28.09.2021 / 10:09

Гаворка пра раён вуліц К. Лібкнехта, Волаха і Купрыянава (раён Ружачкі). Пакуль пад петыцыяй 64 подпісы. Яе плануюць накіраваць у адміністрацыю Маскоўскага раёна Мінска, Мінскзелянбуд і ЖКГ №1 Маскоўскага раёна Мінска.

Фота - wikimedia.org
Фота - wikimedia.org

Жыхары раёна скардзяцца, што жывуць у неспрыяльных экалагічных умовах: раён знаходзіцца на перакрыжаванні некалькіх транспартных вузлоў (вул. Няміга і вул. Бабруйская, пр-т Дзяржынскага і пр-т Жукава) і чыгуначнага вакзала.

Побач з імі – Грушаўка, дзе самы высокі ў Мінску ўзровень канцэнтрацыі цвёрдых часцінак, а сквер і сажалка Мухля паміж вуліцамі Волаха і Купрыянава фактычна закрываюць сабой прамысловую зону ўздоўж суседняй вуліцы Харкаўскай (жыхары гатовыя падцвердзіць гэта дакументамі і фота, які ёсць у адной з заяўніц).

«На цэлы раён ёсць толькі два невялікіх сквера Маламядзвежынскі і Лютэранскі. У Лютэранскім скверы дзесяць гадоў таму было высечана шмат дрэваў для будаўніцтва гарадской трасы для падаўжэння 1-га транспартнага кальца.

Апошнія некалькі гадоў праводзіцца бескантрольная высечка дрэваў у скверах і ў дварах супрацоўнікамі ЖЭСаў, зрубленыя галіны доўгі час ляжаць пасярэдзіне двароў», – пішуць аўтары петыцыі.

Гэта адмоўна ўплывае на паказчыкі здароўя і пагаршае ўзровень жыцця мясцовых жыхароў, сярод якіх шмат сталых людзей. Тым часам, звяртаюць увагу жыхары, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь знаходзіцца на 3-м месцы па адноснай смяротнасці ад хвароб, звязаных з забруджваннем паветра. Акрамя таго, на мапе забруджванняў і неспрыяльных участкаў Мінска раён праспекта Дзяржынскага пазначаны першым, як тлумачыла эколаг Наталля Блышчык, супрацоўніца праграмы па хімічных рэчывах і адходах Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Як удакладняюць стваральнікі сэрвіса Petitions.by («Удобный город»), ён заблакаваны ў Беларусі, але дасяжны праз VPN. Збіраць подпісы на ім – законна, бо пры стварэнні петыцый выконваюцца ўсе патрабаванні да электронных зваротаў у межах закона «Аб зваротах грамадзян і фізічных асобаў»

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость