Актывістка ў снезе па пупок
Яна гараджанка і любіць свой Менск, а яшчэ больш – сацыяльнае кола ў Менску. Але так жа моцна яна любіць прыроду, дзе пачуваецца лепш, чым у горадзе. Усё гэта вылілася ў часовы пераезд у вёску ў Валожынскім раёне ў 2016 годзе.
“Тады мы вырашылі з хлопцам набыць дом. Наўрадці гэта можна лічыць нейкім даўншыфцінгам – нам хацелася не сыходзіць са свайго жыцця, а зазямліцца, займець сваё ўласнае жытло і прастору. І гэта быў плённы час, – кажа яна. Дадае: маўляў, гэты час прынёс шмат выклікаў. – Мы засвоілі ўсе магчымыя віды хаджэння і поўзання. У нас была даўгая дарога да машыны, і зімой увесь час трэба было праходзіць у снезе па пупок”.
Апроч снегу запомніліся чыстае паветра, неімаверныя краявіды і штыль у культурным жыцці. Трошку меньш, чым праз год, маладыя людзі правялі мясцовы фэст “Суседзі” у бліжэйшай вёсцы Гародзькі і тым натхніліся: месцічам не хапае падзеяў таксама, а само добрасуседства дапамагае зрабіцца больш “сваімі”.
Сабраўшы свае ўменні, Юля разам з Вольгай Сафронавай з Гомеля ў гэтым годзе распачала рэгіянальную адукацыйную праграму VioskaLab, разлічаную на 5 месяцаў.
Яны сабралі 23 удзельнікаў ды ўдзельніц з Мінскай і Гомельскай вабласцей, што жывуць у вёсках ці невялікіх гарадках, каб прайсці з імі шлях ад ідэі да рэалізацыі невялікага праекта, накіраванага на ўсталяванне добрасуседскіх адносінаў, дасягненне экалагічных мэтаў, прасоўванне культурных ініцыятываў і нефармальнай адукацыі.
Горад манна нябёсная, вёска – для працаголікаў і пітушчых?
У праграме ўдзельнічаюць пераважна маладыя актыўныя людзі, якія пераехалі на вёску з гораду і праходзяць там адаптацыю. Ім даводзіцца пераадольваць дзяленне на чужых і сваіх, нібы прыйшоўшы з аднаго свету ў іншы – пераадольваць разрыў між горадам і вёскай.
“Сёння мы пажынаем плады таго, што раней калгаснікаў лічылі другім гатункам. Беларусы жывуць і ў горадзе, і ў вёсцы, а тыя, хто іх раздзяляе, робіць памылку: калі мы хочам устойлівага развіцця і падняцця ўзроўню чалавечага жыцця ў нашай краіне, нам трэба думаць, як узаемадзейнічаць. Як не закрыцца ў горадзе і як не засяродзіцца толькі на сваіх лакальных вясковых прабемах, – тлумачыць Юля. – Але разрыў між горадам і вёскай будзе пашырацца, пакуль мы працягваем стыгматызацыю вёскі і пакуль вясковыя людзі ўспрымаюць горад як манну нябёсную. Адна з мэтаў нашай праграмы – паспрабаваць пераасэнсаваць ролю чалавека ў вёсцы, сам яе вобраз як прасторы цяжкой працы і алкаголікаў”.
Новыя вяскоўцы таксама сутыкаюцца з праблемамі, якія змушаюць мясцовую моладзь пераязджаць у горад: адсутнасць працы і культурнага асяродку.
На думку Юлі, вёсцы сёння неабходныя новыя людзі, а добрасуседства – тое, з чаго варта пачынаць знаёмства. І прыманнем у госці сяброў з Мінску гэтыя патрэбы не задаволіш.
Традыцыя – гэта не секчы святы дуб пад мэблю
Юля – будучая мастацтвазнаўца, а ў мінулым – старанная даследчыца беларускай традыцыйнай культуры напрацягу аж дзесяці год. Яна таксама лічыць, што фундамент для экалагічнасці ў вёсцы самы лепшы. У гэтым месцы гістарычна чалавек быў часткай прыродных цыклаў і ўспрымаў прастору вакол як месца, за якое ён нясе адказнасць.
“Чалавек з традыцыйнай культуры не ставіць сябе па-над прыродай і ўсім светам. Ён засвойвае тэрыторыі, але не падпарадкоўвае іх сабе, як тое прызвычаіліся рабіць у горадзе. І ён вельмі беражліва ставіцца да рэсурсаў, прыродных і чалавечых”, – кажа Юля Лісіца.
Для чалавека з традыцыйнай культуры недапушчальна выбіць у лесе ўсіх дзікоў, бо іначай воўк прыйдзе паесці ў вясковы хлеў; натуральна пасадзіць ягадны куст, бо птушкі прыляцяць і разам з’ядуць шкодных насякомых.
Спілаваць на крэсла 300-гадовы дуб, для іншых людзей святы – такое здаралася, але скарэй у заможных людзей і было выключэннем. Самога сябе чалавек усведамляў як удзельніка прыродных цыклаў, ад Купалля да Купалля, ад Вялікадня да Вялікадня.
Праекты: вермікультура, пленэр і конкурс прыгажосці для каровы
Праекты ўдзельнікаў праграмы пакуль толькі на пачатковай стадыі, але ў той жа час іх аўтары будуць радыя падтрымцы сваіх ідэй. Калі вам цікава – напішыце ім, каб прапанаваць сваю дапамогу.
- Восеньскі ўраджай-фэст папярэдне у Дзяржынскім раёне ўвосень. Падчас яго таксама пройдзе конкурс на самую дагледжаную жывёлу – карову ці курачку. Яго мэта – прасунуць ашчаднае стаўленне да жывёлаў.
- Мастацкая міні-школа на прыватнай сядзібе ў Маладзечанскім раёне, у вёсцы на 500 чалавек, у летне-восеньскі перыяд. Пленэры для мясцовых дзяцей правядуць, каб паказаць ім, як адбываецца ўзаемадзеянне з прыродай. Аўтараў ідэі турбуе праблема смецця на прылеглых да вёскі тэрыторыях, у тым ліку ў лясах.
- Вывучэнне вермікультуры – культываванне чарвякоў для атрымання ўгнаення – ў вясковай школе ў Маладзечанскім раёне.