Дзе ж цячэ гэтая рэчка Льва? Яе вадацёк дастаткова таямнічы. Па-першае, колькі аўтар гэтага артыкула не лазіў па гугл-мапе, ніяк не мог зразумець, як яна цячэ. Ва Украіне ўсё зразумела, а вось у Беларусі рака нібы знікае каля Альманскіх балот. Прычым з 172 кіламетраў яе агульнай даўжыні 80 як раз даводзіцца на беларускае Палессе.
Нарэшце, пасля зверкі з іншымі мапамі, стала зразумела, што яна падыходзіць да вёскі Кашара, робіць пятлю, агібае вёску Старына ды каля аграгарадка Кароцічы ўпадае ў іншую таямнічую раку Сцвігу, якая ўжо нясе свае воды ў Прыпяць.
Па-другое, выявілася, што ў Беларусі гэтая рачулка мае назву Маства. Як распавядае Вікіпедыя, знакаміты польскі мовазнаўца Ян Міхал Развадоўскі лічыў, што назва яе падобна на фінскае слова Musta, што значыць «чорны».
Звязана гэта з тым, што рака цячэ па балотным тэрыторыями і таму мае цёмныя воды. Так гэта ці інакш, нам не даведацца, але пра гэтыя мясціны польскія фалькларысты знялі у 1936 годзе дакументальную стужку “Палессе. Рэпартаж з краіны сумных песень” (Polesie. Reportaż z krainy tęsknych pieśni).
Каштоўнасць Маствы ці Львы для беларускага Палесся ў яе знаходжанні. Рэчка аддзяляе Альманскія балоты ад зямель сельскай гаспадаркі. На правым беразе Львы-Маствы знаходзяцца Альманскія тэрыторыі, на левым — Століншчына. Ад самаго Століна да мястэчка Кашары, дзе цячэ Льва, усяго 15 кіламетраў. Таму тэрыторыі навокал ракі, на погляд навукоўцаў, могуць стаць буфернай зонай паміж рэспубліканскім заказнікам “Альманскія балоты” і антрапагеннымі ландшафтамі Століншчыны.
Як распавядае намеснік дырэкатара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Дзмітры Груммо, гэтыя тэрыторыі 40-50 год таму былі амаль асушаныя, прыродны комплекс мясцін перажыў вялікае антрапагеннае пераўтварэнне.
Але на шчасце тут захаваліся рэдкія віды. Напрыклад, у наваколлі Львы гняздзіцца вялікі арлец ды палявы лунь. Усяго тут жыве 22 віда жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Таксама багата ў пойме ракі рэдкіх раслін: такіх як плавучая папараць сальвінія, балотная фіялка ды “чырвонакніжны” белы гарлачак.
Вельмі карысныя гэтыя мясціны з боку біаразнастайнасці. На тэрыторыі ў 8 тысяч гектараў навукоўцы налічылі 181 від наземных пазваночных жывёл, з якіх 49 відаў – млекакормячых, 101 від – птушак, 5– паўзунов ды 9 – земнаводных.
Навуковец падкрэслівае: калі гэтыя мясціны атрымаюць статус ААПТ, ніякіх зменаў у землякарыстанні пасля стварэння заказніка не адбудзецца. Насамрэч гэта толькі падцверджанне статуса.
Пойма ракі Льва ўжо з’яўляецца аб’ектам “Смарагдавай сеткі”, уключанай у ядро нацыянальнай экалагічнай сеткі палескіх балот, і з’яўляецца ключавой арніталагічнай ды перспектыўнай рамсарскай тэрыторыяй. Нельга забываць і пра трансгранічны статус Львы.
Атрыманне статуса дазволіць з большай павагай падыйсці да гэтай экасістэмы. Напрыклад, сёння на тэрыторыі поймы ракі разрастаюцца лазняковыя гушчары, што можа паўплываць на забалочаныя тэрыторыі, якія ўжо папакутавалі ад меліярацыі. Таму да поймы Львы неабходна распрацаваць спецыяльны падыход, сфарміраваць які и дапаможа наданне статусу заказніка.
Падртымлівае Дзмітрыя Груммо і Таццяна Трафімовіч, спецыяліст па прыродаахоўным пытанням АПБ. Яна кажа, што пойма Львы падыходзіць пад пяць агульных і тры спецыяльных крытэрыяў закона “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях”.
Таксама Таццяна пагаджаецца, што стварэнне заказніка ў пойме Львы ніяк не паўплывае на вядзенне лясной ці сельскай гаспадаркі, але толькі дадаст прывабнасці мясцінам для развіцця экатурызму. Тым больш умовы для гэтага існуюць.
У вёске Кашары ўжо знаходзяцца аграсядзібы “Вилла Льва” і “У реки Льва”. Альманскія балоты ды рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Сярэдняя Прыпяць” вабяць аматараў дзікай прыроды з усёй Еўропы, так што мясцовыя жыхары ўжо зразумелі экатурыстычны патэнцыял края. Зрабіць гэтыя мясціны прывабнымі для рэкрыяцыі і экалагічнага адпачынку будзе выгадна і для прыроды, і для людзей.
Намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Васіль Літвінкевіч падтрымлівае ідэю стварэння заказніка, але нібыта засцерагаецца рэакцыі мясцовых жыхароў, працаўнікоў галіны сельскай гаспадаркі. Таму у райвыканкаме лічаць, што трэба правесці грамадскія слуханні.
На думку Васіля Літвінкевіча, стварэнне заказніка – справа добрая, але сёння ўжо 40% тэрыторый Столінскага района маюць статус прыродахоўных. Таму трэба пацікавіцца ў мясцовых жыхароў, патрэбныя ім новыя прыродаахоўныя тэрыторыі ці не.
У той жа час у райвыканкаме не гатовыя адказваць на пытанні па сутнасці плануемага заказніка. Негледзячы на тое, што і прадстаўнікі Акадэміі навук, і грамадскай арганізацыі праводзілі папярэднія сустрэчы.
Грамадскія слуханні ўжо прайшлі ў суседніх з плануемым заказнікам населеных пунктах – Цераблічы, Мачуль, Альманы. Так 23-га ліпеня адбыліся сустрэчы з мясоцовымі жыхарамі ў вёске Рубель, а 25-га - у вёске Старына.
Навукоўцы і экалагічныя актывісты спадзяюцца, што гэтыя абмеркавання падштурхнуць райвыканкамы да больш рашучых мер. І хутка пойма Львы-Маствы атрымае статус заказніка.
Асаблівай прыроднай тэрыторыяй яна ўжо з’яўляецца, але мы жывем у такім свеце, дзе каб гэта прызналі ўсе, патрабуецца штампік.