Матывы ўзяць у дом гадаванца могуць быць розныя: хтосьці бярэ кампаньёна для дзяцей у надзеі, што гэта навучыць іх адказнасці, іншыя ўспрымаюць жывёлу як члена сям'і, для кагосьці жывая істота неабходна ў якасці статуснага аксэсуара.
І гэта нягледзячы на тое, што падсвядома мы ведаем, што сабака ці кот жывуць у лепшым выпадку да 15 год, а дробныя жывёлкі, як пацукі, мышкі і хамякі, — таго меней.
У момант, калі жывёла аказваецца ў нашым доме, з'яўляецца эмацыйная сувязь з ёю — радасць і пазітыў, магчымасць рэалізацыі клопату пра кагосьці. Таму цалкам натуральна, што калі сувязь абрываецца, мы адчуваем боль і спусташэнне.
Зялёны партал размаўляе з псіхолагам Наталляй Масюкевіч, чаму слёзы і смутак — гэта нармальныя рэакцыі, якой не трэба сароміцца, і як можна дапамагчы чалавеку перажыць страту любімага гадаванца.
– Беручы сабе гадаванца, мы дакладна ведаем, што ён пражыве значна меней за нас… Аднак пачуццё прывязанасці непазбежна ўзнікае.
– Найперш хатніх жывёл мы бярэм, каб якраз усталяваць з кімсьці пачуццё прывязанасці. Там, дзе ёсць пастаянны кантакт і дзеянні па доглядзе, клопаце — узнікае гэтае пачуццё. Тое ж тычыцца і стасункаў з жывёламі, для некаторых яны сапраўды становяцца членамі сям'і.
Аднак тэма "жыцця і смерці" у нашых галовах не з'яўляецца дамінантнай. Нараджаючы дзяцей ці выбудоўваючы стасункі з нашымі бацькамі, ведаем жа, што мы смертныя, але першасным для нас будзе жыццё — той час, які мы правядзем разам.
Ёсць показка наконт гадаванцаў: калі ты бярэш сабаку, то хочаш, каб цябе любілі, калі ката — хочаш любіць сам, калі хамячка, то хочаш размаўляць з дзецьмі пра сэнс жыцця. Таму што ў іх вельмі кароткі век і так ці іначай тэма сыходу хатняй жывёлы паўстане вельмі рана.
Але канечнасцю мы не азадачваемся тады, калі бярэм гадаванца. У нас зусім іншыя ідэі і эмоцыі на яго конт.
– А ці магчыма быць гатовым да смерці, калі ты разумееш, што вось-вось і гадаванца не стане?
– Не думаю, што можна быць гатовым да такога, колькі б год жывёла не пражыла з гаспадаром. Нават пры хваробе гадаванца на ўзроўні ведаў мы можам разумець, што яму засталося недоўга. Але на ўзроўні эмацыйнай рэакцыі мы не можам падрыхтавацца, замарозіць усе нашыя перажыванні і чакаць, калі жывая істота памрэ. Такое немагчыма. Жыццё эмоцый так не працякае. Калі ў нас ёсць рэакцыя замарожвання, то гэта шок. Эмоцыя ж з'яўляюцца ў адказ на нейкую сітуацыю. І цалкам нармальна гараваць, перажываць, адчуваць сябе дрэнна праз тое, што твой гадаванец пражывае апошнія дні.
Рыхтавацца можна да таго, што вам спатрэбяцца грошы на ветэрынарную дапамогу, на лекі, на забеспячэнне яго ўсім неабходным, каб аблегчыць яму існаванне. Калі надыйдзе час – выдаткі на пахаванне свайго гадаванца. Магчыма спатрэбіцца вызваліць час, каб пабыць побач да яго сыходу.
Разгубленасць, смутак – нармальныя эмацыйныя рэакцыі на страту, калі вы жывёлу любілі, калі прывязанасць выстройвалася доўгі час.
– Нярэдка ў людзей узнікае пачуццё віны перад сваімі гадаванцамі ці за тое, што была запозна заўважана хвароба, ці праз тое, што чагосьці не дадалі яму. Адкуль бярэцца гэта эмоцыя?
– Перажыванне страты, гора ў дынаміцы разварочваецца, мае свае пэўныя этапы. Ад адмаўлення смерці, шока да прыняцця. І можна казаць пра нармальнае пражыванне гора, калі розныя этапы паступова змяняюць адзін аднаго. Якраз пачуццё віны з'яўляецца адным з іх.
Часцей у дачыненні да свайго гадаванца гэта віна ірацыянальная. Для яе няма рэальных падставаў.
Што гэта значыць? Калі мы абвінавачваем сябе чаму раней не заўважылі хваробу, ці маглі зрабіць штосьці лепш. У гэтым жа працэсе могуць узнікаць абвінавачванні да дактароў, якія чагосьці не заўважылі ці не дарабілі, Бога за тое, што ён несправядліва паступіў і г.д. Гэта цяжкое пачуццё і преражыць яго складана, але гэта цалкам натуральны этап.
Пасля страты кожны чалавек смуткуе па гадаванцу свой час. Нармальным (нарматыўным) лічыцца перыяд да года. Аднак ёсць такія фіксацыі, калі мы ад стадыі да стадыі не пераходзім, боль не сціхае, пачуццё віны толькі разварочваецца. У такім выпадку неабходна задумацца што адбываецца, звярнуцца за дапамогай. Бо, падкрэслю, з часам вастрыня болі змяняецца: ад невыноснай да светлага суму. Важна, каб у чалавека было з кім паразмаўляць, падзяліцца сваімі пачуццямі.
– А якім чынам можна падтрымаць чалавека ў пражыванні страты?
– Калі чалавек просіць падтрымкі, варта яе аказаць. Калі няма такога запыту, важна быць побач, быць гатовым прыйсці на дапамогу, але гвалтоўна ні да чаго не прымушаць. Бо смуткаванне — індывідуальны працэс, кожны яго пражывае як можа.
У гэтым пытанні можна раздзяляць падтрымку на ўласную і знешнюю. Добра, калі ёсць магчымасць падтрымаць самаго сябе. Развітацца са сваім гадаванцам, прайсці працэс пахавання, плакаць, калі хочацца. Размаўляць, даваць сабе магчымасць і месца размяшчаць свае перажыванні, бо калі мы трымаем усё ўнутры, то яны могуць зацыкліцца па адным крузе.
А калі дзесьці дома з блізкім колам мы размаўляем пра свайго гадаванца, пераглядаем яго фотаздымкі, узгадваем — такім чынам даем сабе магчымасць адпускаць паціху, развітвацца… і плакаць-плакаць-плакаць. Для людзей вельмі важна аплаківаць сваю страту. Паступова адаптавацца да таго, што істоты ўжо няма, прывыкаем жыць без яго.
І важна прыслухоўвацца да сваіх пачуццяў. Напрыклад, некаторыя адразу ж прыбіраюць латкі сваіх гадаванцаў, другія — пакідаюць, бо гэта таксама этап прыняцця. Роля іншых у тым, што ня трэба прыспешваць чалавека, ня трэба расказаваць, якім чынам яму паступаць і як правільна перажываць гора, навязваючы свой тэмп ці ўвогуле абясцэньваючы пачуцці страты. Абясцэньванне адразу ж трэба прысякаць. Бо мы не ведаем, наколькі чалавек быў прывязаны да істоты.
Ды й прамыя парады ніколі не спрацоўваюць, дарослы чалавек сам ведае, што яму неабходна рабіць. А парады звычайна даюцца з пазіцыі, калі эмацыйна той стан, у якім прыбывае чалавек, іншы не адчувае, і ён вельмі хутка хоча вырашыць гісторыю са свайго боку.
І гэта зусім не пра клопат пра чалавека, а пра навязванне свайго спосабу спраўляцца з горам. А ён у кожнага адрозны. Таму, калі можаш пабыць побач — будзь, не можаш, то неабходна мець такт проста памаўчаць.