28.10.2015 / 19:10

Добрыя бацькі заўсёды імкнуцца нечым зацікавіць сваіх дзяцей. Хтосьці перадае дзецям свае інтарэсы, а хтосьці шукае цікавыя гурткі, у якіх дзецьмі займуцца прафесійныя педагогі.

Выбар гурткоў даволі часта зводзіцца да шэрагу спартыўных секцый альбо музычных і танцавальных школаў. Аднак не толькі спортам і мастацтвамі абмяжоўваецца адукацыйная прастора для дзяцей. Акрамя гэтага ёсць нямала цікавых гурткоў экалагічнай накіраванасці. Любоў да прыроды – толькі адзін з вынікаў навучання ў такіх аб’яднаннях па інтарэсах. Акрамя гэтага яны даюць веды і навыкі, якія для многіх становяцца жыццёва важнымі. То бок зацікавіўшыся навакольным асяроддзем дзеці з цягам часу абіраюць звязаныя з ім прафесіі.

Гомельскі абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі – гэта месца, дзе кожнае дзіця і падлетак знойдзе цікавы для сябе гурток экалагічнай накіраванасці. Гэтая адукацыйная арганізацыя з доўгай гісторыяй зараз прапануе дзецям каля 60 гурткоў! Іх тэматычная накіраванасць вельмі розная – ад фітадэзайну да экатурызму і кіналагічнага гуртка. Эколага-біялагічны цэнтр працуе і з зусім маленькімі дзецьмі 4-5 гадоў і з падлеткамі, якія сканчаюць школу.

Акрамя гурткоў на базе гэтай установы дзейнічаюць і навуковыя праекты – напрыклад экашкола, у якой цягам двух гадоў дзеці вывучаюць розныя аспекты экалагічнай навукі, ездзяць у экалагічныя экспедыцыі і пішуць навуковыя працы. Шматлікія навучэнцы цэнтру удзельнічаюць у беларускіх і міжнародных навуковых злётах і конкурсах, дзе часта займаюць першыя месцы.

Таму калі вы хочаце, каб вашыя дзеці сапраўды зацікавіліся прыродай і каб іх экалагічная культура апіралася на навуковыя веды – схадзіце ў эколага-біялагічны цэнтр і знайдзіце гурток цікавы для іх. Асабліва падабаецца дзецям жывы куток, які сапраўды ўражвае колькасцю яго насельнікаў. Невялікі фотарэпартаж з яго мы і прапануем вашай увазе.

Автор:
Фотограф:
Віталь Махнач
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость