29.03.2016 / 13:03

На пачатку красавіка ў Беларусі пройдзе акцыя «Тыдзень лесу-2016», якая традыцыйна заахвочвае людзей далучацца да пасадак і ўборак ляснога фонду краіны. Тым самым, на думку Міністэрства лясной гаспадаркі, у грамадзян узнікае разуменне каштоўнасці і экалагічнай ролі лясоў.

З 2 па 9 красавіка 2016 года па ініцыятыве Мінлесгаса ў Беларусі ў восьмы раз пройдзе акцыя «Тыдзень лесу», у якой прымаюць удзел як прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў, так і ўсе жадаючыя грамадзяне. У гэтым годзе чакаецца, што на добраўпарадкаванне і пасадкі выйдуць не менш 80 000 дабраахвотнікаў, для якіх ляснымі гаспадаркамі вызначана ля 800 аб'ектаў.

Як заявіў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, толькі за вясну плануецца пасадзіць ля 110 мільёнаў дрэў, з якіх 70% адводзіцца іглічным насаджэнням і 30% — лісцяныя: дуб, бяроза, алешына і іншыя. Невыпадкова перавага ў пасадках аддаецца іглічным дрэвам, бо менавіта хвоя пакуль з'яўляецца асноўнай лесаўтвараючай пародай у Беларусі.

З кожным годам акцыя набывае ўсё большую папулярнасць у нашай краіне і, па словах Аляксандра Анатольевіча, адносіны людзей да прыродааховы паступова змяняюцца да лепшага. Меркаваць пра гэта можна з вопыту тушэння лясных пажараў у засушлівыя паравіны году, калі да справы акрамя спецыяльных службаў падключалася і мясцовае насельніцтва ў некаторых раёнах Беларусі. Акрамя гэтага, вядома, што чалавек, які сваімі рукамі пасадзіў лес, пачынае больш ашчадна ставіцца да прыроды ў цэлым і не дазволіць сабе пакінуць смецце ці незаконна высекчы дрэвы.

У цэлым у Беларусі за перыяд з 1955 па 2015 гады зафіксавана 136 000 лясных пажараў на плошчы 206 000 га, пры гэтым сярэдняя плошча ўзгарання склала 1,5 га. У мінулым годзе, згодна афіцыйнай статыстыцы, у рэспубліцы агнём пашкоджана 17 000 га лясоў, у тым ліку на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка — 10 000 га. У 2013 годзе ў Беларусі зафіксаваны гістарычны мінімум: плошча лясных пажараў саставіла ўсяго 73 га.

З гэтай жа прычыны лясныя гаспадаркі стараюцца не толькі падключыць людзей да фізічнай працы, але і зладзіць для ўдзельнікаў акцыі дні адкрытых дзвярэй, калі кожны можа больш даведацца пра ахову і аднаўленне лясоў, наведаць вытворчыя і адміністрацыйныя аб'екты, дэндрапаркі, экалагічныя сцежкі і іншае.

Акрамя гэтага, у мэтах прываблівання да «Тыдня лесу» як мага большай колькасці людзей Міністэрства і яго работнікі на месцах стараюцца забяспечыць удзельнікаў не толькі інвентаром і пасадачным матэрыялам, але і арганізаваць зручную транспартную лагістыку, а таксама цёплыя напоі на аснове лясных траў. У хуткім часе на сайце Мінлесгаса павінна з'явіцца падрабязная інфармацыя з мапай месцаў, выбраных пад пасадкі і ўборкі.

У 2016 годзе было вырашана прымеркаваць акцыю да жалобнай даты — 30-годдзя са дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І зусім невыпадкова, бо наступствамі аварыі для нашай краіны стала заражэнне радыёактыўнымі выкідамі вялікай колькасці тэрыторый, у тым ліку і лясных.

«На гэтых тэрыторыях жыццё не прыпыняецца. Пытанне стаіць толькі ў тым, наколькі доўга там можа знаходзіцца чалавек, улічваючы ўзровень накаплення радыяцыі, і як можа выкарыстоўвацца драўніна, якая там нарыхтоўваецца. У зоне заражэння працуюць Веткаўскі спецлесгас, Нараўлянскі, Хойнікскі лесгасы. Яны функцыянуць у такім жа рэжыме, як у любым іншым месцы. Тым больш што няма ніякай забароны па наведванню гэтых лясоў, за выключэннем Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка», — зазначыў Аляксандр Кулік.

Аднак на гэтых тэрыторыях усё ж існуюць абмежаванні па выкарыстанню драўніны ў якасці будаўнічага матэрыялу ці віду паліва. Калі актыўнасць рэчываў у ёй складае больш 40 Кюры, яна ўтылізуецца, каб пазбегнуць распаўсюджання радыяцыі. Па словах першага намесніка міністра, такая драўніна не перавышае 5% ад агульнай колькасці.

2 красавіка кампанія «Гарадскі Ляснічы» запрашае ўсіх жадаючых на Уздзеншчыну прыняць удзел у акцыі «Тыдзень лесу». У мінулым годзе сіламі валанцёраў лясны фонд мясцовага лясгасу папоўніўся на 2500 маладых хвоек.

Удзел у акцыі бясплатны, але патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя для арганізацыі транспарту. Запісацца і атрымаць больш падрабязную інфармацыю можна па нумарах: +375 29 342 32 86 (Ігар), +375 29 500 21 69 (Кірыл).

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость