28.07.2015 / 12:07

Пад мілагучныя мелодыі вінілу летнім вечарам у «Чырвоным дворыку» па вуліцы Рэвалюцыйнай афіцыйна прэзентавалі блог Zucchini Blog. На гэтым рэсурсе будуць збірацца арыгінальныя рэцэпты страў, гісторыі вегетарыянцаў і ў цэлым інфармацыя пра культуру смачнага харчавання без мяса.

На мерапрыемстве, якое было арганізавана з нагоды запуску праекта Zucchini Blog, можна было пакаштаваць сапраўднае марожка для веганаў, хлябцы для сыраедаў, вегбургеры і іншыя экзатычныя стравы, а заадно пазнаёміцца з тымі, хто іх прыгатаваў, навучыцца рабіць прысмакі самастойна ў майстроў вегетарыянска-веганскай кухні.

«Ідэя ўзнікла даўно, яшчэ ў 2012 годзе. Вакол мяне было вельмі шмат сяброў-вегетарыянцаў — класных, прыгожых, разумных і паспяховых, якія натхнілі мяне адмовіцца ад ужывання мяса. Мне захацелася расказаць пра іх усім людзям. Адсюль і з'явіўся блог, ён праіснаваў нейкі час, а пасля мне не хапіла сіл і матывацыі, каб працягваць ім займацца», — распавядае фатограф і аўтар Zucchini Blog Дар'я Бубен.

З прыходам у праект журналісткі Каці Маркавец, якая ўзяла на сябе «ўдар» па напісанню тэкстаў, блог атрымаў новы фармат, з больш глыбокімі і змястоўнымі інтэрв'ю.

«У мяне не было сяброў, якія падштурхнулі б адмовіцца ад мяса. Таму мне хочацца, каб людзі знаходзілі для сябе цікавую і карысную інфармацыю на старонках нашага блогу», — дадае яна.

Нягледзячы на тое, што сёння вегетарыянства, веганства і сыраедзенне хутчэй можна аднесці да культуры «фрыкаў», якая ў адных выклікае захапленне, а ў іншых абсалютна негатыўнае адмаўленне, Дар'я і Каця вельмі радуюцца, што ўсё ж такога кшталту мода харчавацца пайшла ў народ.

«Мне нават падабаецца, што гэта модна і прыгожа. І не бачу праблемы ўключэння ў сваі шэрагі людзей, якім хочацца быць на хвалі», — кажа Дар'я.

«Вось мода на ўжыванне спайсу і іншых наркатычных рэчываў — гэта дрэнна. А тут гаворка ідзе пра свядомае харчаванне, якое змяняе не толькі цела чалавека, але і яго ўнутраны свет. Таму няхай будзе такая мода!» — рэзюмуе Каця.

Такім чынам, дзяўчаты разлічваюць, што праектам зацікавяцца не толькі актыўныя вегетарыянцы, але і людзі, якія вагаюцца ці баяцца ўключыцца ў рух праз нейкія сталыя стэрэатыпы. Магчыма, будзе інтарэс да яго і ў тых, хто есь мяса. Расказваючы гісторыі і пра ўласны вопыт, аўтаркі спадзяюцца, што стане больш людзей, якія ўсведамляюць, што і навошта яны ядуць, якім чынам з'яўляюцца прадукты на іх стале, чым яны напічканы, і ці пагражаюць здароўю.

«Пытанне ж не ў тым, каб цалкам адмовіцца ад жывёльных прадуктаў, а ва ўсведамленні свайго выбару, наколькі людзі разумеюць, як харчы здабываецца. І калі чалавек гатовы далей спажываць, тады чаму б і не? Гэта індывідуальная справа кожнага», — падкрэслівае Дар'я.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость