29.05.2018 / 11:05

У сярэдзіне мая ў Мінску павінны быў адбыцца чагровы FreeMarket у памяшканні Культ.цэнтра Корпус. Аднак па тэхнічных прычынах мерапрыемства так і не прайшло, хаця каманда бясплатнага кірмаша да апошняга спадзявалася, што праблема вырашыцца.

Каб справіць сітуацыю непасрэдна ў запланаваныя дні на месцы быў саарганізаваны збор рэчаў і кніг, якія ў далешым перадалі ў сацыяльныя цэнтры і на паліцы буккросінга.

Нягледзячы на тое, што ініцыятыва з жалем напісала пра адмену мерапрыемства па незалежных ад іх прычынах, у сацыяльных сетках бясплатнага кірмаша ўзняўся вэрхал наконт дрэннай арганізацыі і занадта позняга папярэджання пра тое, што FreeMarket ў звыклым фармаце так і не адбудзецца.

Зялёны партал звярнуўся да калектыва, каб унікнуць у арганізатарскую "кухню" і паразмаўляць пра каштоўнасці, якімі кіруецца каманда.

– Што б вам хацелася, каб людзі разумелі пра бясплатны кірмаш?

– Рэклама і модныя тэндэнцыі прымушаюць нас набываць болей і болей рэчаў, якія на самой справе не патрэбны, а працэс перастае прыносіць задавальненне. Пры ўсім, што на вытворчасць кожнага тавара ідзе вялікая колькасць энергіі — як працоўных, так і прыродных рэсурсаў, а ў выніку ў свеце працягваецца рост звалак. Такім чынам мы не цэнім вырабы і забруджваем планету.

І ў гэты ж час у нашай краіне і ў свеце для многіх людзей існуе рэальная неабходнасць калупацца на памыйках у пошуку добрых рэчаў. Дык чаму не справіць сітуацыю, і асабіста не аддаць рэчы тым, каму яны патрэбны?

Важна, каб людзі не ўспрымалі FreeMarket, як барахолку, куды можна прыйсці і набараць паболей рэчаў. Нам важна данесці сутнасць адмаўлення ад спажывецтва і вельмі прыкра, калі наша ініцыятыва для наведвальнікаў і наведвальніц становіцца чымсьці падобным. Хацелася, каб наадварот, людзі пераасэнсоўвалі свае звычкі, бачачы тую колькасць вопраткі, што яны набываюць і не карыстаюць.

Пакуль жа нам з жалем даводзіцца назіраць, як на кірмашах з'яўляюцца тыя, каму важней узяць як мага болей, нягледзячы ці падыходзяць рэчы ім. Вядома, мы намагаемся распавесці пра свае падыходы і прынцыпы, стараемся індывідуальна камунікаваць з такімі наведвальнікамі і наведвальніцамі.

На якіх прынцыпах грунтуецца ініцыятыва? І чаму вы – не дабрачынная арганізацыя?

– Мы анархічны калектыў гарызантальна арганізаваных людзей. Усе рашэнні ўнутры калектыва прымаюцца кансэнсусам. І для паспяховай і эфектыўнай работы калектыў кірмаша дзеліцца на камітэты: па пошуку месца, па інфармацыйнаму суправаджэнню, па прыцягненні партнёраў і тэматычнаму кірунку мерапрыемства, а таксама пошуку рэсурсаў для правядзення.

Рашэнне зладзіць FreeMarket, яго дату і тэму прымаецца на агульным сходзе. Далей камітэты аўтаномна абмяркоўваюць і выконваюць свае абавязкі, паведамляючы астатнім пра прагрэс ці складанасці. Паміж групамі пастаянна дзейнічаюць запыты пра ўзаемную дапамогу. На самім кірмашы выбіраецца каардынатар ці каардынатарка, што валодаюць усёй інфармацыяй пра мерапрыемства і вырашаюць працоўныя моманты. І існуе асобны чалавек для статсункаў з медыя.

Да ўсяго мы намагаемся, каб кожны раз гэта былі розныя людзі. Унутры калектыва ўхваляецца навучанне, калі адзін чалавек дапамагае каардынатару ці прэс-сакратару, назірае за іх дзеяннямі і ў той жа час набіраецца досведу.

Выкананню разнастайных задач на кірмашы дапамагаюць валанцёры і валанцёркі, якіх мы набіраем кожны раз да 20 чалавек.

Галоўнае ў ініцыятыве — ідэя. Наш фармат — гэта, у першую чаргу, салідарнасць, а не дабрачыннасць. У нас ёсць партнёры, што могуць падтрымаць сталамі, вешалкамі, суполка валанцёраў і валанцёрак, якія дапамагаюць непасрэдна на мерапрыемстве.

Для нас з'яўляецца важным разнастайны ўдзел і прыцягненне розных людзей. Бо бясплатныя кірмашы мы робім усе разам, унёсак кожнага чалавека вельмі каштоўны для ініцыятывы.

– Колькі часу займае падрыхтоўка да мерапрыемства? І што яна з сябе ўяўляе?

– Звычана падрыхтоўка доўжыцца ля трох тыдняў, з моманту як мы знаходзім памяшканне. Яна ўключае пошук паслуг, партнёраў, інфармацыйнае напаўненне. Да валанцёраў і валанцёрак мы звяртаемся за тыдзень да самаго кірмаша.

Падрыхтоўка непасрэдна ў сам дзень бясплатнага кірмаша займае некалькі гадзін: саарганізаваць усё унутры прасторы, раскласці і праверыць апаратуру. І пару гадзін пасля для рассартыроўкі рэчаў, запакоўкі, развозу іх па сацыяльных цэнтрах, а таксама прыборка памяшкання.

– А чаму FreeMarket праходзіць тады, калі праходзіць?

Наша ініцыятыва дзейнічае на дабраахвотных пачатках, ніякага фінансавання ў нас няма, адсюль няма магчмасці здымаць прастору для рэгулярнага правядзення кірмашоў. Ды й сама канцэпцыя ініцыятывы заключаецца ў тым, каб паказаць, што адносіны не абавязкова павінны ўключаць грашовую выгоду. Таму для нас важна знайсці памяшканне, уладальнікі якога змаглі б прадаставіць яго для кірмаша бясплатна. Аднак у Мінску прастораў, якія б былі ўмяшчальнымі і даваліся нам без аплаты — даволі мала.

Таму кожны раз мы па-новаму дамаўляемся з памяшканнямі наконт правядзення мерапрыемстваў. І шукаць даводзіцца даволі змяшчальныя плошчы, з улікам той колькасці людзей, што прыходзіць на кірмашы. Да ўсяго ў нас ёсць інфармацыйны накірунак мерапрыемства, таму пажадана, каб у памяшкання была асобная прастора для правядзення лекторыяў.

Ідэальнымі для нас — вялікія, велізарныя памяшканні. Добра, калі да яго будзе зручна дабірацца, але гэта не ў прыярытэце. Пытанні з тэхнікай, апаратурай, сталамі і ўсім астатнім, мы як правіла, вырашаем самі.

Для памяшканняў правядзенне кірмашоў таксама можа быць дастаткова выгодным: да нас прыходзіць шмат людзей, за дзень да тысячы, а часам і некалькіх тысяч можа быць. А гэта дадатковы піяр для прасторы. Тым больш, калі ў яго ёсць кафэ — дадатковыя пакупнікі.

Пэўныя месцы нам прадастаўляюць, бо сімпатызуюць ініцыятыве і раздзяляюць нашыя каштоўнасці. На жаль, не ўсё памяшканні, што жадаюць правесці FreeMarket — падыходзяць нам па памерах. Маленькія сяброўскія кафэ, на жаль, будуць не зусім камфортнымі для наведвальнікаў і наведвальніц. Таму мы знаходзімся ў пастаянным пошуку новых супрац.

Чаму бясплатныя кірмашы — гэта не месца, дзе можна набрацца сабе рэчаў?

– Мы намагаемся, каб наведвальнікі і наведвальніцы кірмашоў разумелі, што гэта не чарговая барахолка ці халява, а дапамога аднаго чалавека іншаму — цалкам новая форма грамадскіх і эканамічных адносін, якія можна развіваць. На жаль, праз адсутнасць прамых стасункаў з кожным чалавекам даводзіцца назіраць, як нашыя ідэі не ўдаецца данесці з першага раза. Хаця заўсёды заклікаем людзей, перад тым як узяць што-небудзь, упэўніцца ці падыходзі гэта ім.

Не варта сквапнічаць. Бо сэнс у тым, каб знаходзіць штосьці неабходнае для сябе, а што не падыходзіць — акуратна вяртаць на месца. Для нас важна, каб людзі праз удзел у кірмашах перадумалі свае штодзённыя звычкі, адмаўляючыся ад спажывецкіх адносін. Найчасцей у нашых шафах знойдзуцца рэчы, якімі мы не карыстаемся гадамі. А гэта не проста рэчы — гэта чалавечыя, прыродныя рэсурсы, якія былі патрачаны на іх вытворчасць.

Таму так важна задумвацца, бо пераасэнсаваўшы падыходы да набыцця рэчаў, атрымаецца не толькі зэканоміць грошы, але і захаваць рэсурсы, пазбегнуць вытворчасці залішняга смецця.

– Якія рэсурсы вы траціце на падрыхтоўку?

– Мы не атрымоўваем грашовае ўзнагароджанне за сваю дзейнасць. Арганізацыя мерапрыемства адбываецца на дармавой аснове: усе рэчы, паслугі, матэрыялы — дабраахвотны ўнёсак вялікай колькасці людзей, якія раздзяляюць прынцыпы і каштоўнасці ўзаемадапамогі.

Апошнім часам мы стараемся практыкаваць данэйшан — на ўваходзе стаіць каробка, куды па жаданні людзі могуць скінуць столькі, колькі палічаць патрэбным. Мы распісваем якую суму трацім для арганізацыі кірмаша. Звычайна гэта выдаткі на бензін для прывозу матэрыялаў і развоз рэчаў. Часам мы набываем пакеты для сартыроўкі вопраткі, туалетную паперу, матэрыялы для дзіцячага кутка, паслуг, калі іх не ўдасцца знайсці, друк афіш.

Якія рэчы вы катэгарычна просіце не прыносіць і чаму?

– Часам хтосьці прыносіць рэчы ў такім стане, што за іх становіцца сорамна нам. Хаця ў правілах кірмаша мы дакладна апісалі: прыносіць чыстыя, не заношаныя, цэлыя рэчы, у рабочым стане, якія яшчэ могуць спатрэбіцца іншым. Заўсёды папярэджваем, што яны павінны быць акуратнымі, здатнымі для выкарыстання. На жаль, людзі не зусім разумеюць, якія гэта рэчы. Таму заўсёды збіраецца пакет ці два таго, што мы вымушаны проста выкінуць на памыйку.

Калі казаць больш канкрэтна, то вопратка мусіць быць чыстай, не парванай, не занашанай, з рабочымі маланкамі і гузікамі; абутак — акуратны, не стаптаны, без дзірак; кнігі — цэльнымі, пры неабходнасці змацаваныя; тэхніка ў рабочым стане, калі ёсць дробныя няспраўнасці, важна суправаджаць рэч лістком з апісаннем; дыскі і касеты — без драпін, не размагнічаныя і ва ўпакоўцы; дзіцячыя цацкі — цэлыя і чыстыя; лекі і касметычныя сродкі з актуальным тэрмінам годнасці.

Просім не несці былыя ва ўжыванні ніжнюю бялізку, шкарпэткі, калготкі, выключэннем могуць быць дзіцячыя рэчы, калі яны чыста вымытыя і акуратныя, спакаваныя. Не трэба цягнуць на FreeMarket карыстаныя сродкі гігіены, напрыклад, мачалкі, пінцэты, станкі для галення, грэбні і астатняе.

Звычайна людзі, што хоць раз наведалі кірмаш на наступны маюць больш уяўлення пра яго сэнс і прынцыпы. Як прыклад, мы просім не везці непасрэдна на месца правядзення халадзільнікі ці буйнагабарытную мэблю, бо наўрадці іх змогуць забраць адразу, а нам давядзецца думаць, што з гэтым рабіць. Рашэнне знайшлося ў сацыяльных сетках: удзельнікі і ўдзельніцы нашых суполак каардынуюцца ў абмеркаваннях і перадаюць адзін адному рэчы.

Куды вы развозіце рэчы/кнігі, калі яны застаюцца пасля мерапрыемства?

– Усе рэчы, якія застаюцца мы адвозім у дабрачынныя, сацыяльныя арганізацыі і перадаем ініцыятыве "Ежа замест бомбаў". Усё залежыць ад таго, хто і што можа прыняць. Кнігі пакідаем на паліцах буккросінга. Раней адвозілі на ЖД вакзал, але ў гэты раз даведаліся, што паліцы адтуль прыбралі. Шкада. На наш погляд, гэта было вельмі важным для такога месца, бо людзі маглі ўзяць сабе чытво ў дарогу бясплатна, а не набываць чарговую кнігу.

– Якой падтрымкі вы чакаеце ад людзей, удзельнікаў і ўдзельніц FreeMarketa?

– На самім мерапрыемстве мы просім людзей самастойна раскладаць рэчы па секцыях. Хацелася, каб наведвальнікі і наведвальніцы стасаваліся паміж сабой, хадзілі на нашыя інфармацыйныя блокі.

Было б выдатна атрымоўваць ад іх зваротную сувязь, якім чынам ім дапамагаюць кірмашы, ці змяняецца неяк іх стаўленне да рэчаў, ці карысна гэта, што можна палепшыць, а што і так добра.

У цэлым узаемадзеянне людзей важна для нас. Дзеля гэтага мы робім зоны, дзе удзельнікі і ўдзельніцы могуць адпачыць, пагуляцца, знайсці новыя кантакты, дзяліцца сваімі ідэямі і ўражаннямі.

– Чаму вы робіце тое, што робіце?

– Мы хацелі б зрабіць свет сацыяльным і справядлівым, дзе існуе ўзаемадапамога і салідарнасць, дзе не ўсё роўна на тое, што адбываецца з навакольнымі людзьмі. Мы верым, што толькі гэта выратуе свет, у супрацьпастаўленні капіталізму, канкурэнцыі і суперніцтву. Падаецца за гэтыя гады ў нас атрымалася стварыць супольнасць людзей, што раздзяляе прынцыпы ініцыятывы і прымяняе іх ў штодзённасці, сваёй дзейнасці.

У нашых марах ідэальным варыянтам стаў бы пастаянна функцыянуючы фрышоп — месца, дзе людзі могуць рэгулярна ажыццяўляць абмен рэчамі, пакідаць непатрэбныя і забіраць неабходныя. А таксама знайсці пастаяннае памяшканне, дзе б на рэгулярнай аснове праводзіць кірмашы. Бо пошук прасторы для мерапрыемства пакуль застаецца галоўнай цяжкасцю.

 

Звязацца з ініцыятывай "Бясплатны кірмаш. Мінск" можна праз сацыяльныя сеткі: Facebook, Вконтакте, Instagram і праз паштовую скрынку freemarket.minsk@gmail.com

Автор:
Фотограф:
Сацыяльныя сеткі Бясплатнага кірмаша
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость