28.12.2015 / 14:12

Актывістка Настасся Дарафеева была абраная старшынёй на Х з’ездзе партыі, які адбыўся 27 снежня ў Мінску. У Цэнтральны савет увайшлі новыя таварышы Таварыства «Зялёная сетка» і прадстаўнікі іншых асноўных экалагічных грамадскіх арганізацый Беларусі.

Папярэдні кіраўнік партыі – Алег Новікаў (Лёлік Ушкін), які ўзначальваў партыю з 2007 года, гэтым разам не вылучаўся. Кандыдатура Дарафеевай была падтрыманая прадстаўнікамі партыі з усіх рэгіёнаў краіны.

Галоўным дасягненнем партыі за мінулыя гады папярэдні старшыня назваў вяртанне БПЗ статуса асобнага, самабытнага суб’екта палітычнага працэсу, разбудовы ўнутрыпартыйнай дэмакратычнай культуры і сталую ды свядомую самаідэнтыфікацыю партыі з левым выбарам.

Настасся Дарафеева ў сваім выступе ў якасці новай старшыні партыі паведаміла, што «мае намер сканцэнтравацца на адукацыйных праграмах для сяброў арганізацыі, працы над новай праграмай, супрацоўніцтве з экалагічнымі, сацыяльнымі і гендэрнымі ініцыятывамі».

Настасся Дарафеева. Здымак зроблены ў 2011 годзе ў літоўскай Нідзе
Настасся Дарафеева. Здымак зроблены ў 2011 годзе ў літоўскай Нідзе

А ў прыватным каментары Зялёнаму парталу яна дадала: «Зараз вельмі важна, што да Беларускай партыі "Зялёныя" далучыліся актывісты экалагічнага руху. У наступным годзе хацелася б, каб да нас прыйшлі людзі з НДА, рухаў і нізавых ініцыятыў, якія ідэалагічна блізкія і судакранаюцца з намі па нейкіх кропках, каб яны ўключаліся ў працу. Інтэграцыйны накірунак будзе адным з галоўных у развіцці партыі. Да канца наступнага года хацелася б убачыць моцны Цэнтральны савет, які сапраўды мае культуру прыняцця рашэнняў, празрыстую і дэмакратычную, і ўменне працаваць як адна каманда. Таму ў першую чаргу неабходна будзе адбудаваць яго працу. Яшчэ адной важнай задачай, якая стаіць перад партыяй, з'яўляецца фармуляванне і прывядзенне да бягучай сітуацыі ў краіне палітычных дакументаў. Нам патрэбен будзе дакумент, дзе будуць сабраны «зялёныя» каштоўнасці, і што мы пад гэтым разумеем. Бо да гэтага часу наша платформа базавалася на Глабальнай хартыі Зялёных, але гэта вельмі агульна, і мы не можам проста іх капіраваць. Таксама важна пачаць ствараць праграму як комплекс канкрэтных прапановаў, якія можна рэалізаваць у Беларусі».

Даведка:

Настасся Дарафеева — журналістка, актыўна займалася абаронай жывёл, з'яўляецца сябрам БПЗ з 2009 года.

Автор:
Фотограф:
facebook.com, Алена Садоўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость