне і клятчаткі, што дапамагае працаваць кішэчніку. Кажуць, што шпінат здольны станоўча паўплываць на вырашэнне праблем з нервовай сістэмай, пры знясіленні, цукровым дыябеце, спрыяе зніжэнню вагі і паляпшэнню знешняга выгляду скуры, пазногцяў, валасоў і зубоў.
Але асцярожнымі са шпінатам трэба быць людзям, якія пакутуюць на мачакаменную і жоўцекамянёвую хваробы, ныркавую недастатковасць, а таксама тым, хто мае праблемы з суставамі.
Для супу нам спатрэбяцца:
- 2-3 сярэднія бульбіны;
- сярэдняя морква;
- вялікая цыбуліна;
- 5-6 невялікіх шампіньёнаў;
- паўпачкі марожанага шпінату ці 2-3 пучкі свежага;
- соль і спецыі па смаку
Першае, што неабходна зрабіць, — падтрыхтаваць усе прадукты: пачысціць і памыць бульбу і моркву, нарэзаць дробнымі кубікамі, тое ж зрабіць з цыбуляй і грыбамі. Калі шпінат свежы, то наразаем яго як мага драбней.
Затым ставім на пліту каструлю з вадой і разаграем патэльню. Як толькі вада ў каструлі закіпіць, закідваем варыцца кубікі морквы і бульбы. Не забываем падсаліць. У гэты ж час наліваем алей у патэльню і пачынаем падсмажваць цыбулю, грыбы і шпінат. Да начынкі дадаем спецыі: перцу, сухой зеляніны, крыху карыцы ці гваздзікі, напрыклад, і ў самым канцы — лаўровы ліст.
Увага: Каб начынка на патэльні падтушвалася хутчэй, апалонікам дадаем крыху кіпеню з каструлі, дзе варыцца бульба і морква.
Як толькі гародніна на патэльні прыгатуецца, асцярожна скідваем яе ў каструлю і даем паварыцца яшчэ колькі хвілін. Галоўнае — упэўніцца, што морква і бульба ўжо мяккія.
Дайце супу яшчэ некалькі хвілін пастаяць ўжо на выключанай канфорцы і разлівайце па порцыях. Да першай стравы можна дадаць веганскай смятаны ці поснага маянэзу, а можна есці без дадатковага «соусу». Аднак такі суп лепш смакаваць са скрылькамі жытняга, крыху падсушанага хлеба.
Смачна есці!