– Такія чытанні ўжо даўно практыкуюцца ў іншых краінах. – тлумачыць Кіра Палявая, уладальніца Кімі. – Сэнс у тым, што дзеці не заўжды чытаюць добра. Нехта можа блытаць літары, запінацца. А чалавек, які слухае, можа быць не заўжды ўважлівым і раздражняцца, стамляцца, паказваць сваім выглядам, што дзіця нешта робіць не так. Сабака ж у такім выпадку дужа церпялівы слухач, які будзе даволі ўважліва, доўга і ўдзячна слухаць.
Навагодняя акцыя ў абласной бібліятэцы выклікала дужа вялікі ажыятаж у маленькіх гамельчукоў. Больш за 30 дзетак дашкольнага і школьнага ўзросту прыйшлі прачытаць сабаку свае ўлюбёныя, а таксама адмыслова вывучаныя вершы ці прынесеныя кнігі.
– У нас пераднавагодні настрой - хочацца чагосьці цёплага і ўтульнага. А бібліятэка стварыла для гэтага ўсе ўмовы: мы зараз сядзім нібыта каля коміна ў хатняй атмасферы і сабачка вельмі файны. - каментуе маці 6-гадовага хлопчыка.
– А мне спадабалася ёй спяваць і чытаць вершы, – дадае ейны сын.
Па словах гаспадыні, 11-гадовая лабрадорка Кімі ужо не ўпершыню прыходзіць слухаць дзяцей у бібліятэку:
– Мы ўдзельнічаем у такой акцыі ўжо ў другі раз. Самому сабаку гэта дужа падабаецца, бо ён любіць людзей і ўвагу да сябе. У нас трое дзяцей і Кімі ніколі нікога не пакусала і нават не аблаяла. Яна любіць дзяцей, любіць з імі забаўляцца, але адначасова з тым ніколі не будзе навязлівай. Таму для сям'і лабрадор – ідэальная парода. А такія мерапрыемствы могуць быць карыснымі як для дзяцей, так і для саміх жывёлаў.