Зялёны партал наведаў абодва раёна, каб распавесці вам пра іх.
Цагляны гарадок з дызайнерскімі крамамі, тэатрамі і блашыным кірмашом
Творчы гарадок Тэлісківі (у перакладзе – “цагляны”) – самы вялікі крэатыўны цэнтр у Эстоніі. Ён утварыўся на месцы старога чыгуначнага дэпо і электратэхнічнага заводу імя Калініна. Займае 11 будынкаў, у некаторых захаваліся старыя вокны і дзверы, амаль усюды – старая кладка, як і вынікае з назвы квартала, цагляная. Побач знаходзіцца Балтыйскі чыгуначны вакзал.
Па Тэлісківі цягнуцца зарослыя рэйкі, а адна з кавярняў уяўляе сабой савецкі вагон, якія дасюль у Беларусі ездзяць па прыгарадных маршрутах. Модныя кавярні творчага гарадка ўпісваюць у свой абавязковы маршрут па Таліне карыстальнікі TripAdvisor. Адна з іх завецца “Дэпо”. Па атмасферы Тэлісківі нагадвае мінскую Кастрычніцкую неверагодна, да таго ж – графіці, графіці ўсюды і самыя розныя.
У Тэлісківі шмат дызайнерскіх крам, букініст. Набыць можна амаль што заўгодна, ад хэнд-мэйду, экалагічнай ежы і мэблі да брэндавага адзення. Яшчэ тут цікавыя пляцоўкі для вулічных актыўнасцяў і арт-аб’екты, шматлікія галерэі і культурніцкія прасторы. У прасторах праходзяць нават міжнародныя імпрэзы.
Па суботах тут арганізуецца блашыны кірмаш, па аўторках – танцы, а ў любы дзень – спантанныя спартовыя спаборніцтвы. За год праходзіць каля 600 канцэртаў, выстаў і іншых культурніцкіх імпрэз… І каля мільёна гасцей. Сярод найбольш вядомых падзей – фестываль вулічнай ежы ў чэрвені.
А яшчэ ў Тэлісківі – цэлыя два тэатры. У раёне ёсць нават офісы, пераважна крэатыўных кампаній і НДА Тут знаходзіцца сядзіба арганізатараў Tallinn Music Week, імпрэзы якога ў красавіку “захопліваюць” цэлы горад далёка за межамі квартала.
З Тэлісківі відаць Стары горад, ісці да яго хвілін 10 – 15. Недалёка – раёны з драўлянай забудовай. Шматкватэрныя дамкі на 2 – 3 паверхі, якія ў Беларусі чамусьці прынята зваць баракамі і зносіць. Практычна цэнтр і ў той жа час не зусім стандартна-турыстычнае месца.
Тэлісківі стаў перабудоўвацца ў 2007-м, у 2009-м напоўніцу запрацаваў як культурніцкі кластэр, а ў 2012-м выйшаў на самаакупляльнасць. Бадай, самае цікавае, што гэта ўсё было зроблена без субсідый уладаў, горада ці Еўрасаюзу, на сродкі самой крэатыўнай супольнасці.
Месца са "Сталкера", дзе тусуюцца эстонскія хіпстэры
Квартал Ротэрмана знаходзіцца нават бліжэй да Старога горада Таліна за Тэлісківі, амаль каля брамы Віру, што засталася ад старых крэпасных муроў. Квартал заснаваны ў 1829 годзе купцом Крысціянам Абрамам Ротэрманам.
Да Другой сусветнай вайны тут у розныя часы працавалі саляны склад, лесапільня, млын, пякарня, гандлёвыя офісы, аўтасалон, мастацкі музей, кінатэатр, фабрыкі па апрацоўцы воўны і льну, вырабе парцаляны, дэкаратыўнага шкла і нават гарэлкі.
У савецкі час квартал моцна заняпаў, хаця да 1980-х тут дзейнічаў хлебзавод. Большасць тэрыторыі была закінутая і даволі атмасферная, Андрэй Таркоўскі нават здымаў у квартале некаторыя сцэны для фільма “Сталкер”.
Рэнавацыя Горада Ротэрмана пачалася раней за Тэлісківі, магчыма, дзякуючы блізкасці Старога горада. Ужо ў 1996-м у будынку салянога склада адкрыўся Музей архітэктуры. Аблічча раёна змянілася даволі моцна, некаторыя старыя цагляныя будынкі зусім не пазнаць за шклянымі фасадамі. Цяпер тут дзейнічае мульцікінакомплекс на 11 экранаў, шмат рэстаранаў, буцікоў, крамы крафтавага піва, высокаякасных сыроў, медклінікі, офісы, салоны прыгажосці, студыя танцаў, гатэль і хостэл…
Ёсць арт-аб’екты і дзіцячая пляцоўка. Пры ўсёй дэмакратычнасці квартал успрымаецца як даражэйшы за Тэлісківі і па атмасферы нагадвае хутчэй мінскую Зыбіцкую, чым Кастрычніцкую.
У квартале Ротэрмана месціцца Талінскі Дом дызайну, але гэта нашмат сур’ёзней за хэнд-мэйд крамы і сядзібы невялікіх брэндаў Тэлісківі. Пра крамы ў квартале Ротэрмана яго сайт паведамляе: “характарызуюцца словамі “мода”, “якасць” і “кошт”.
Найбольш візуальна пазнавальныя сімвалы Горада Ротэрмана – бадай, стары высокі комін і шкляныя канструкцыі, надбудаваныя над двухпавярховым прамысловым будынкам з цэглы. Шмат турыстаў заходзіць сюды выпадкова, хаця квартал варты таго, каб адмыслова запланаваць па ім вандроўку.
Што да Мінска, то развіццё заняпалых прамысловых тэрыторый урбаністы называюць адной з ключавых праблем. Па некаторых ацэнках, прамысловыя тэрыторыі займаюць каля траціны тэрыторыі горада, што значна перавышае паказчыкі іншых еўрапейскіх сталіц (5–6 % плошчы).
Рэдывэлапмэнт такіх тэрыторый, калі яны ўжо не выкарыстоўваюцца, складае значны патэнцыял развіцця канцэпцыі кампактнага горада.