28.10.2016 / 18:10

У Германавіцкай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна адбылося ўрачыстае адкрыццё першага ў Беларусі спецыялізаванага экалагічнага класа «Прырода роднага краю» па ўстойліваму выкарыстанню прыродных рэсурсаў. Клас створаны пры фінансавай падтрымцы міжнароднага праекта ПРООН і Фонда Кока-Кола «Будаўніцтва патэнцыяла мясцовых згуртаванняў у пытанні ўстойлівага кіравання воднымі рэсурсамі з мэтай захавання балота Ельня».

Праект стартаваў у студзені 2016 года на тэрыторыі верхавога балота Ельня ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці. Мяркуецца, што ініцыятыва дапаможа павысіць інфармаванасць мясцовага насельніцтва ў пытаннях устойлівага кіравання прыроднымі рэсурсамі і балотам Ельня — у прыватнасці, а таксама будзе садзейнічаць развіццю экатурыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

— Кожная справа пачынаецца з ідэі, — лічыць намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі. Ідэя ажыццяўлення нашага праекта сфарміравалася на аснове таго, што мы маем унікальныя прыродныя ландшафты, у тым ліку балота Ельня, якія, безумоўна, павінны захаваць для будучых пакаленняў і выкарыстоўваць яго ў якасьці турыстычнага, гаспадарчага і, у першую чаргу, прыродаахоўнага аб’екта. У аснову ідэі было закладзенае экалагічнае выхаванне маладога пакалення, каб пакласці пачатак экалагічнай культуры.  

Юрый Васілеўскі
Юрый Васілеўскі

Юрый Васілеўскі выказаў словы ўдзячнасці Мікалаю Чэркасу, які з’яўляўся каардынатарам кампаніі «Кока-кола Беврыджыз Беларусь», за фінансавую падтрымку, Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, педагогам, якія распрацоўвалі метадычныя матэрыялы для ажыццяўлення адукацыйна-выхаваўчага працэсу ў экалагічным класе, і ўсім, хто ўдзельнічаў ў рэалізацыі праекта.

На цэрымоніі ўрачыстага адкрыцця прысутнічаў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі.

Ігар Качаноўскі
Ігар Качаноўскі

— Германавіцкім вучням пашчасціла, што іх школа знаходзіцца ў такім ўнікальным месцы, паблізу рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня», — ўпэўнены Ігар Міхайлавіч. — Гэты азёрна-балотны комплекс з’яўляецца адным з буйнейшых у Еўропе. Тут спыняюцца тысячы птушак у час пралёту, таму невыпадкова Ельня занесеная ў спіс Рамсарскіх угоддзяў. Ельня выконвае асяроддзе- і кліматаўтваральную функцыі не толькі для гэтага рэгіёна, але і для ўсяго кантынента. Не заўсёды было так добра, як сёння. У выніку масштабнай меліярацыі былі праведзеныя значныя высечкі па перыметру Ельні, назіраліся засухі, рэгулярныя лясныя і тарфяныя пажары стварылі негатыўныя ўмовы, і заказнік «Ельня» быў на мяжы страты сваёй асноўнай асяроддзеўтваральнай функцыі. З пачатку 1990-х гадоў спецыялісты прынялі шэраг мер па ліквідацыі наступстваў меліярацыі, і ўжо сёння мы бачым станоўчыя вынікі гэтай працы.

— Каб падтрымліваць усталяваны рэжым выкарыстання і аховы заказніка, неабходныя граматныя спецыялісты. Стварэнне экалагічнага класа павінна павысіць узровень інфармацыйнага забяспячэння ведамі мясцовага насельніцтва. Апошнім часам у Беларусі ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага экалагічнаму выхаванню, яно ўзводзіцца ў ранг прыярытэтнага ў стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Чалавек, які не мае высокай экалагічнай культуры, не можа прыняць канструктыўнае рашэнне ў гаспадарчай дзейнасці на сваёй зямлі, — лічыць намеснік міністра.

Са словамі ўдзячнасці да ўсіх партнёраў, якія працавалі над ажыццяўленнем праекта, звярнулася Іна Клемянкова, прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі. Яна выказала задавальненне ад вынікаў працы і падкрэсліла, што праект не толькі дапамагае скласці экалагічную і эканамічную ацэнку экасістэмы Ельні, але і мае важны адукацыйны складнік і накіраваны на вельмі правільную мэтавую аудыторыю — дзяцей.

Іна Клемянкова выказала спадзяванне, што экалагіны клас будзе сапраўды садзейнічаць павышэнню інфармаванасці мясцовага насельніцтва, і дзеці, якія атрымаюць веды ў школе, будуць дзяліцца з імі са сваімі бацькамі.

Іна Клемянкова
Іна Клемянкова

Прадстаўнік вытворчага прадпрыемства «Кока-Кола Беврыджыз Беларусь» Анжэліка Мельнікава адзначыла, што дадзены праект з’яўляецца адным са шматлікіх, якія ажыццяўляліся ў цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прычыну поспеху рэалізаваных праектаў прадстаўнік кампаніі бачыць у тым, што ўсе яны ажыццяўляліся з душой. Супрацоўніцтва з ПРААН у Беларусі, па яе словах, вядзецца ўжо даўно. Анжэліка Мельнікава нагадала пра доўгатэрміновы сумесны праект «Уратуем Ельню разам», які ажыццяўляецца ў рамках глабальнай праграмы «Новы свет: ініцыятывы ў галіне інклюзіўнага і ўстойлівага развіцця чалавечага патэнцыялу».

Анжэліка Мельнікава
Анжэліка Мельнікава

— Неабходна, каб людзі разумелі, што трэба рухацца далей, захоўваць тое, што ёсць, і памнажаць тое, што нам дала прырода, — падагульніла яна.

Пад радасныя апладысменты прысутных адбылося ўрачыстае пераразанне чырвонай стужкі ганаровымі гасцямі.

Дырэктар Германавіцкай сярэдняй школы Людміла Маркевіч і Ігар Качаноўскі
Дырэктар Германавіцкай сярэдняй школы Людміла Маркевіч і Ігар Качаноўскі

Афіцыйнае адкрыццё прадоўжыў Мікалай Чэркас:

— Вёска Германавічы стала месцам стварэння экалагічнага класа невыпадкова. Ідэя «разгрузіць» інфармацыйны цэнтр у адміністрацыі заказніка ў Мёрах існавала ўжо даўно, бо складана абслугоўваць вялікую колькасць людзей, зацікаўленых азёрна-балотным комплексам. Германавічы ж, акрамя таго, што знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці да заказніка, з’яўляюцца яшчэ і сапраўдным культурным здабыткам, бо на тэрыторыі вёскі размешчаныя тры краязнаўчыя музеі. І гэта пры адносна невялікай, каля 500 чалавек, колькасці насельніцтва. Спрыяльныя ўмовы для фарміравання экалагічнага класа стварылі і неабыякавыя людзі, з якімі мы супрацоўнічалі ў іншых праектах. З іх ліку выйшлі новыя лідары, якія самі пачалі ствараць валанцёрскія рухі. Таму не звярнуць увагу на падрастаючае пакаленне мы не маглі.

Мікалай Чэркас
Мікалай Чэркас

Далейшае знаёмства з экалагічным цэнтрам ён правёў у форме экскурса ў свет Ельні пры дапамозе абсталяванага панарамамі памяшкання.

Экалагічны клас — гэта цудоўна абсталяванае памяшканне, падзеленае на дзве зоны. Адна знаёміць з флорай і фаунай заказніка «Ельня» пры дапамозе інтэрактыўных стэндаў, гульнявога тэрмінала.

Другая раскрывае тэму водакарыстання. Тут жа знаходзіцца зона для правядзення заняткаў.

Экалагічны клас цяпер — месца працы для вопытнага, ініцыятыўнага і натхнёнага любоўю да прыроды роднага краю настаўніка біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы Марыны Фёдаравай.

Марына Фёдарава
Марына Фёдарава

Свае метады яна прадэманстравала тут жа, падчас прэзентацыі. Прысутныя маглі разам з дзецьмі прыняць удзел у занятку па знаёмству з раслінным і жывёльным светам Ельні.

Мікалай Чэркас і Анжэліка Мельнікава звярнуліся да дзяцей са словамі прывітання і падарункамі
Мікалай Чэркас і Анжэліка Мельнікава звярнуліся да дзяцей са словамі прывітання і падарункамі

Афіцыйнае адкрыццё экалагічнага класа «Прырода роднага краю» скончылася наведваннем мясцовых краязнаўчых музеяў, дзе гасцей чакала не толькі звыклая экспазіцыя, але і цэлае тэатрэлізаванае прадстаўленне, падрыхтаванае вучнямі школы.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Экалагічнае выхаванне ў адной раённай школе, альбо Як шаркаўшчынскія вучні штогод прыбіраюць ваколіцы ад смецця

Автор:
Фотограф:
Алёна Лапацкая
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость