Шлях

Незаконныя кар’еры на Альманскіх балотах: распачатая крымінальная справа

Па факце незаконнай распрацоўкі кар’ераў у рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Альманскія балоты” распачатая крымінальная справа. 

28.11.2018 Грамадства Крыніца: ptushki.org Фота: Андрэй Абрамчук

Як удакладнілі ў Брэсцкім абласным камітэце Мінпрыроды, крымінальную справу па незаконнай распрацоўцы трох кар’ераў распачалі яшчэ ў 2017 годзе – факты парушэння дзяржаўныя органы выявілі падчас планавай праверкі ў лістападзе мінулага года.

Актывісты АПБ знайшлі, што на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» незаконна вядзецца здабыча пяску (альбо застаюцца нерэкультываванымі) яшчэ ў 5 кар'ерах. Яшчэ 5 кар’ераў распрацоўваюцца з парушэннем заканадаўства. Абласны камітэт Мінпрыроды паведаміў, што гэта інфармацыя падцвердзілася часткова.

Неабходна таксама падкрэсліць, што ў апошнія 2-3 гады на тэрыторыі рэспубліканскага заказніка «Альманскія балоты» пры будаўніцтве памежнай і іншай дарожнай інфраструктуры незаконна або з парушэннем заканадаўства распрацоўвалася каля 10 кар'ераў з агульнай плошчай каля 20 га.

У шэрагу выпадкаў распрацоўка кар'ераў прывяла да поўнага знішчэння пясчаных выдмаў/дзюнаў (то бок да змены натуральнага ландшафту) з рэдкімі біятопамі.

Сабраны экспертамі матэрыял па незаконных кар’ерах на Альманскіх балотах быў накіраваны для праверкі ў Мінпрыроды, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету.

Несанкцыянаваная распрацоўка кар’ераў была заўважаная падчас маніторынгу месцаў пражывання ахоўных відаў жывёл, а спадарожнікавыя здымкі дапамаглі дадаткова выявіць некаторыя кар’еры і лакалізаваць дакладныя месцы размяшчэння ўсіх участкаў, якіх аказалася каля дзесяці. Для трох з іх упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі ўжо пацверджаныя факты незаконнай дзейнасці.

Як паведаміў у лісце Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у лістападзе 2018 года абследаваць месца распрацоўкі кар’ераў выехалі тры інспекцыі: Столінская гарадская і раённая інспекцыя Мінпрыроды, а таксама Брэсцкая абласная і Столінская міжраённая інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Па пацверджаных фактах несанкцыянаванай распрацоўкі трох кар’ераў у Палескім лясгасе на тэрыторыі заказніка «Альманскія балоты» Следчы камітэт Столінскага раёна распачаў крымінальную справу і цяпер вядзе расследаванне.

Працягваецца праверка астатніх фактаў прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю ў выніку несанкцыянаванай здабычы агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў і несанкцыянаванага правядзення земляных работ на тэрыторыі «Альманскіх балотаў».

Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама сочыць за гэтым пытаннем.

Альманскія балоты разам з часткай украінскага Ровенскага запаведніка – гэта найбуйнейшае ў Еўропе лесабалотнае трансгранічнае Рамсарскае ўгоддзе, плошча якога складае больш за 100 000 га. Акрамя таго, Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі еўрапейскай «Ізумруднай сеткі» і Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП).

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ: Болотоведы мира призывают правительство Беларуси остановить дорожное строительство на Ольманских болотах


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 28.11.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.