28.08.2019 / 16:08

Местачковыя фестывалі маюць свой асаблівы каларыт. Яны здольны паказаць багацце лакальнай культуры, аб'яднаць розных людзей, а галоўнае – распаліць жыццё мясцовасці. Так сталася на першым пленэры і фестывалі эксперыментальнай керамікі, што прайшоў у Лынтупах, на памежжы з Літвой.

Пад коламі аўтамабіля шуршыць гравейка. Яна змяёй віецца сярод густога цёмнага лесу. У некаторых месцах хуткасць даводзіцца скідаць да 30 кіламетраў, каб не зляцець у гушчар. І так каля 10 кіламетраў крадком дабіраемся да гарадскога пасёлка Лынтупы, дзе пачнецца асфальт.

Мястэчка знаходзіцца на самай мяжы з Літвой. Для мясцовых па абодва бакі існуе пераход. Заезжым гасцям жа трэба быць гатовымі да памежнага кантролю на пад'ездзе і трымаць пашпарты пабліжэй.

У ваколіцах Лынтуп ёсць адразу некалькі месцаў для адпачынку на прыродзе — стаянка ля возера Балдук на тэрыторыі Нацпарку "Нарачанскі", аграсядзібы ў Вайшкунах і Трабуцішках, а таксама комплекс "Блакітныя азёры". Таму турыст тут нярэдкасць, але ў будучым іх стане больш. Хаця пра гэта пазней.

Існаванне мястэчка сёння ўкладаецца ў ціхае русла жыцця на водшыбе, калі яркія падзеі — справа рук саміх мясцовых.

Адной з іх стаў плэнер і фестываль эксперыментальнай керамікі "Дым", што праходзіў на тэрыторыі мясцовага культурніцкага цэнтра "Культыватар". Напрацягу двух тыдняў мастакі-керамісты з Беларусі, Расіі і Балгарыі жылі і тварылі гліняныя цуды апаленыя "жывым" агнём.

Гэта стала магчымым пры падтрымцы Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання "Deutscher Volkshochschul-Verband e.V." (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь і садзейнічанні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі (BMZ).

"Усё, пра што марылася, чыталася ў кніжках, глядзелася ў інтэрнэтах, мы змаглі паспрабаваць рэалізаваць. Атрымалася ажыццявіць практычна ўсе планы, акрамя салянога абпалу, на які проста не хапіла часу", — дзеліцца сакуратарка пленэру Анастасія Мілаванава.

Напачатку арганізатары задумвалі зрабіць яго як міжсабойчык, запрасіць знаёмых беларускіх майстроў, каб усё абсталяваць, а на наступны раз ладзіць больш маштабнае мерапрыемства. Аднак пры пошуку керамістаў праз тэматычныя суполкі і чаты не ўдалося набраць задуманую колькасць удзельнікаў, дзеліцца дзяўчына і дадае, што людзі апраўдаваліся аддаленасцю мястэчка. Таму дабіралі з тых, хто адгукнуўся з іншых краін. Так першы пленэр адразу ж набыў статус міжнароднага.

Прыцягнулі да творчасці і мясцовых людзей — мастакі вучылі дзетак абыходзіцца з глінай, ствараць практычныя і дэкаратыўныя вырабы.

Завяршыўся пленэр вялікім фестывалем, што разгарнуўся адразу на двух пляцоўках. У дворыку "Культыватара" можна было паглядзець на створаныя прадметы: вазы, посуд, скульптуры, свяцільнікі, упрыгожанні — бясконцае мноства фігур на любы густ. Тут жа можна было пазнаёміцца з аўтарамі ці набыць выраб, які запаў у душу. Для асабліва апантанных праходзілі майстар-класы па лепцы і абпалу. Таму ў прынцыпе дадому магчыма было забраць і ўласны рукатвор.

"З прадметаў, якія застануцца, мы зладзім выставу ў Мінску, на Макаёнка. Некаторыя работы ўжо пададзены на выставу "Восеньскі салон", — падкрэслівае Анастасія. Такім чынам, пленэр яшчэ доўга будзе адгукацца ў культурніцкай прасторы.

На плошчы ля выканкаму размясціліся выставачна-гандлёвыя кропкі майстроў і пастаўскага дома рамёстваў "Стары млын". Маляваныя дываны, тканыя паясы павольна луналі па ветры, запрашаючы гасцей. Старую мастацкую тэхніку, што ў свой час захапляла Язэпа Драздовіча і Алену Кіш, сваімі рукамі аднаўляюць супрацоўнікі рамесніцкага цэнтра.

Тут жа можна было пачаставацца стравамі мясцовай кухні: бульбяныя клёцкі з тварагом, мясам ці грыбамі, пірагі з разнастайнымі начынкамі — усе рэцэпты рупліва вышуківае і захоўвае клуб нацыянальнай кухні.

Чакала гасцей і экзатычная гастранамічная прапанова ад партнёраў фестываля Podlaskie Smaki, што непасрэдна на месцы гатавалі і частавалі ўсіх жадаючых карпачо, асновай якому паслужылі лакальныя прадукты. Нарэзаныя тонкімі скрылькамі запечаныя бурачкі, з арэхамі і семачкамі сланечніка, прыпраўленыя яблачным воцатам, алеям і зелянінай, разляталіся ў імгненне.

Дзякуючы цеснай супрацы з польскім бокам, на Лынтупшчыне з'явіцца сталы турыстычны веламаршрут, які ахопіць адразу некалькі населеных пунктаў: вёскі Каптаруны, Вялічкі, самі Лынтупы, Трабуцішкі і хутар на возеры Балдук. Праект рэалізоўваецца ў рамках праграмы польскага Міністэрства замежных спраў Polska pomoc, скіраванай на краіны Усходняга партнёрства.

Па словах першай сакратаркі польскай Амбасады ў Мінску Магдалены Сідаровіч, яны зацікаўлены ў фінансаванні праектаў турыстычнай галіны і бачаць інтарэс у наведанні Беларусі з боку польскіх грамадзян.

"У рамках гэтага праекта будзе рэалізоўвацца так званая турыстычная сетка, заснаваная на існуючых аграсядзібах. У планах мадэрнізаваць іх інфраструктуру, а таксама прасоўваць лакальныя прадукты, хатнія стравы. Такі накірунак зараз вельмі папулярны ў еўрапейскіх краіных", — зазначае Магдалена Сідаровіч.

Тым больш, што мясцовасць можа пахваліцца разнастайнасцю і па прысмаках. Так, напрыклад, быў вынайдзены і адноўлены рэцэпт лынтупскага перніка. Па паданнях, што знайшоў мясцовы краязнаўца Алесь Гарбуль, у свой час пернік сыграў вырашальную ролю ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага, на нейкі час захаваўшы незалежнасць дзяржавы перад Каралеўствам Польскім і забяспечаўшы бяспечнае становішча віленскаму ваяводзе Яну Даўгірдаву, а таксама ўсёй яго сям'і. Зараз жа рэцэпт аднавілі і папулярызуюць мясцовыя жыхары.

Аднак беларуская культура багатая не толькі на кулінарныя вынаходніцтвы. Забаўляльную праграму распачаў выступ фальклорнага калектыву з вёскі Гута. Напачатку крыху саромячыся ў танцы дзеці разышліся ў народнай гульні "Яшчур", да якой падключылі наведвальнікаў.

Калі сонца стала хіліцца да гарызонту, гасцей фестываля чакаў канцэрт камернага аркестра ў касцёле святога Андрэя, праспансаваны тэлеканалам "Самміт+ТВ". Сказаць па праўдзе, лепшае спалучэнне музыкі і месца наўрадці можна знайсці — гукі класікі запаўнялі ўсю прастору, даносіліся да кожнага слухача, працінаючы наскрозь.

На змярканні пачаўся ўжо зусім іншы сакрамэнт – варажба з танцамі і бубнамі ад этнастудыі "Кетры". Ды й выступ легендарнага этна-фьюджн бэнда "Kriwi", што калісьці падарыў нам новае, сучаснае гучанне народных песень.

Аднак кульмінацыі фестываля чакалі, бадай, больш за ўсё. Напрыканцы павінна было пачацца незвычайнае вогненае шоў — раскрыццё скульптуры Локіса, якую абпальвалі непасрэдна на плошчы.

Па паданнях Локіс — пераверцень чалавека ў мядзведзя з літоўскай глыбінкі. Калісьці сваю версію гэтай гісторыі апісаў французкі пісьменнік, этнограф і археолаг Праспэр Мэрымэ. Сёння ж легенда, пераказаная Алесям Гарбулём, так уразіла расійскіх мастакоў-керамістаў, што яны ўзяліся стварыць вобраз пераверцня ў скульптуры, але зрабілі яго больш сучасным.

"Перад паездкай на пленэр мы пастараліся крыху азнаёміцца з гісторыяй мястэчка і мясцовым фальклорам. Апынулася, што месца гэта вельмі цікавае. Паразмаўляўшы з Алесем Гарбулём, мы толькі ўзмацнілі сваю канцэпцыю, што ўжо нарадзілася на той час.

Паданне ж прыгожае і сканчаецца трагічна — пылаючы мядзведзь у ахопленым агнём доме, падпалены яго нявестай. Мы зрабілі сучасную інтэрпрэтацыю: фігуру звера ў спартыўным касцюме, які размаўляе са сваёй каханай па мабільным тэлефоне", — апісвае ідэю Ніна Паўлава, мастачка-керамістка з Санкт-Пецярбурга.

І сапраўды, легенда бы ажыла, калі ў поўнай цемры разгарнулі скульптуру і імправізаваны распалены мядзведзь на картанах заходзіўся полымем пад захопленыя воклікі самых церпялівых гасцей.

Так у агнях скончыўся першы лынтупскі фестываль, што змог аб'яднаць у сабе гісторыю і сучаснасць, кераміку, агонь і стравы, а галоўнае – людзей.

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость