У выніку чарнобыльскай катастрофы пацярпела ўся Беларусь, наступствы аварыі дагэтуль не пераадоленыя. Да таго ж праблемы Чарнобылю ў Беларусі замоўчваюцца. Ніякія сур’ёзныя навуковыя і мэдыцынскія дасьледаваньні, у адрозненні ад Украіны, не праводзяцца.
Пра гэта сказаў прафэсар Юры Бандажэўскі, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту, падчас онлайн-канфэрэнцыі, прысьвечанай 33-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.
Прафэсар, доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі ўжо больш за 10 гадоў жыве і працуе ва Ўкраіне, ачольвае каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалогія і здароўе». Ён прадставіў вынікі маніторынгу радыяактыўнасці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэння.
Цяперашняя сытуацыя горшая, чым адразу пасьля аварыі
Цягам 2013–2018 гадоў было абследавана 10 тысяч дзяцей і 500 цяжарных жанчын у Іванкаўскім і Палескім раёнах Кіеўскай вобласці Ўкраіны. Вынікі даследавання несуцяшальныя, кажа прафэсар Бандажэўскі.
- Неспрыяльная дынаміка раку шчытападобнай залозы ў дарослых — у Кіеўскай вобласці на 100 тысяч чалавек фіксуецца 15 выпадкаў раку (у той час як у цэлым ва Ўкраіне 8 выпадкаў).
- Істотна павялічылася колькасьць выпадкаў раку малочнай залозы ў забруджаных раёнах. У Кіеўскай вобласці — 63 выпадкі раку малочнай залозы на 100 тысяч жанчын, у цэлым па Ўкраіне — 42 выпадкі на 100 тысяч. Прычым гэтае даследаванне праведзена Інстытутам раку Ўкраіны.
- Структурныя парушэнні функцый шчытападобнай залозы зафіксаваныя ў 10% абследаваных дзяцей (выкарыстоўваўся мэтад УГД).
- Калі пачалі ацэньваць гарманальны фон, частата парушэнняў у дзяцей вырасла да 40% (у Палескім і Іванкаўскім раёнах)
- 35% дзяцей маюць парушэнні ў структуры печані.
- Па выніках электракардыяграфічнага абследаваньня парушэнні сардэчнай дзейнасці і сардэчнага рытму выяўлены ў 80% дзетак.
Даследчыкі, мэдыкі ацэньвалі ўплыў цэзію на фізычнае разьвіццё дзяцей.
«Зарэгістраваны факт, што маленькія дзеці (да 5 гадоў) маюць больш радыянуклідаў у арганізме, чым старэйшыя дзеці. І тлумачыцца гэта тым, што малыя спажываюць больш малочных прадуктаў. Малако — асноўны прадукт харчавання ў тым рэгіёне, праз беднасьць людзі ўжываюць даволі шмат малака. Норма ва Ўкраіне па цэзіі ў малацэ — да 100 бэкерэляў цэзію на літар. Аднак любая колькасьць цэзію ў малацэ небяспечная для людзей», — тлумачыць прафэсар Юры Бандажэўскі.
Дзеці другога паслячарнобыльскага пакалення больш уразлівыя, чым іхнія бацькі
Самая трывожная выснова, на думку Бандажэўскага, — што дзеці другога постчарнобыльскага пакаленьня больш уразлівыя, чым іхнія бацькі. І ў іх выявілі больш сур’ёзныя парушэньні, чым у бацькоў, якія нарадзілася адразу пасьля Чарнобылю.
«У дзяцей другога паслячарнобыльскага пакалення парушаная рэгуляцыя мэтабалічных функцый арганізма. Арганізм рэагуе нават на невялікую колькасьць радыянуклідаў, на любыя стрэсавыя рэакцыі рэзкім павелічэннем гамацыстэіну. А гэтыя парушэнні выклікаюць змяненні ў жыццёва важных органах, цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, у гіпофізе, шчытападобнай залозе. Дзеці больш уразлівыя да радыяцыі, чым іх бацькі. Бацькі, якія атрымлівалі больш радыяцыі, былі больш абароненыя, таму што рэзыстэнтнасць арганізма была ў іх актыўнейшая, чым у нашчадкаў. А дзеці цяпер з больш сур’ёзнымі паталогіямі», — падсумоўвае Бандажэўскі.
Юры Бандажэўскі — сусветна вядомы спэцыяліст у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, сапраўдны член Нью-Ёркскай акадэміі навук. Працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытуту, вывучаў нэгатыўнае ўздзеянне малых доз радыяцыі на арганізм. У 1999 годзе быў зняты з пасады, арыштаваны праз падазрэнні ў атрыманьні хабару і асуджаны. Праваабаронцы прызналі Бандажэўскага палітвязнем. Паводле іх ацэнкі, сапраўднай прычынай арышту навукоўца стала ягоная нязгода з палітыкай беларускіх уладаў у пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызвалення ў жніўні 2005 году Бандажэўскі пакінуў Беларусь. Спачатку з'ехаў у Францыю, цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне.
Адкуль цяпер паступае радыяцыя?
Хоць пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўжо 33 гады, найперш радыяцыя паступае ў арганізм чалавека з прадуктамі харчаваньня, якія вырошчваюцца на забруджаных тэрыторыях.
На другім месцы — драўніна, бо ў сельскай мясцовасьці людзі паляць у печы дровамі, а дровы, на думку Бандажэўскага, гэта міні-рэактары.
Таксама ў якасьці ўгнаенняў людзі выкарыстоўваюць попел, і потым садавіна і гародніна, якая вырошчваецца на агародах, мае вялікі ўзровень радыяцыі.
Прафэсар Бандажэўскі адзначыў і яшчэ адзін трывожны фактар, які «выбухнуў» літаральна днямі: пажары на Альманскіх балотах у Столінскім раёне распаўсюджваюць радыяцыю на тэрыторыю ўсёй краіны.
«Лясныя пажары зьяўляюцца адным з важных фактараў паступленьня радыянуклідаў у арганізм чалавека», — падкрэсьліў прафэсар.
У Беларусі сур’ёзныя навуковыя даследаваньні не праводзяцца
На думку прафэсара Бандажэўскага, у Беларусі сытуацыя можа быць значна горшай, чым ва Ўкраіне.
«Радыяцыйная нагрузка на дзетак Украіны была меншай, чым на беларускіх дзетак. Калі мы знайшлі такія сур’ёзныя паталогіі ва ўкраінскіх дзяцей, я цудоўна разумею, якія вялікія змены могуць быць у беларускіх дзяцей. Гэта маё меркаванне, бо афіцыйнай інфармацыі я атрымаць не магу. Але беларускім дзеткам цяжэй, чым украінскім. Яшчэ калі я працаваў у Беларусі, мы вывучалі змяненні гарманальнага фону ў дзяўчатак Буда-Кашалёўскага раёну. І ўжо тады прагназавалі, што пры такіх сур’ёзных парушэннях гарманальнага фону, якія мы выявілі, у будучыні ні пра якую нармальную цяжарнасць ці пра зачацце дзіцяці ня можа быць гаворкі», — кажа Бандажэўскі.
На думку прафэсара, уся тэрыторыя Беларусі без выключэння пацярпела ад Чарнобылю. Прадукты з забруджаных тэрыторый паступалі ва ўсе рэгіёны Беларусі, бруднае мяса і малако змешвалі з чыстым. Да таго ж адбывалася міграцыя насельніцтва.
«Ахвярамі Чарнобыля з'яўляюцца людзі, якія атрымліваюць радыёактыўныя элемэнты чарнобыльскага паходжання. Усе беларусы — ахвяры Чарнобыля. Нават калі чалавек жыве за тысячу кілямэтраў ад Чарнобыльскай зоны, але ўжывае прадукты, вырашчаныя на забруджанай тэрыторыі, ён назапашвае радыяцыю. Да таго ж у Беларусі замоўчваецца праўда пра Чарнобыль. Не праводзяцца сур’ёзныя навуковыя і мэдыцынскія даследаваньні. Дый цяпер няма каму вывучаць праблему. У 1990-я я быў самым маладым даследчыкам, а мне ўжо сёмы дзясятак», — кажа Бандажэўскі.
Як засьцерагчыся ад радыяцыі?
На думку Юрыя Бандажэўскага, захады абароны ад радыяцыі павінны быць гарантаваныя дзяржавай. А дзяржава праблему замоўчвае.
Таму народ павінен абараняцца сам. Прафэсар назваў некалькі асноўных чыннікаў:
- чыстыя прадукты;
- дыспансэрызацыя;
- кантроль за ўтрыманнем радыянуклідаў, наяўнасць у насельніцтва прыбораў кантролю;
- даступнасць лабараторных даследаваньняў;
- перагляд нормаў.
«90-95 бэкерэляў на літар малака — гэта норма? Гэта злачынства! Такой нормы не павінна быць», — перакананы прафэсар Юры Бандажэўскі.