Малюнак пра ядзерную пагрозу з «Апакаліптычнай серыі» можна будзе ўбачыць на выставе фіналістаў конкурсу сучаснага мастацтва ў лістападзе гэтага года ў прасторы Arsenale Nord у Венецыі.
Італьянская прэмія візуальнага мастацтва Arte Laguna ладзіцца раз на два гады. Сёлета фіналістамі 18-й эдыцыі конкурсу сталі 120 мастакоў з усяго свету — міжнароднае журы ажыццяўляла адбор работ з 20 000 заявак. Яшчэ прымаюцца заяўкі на 19-ю эдыцыю конкурсу.
Вынікам падсумавання дзвюх эдыцый стане калектыўная выстава ў прэстыжнай прасторы Arsenale Nord у Венецыі ў лістападзе-снежні 2024 года. Куратарамі гэтай экспазіцыі стануць Джулія Калеці і К’яра Каналі.
Сёлета адбор работ на фінальную выставу засяродзіўся не столькі на асобе мастака — калі аддаецца прыярытэт маладым аўтарам, а на практыцы, якую выкарыстоўваюць творцы — на арыгінальных стылях і новых мастацкіх мовах.
Аляксандр Некрашэвіч — аўтар слыннага манументальнага палатна «Чужыя»: кампазіцыйна адсылаючы да вядомага твора польскага жывапісца Яна Матэйкі, творца на карціне выяўляе бойку паміж персанажамі поп-культуры — Чужымі і Драпежнікамі. Гэтаксама беларускаму гледачу вядомы яго работы з цыкла «Багі і героі».
Калектыўная выстава фіналістаў прэміі Arte Laguna адкрыецца на пляцоўцы Arsenale Nord у Венецыі 16 лістапада.