Новае амерыканскае даследаванне паказала, што гэты дым настолькі небяспечны, што можа павялічваць рызыку дэменцыі.
Навукоўцы агучылі гэтыя высновы на нядаўняй Міжнароднай канферэнцыі Асацыяцыі Альцгеймера ў ЗША, і зрабілі яны гэта акурат тады, калі мільёны людзей правялі выходныя пад папярэджаннямі пра кепскую якасць паветра ад лясных пажараў.
Сярод іншых, гаворка ішла пра лясны пажар у Каліфорніі, плошча якога вырасла да больш чым 145 тысяч гектараў.
Асноўная праблема – у цвёрдых часціцах або PM 2,5 – малюсенькіх часціцах, у 30 разоў меншых за дыяметр чалавечага воласа, якія можна ўдыхнуць глыбока ў лёгкія, адкуль яны могуць трапіць у крываток.
Гэтае забруджванне – ад дарожнага руху, фабрык і пажараў – можа выклікаць або пагоршыць хваробы сэрца і лёгкіх, і новае даследаванне дае дадатковыя доказы таго, што яно таксама можа граць пэўную ролю ў развіцці дэменцыі.
Даследчыкі адсочвалі медычныя запісы 1,2 мільёна пажылых людзей у паўднёвай Каліфорніі (ЗША) ў перыяд з 2009 па 2019 год. Яны выкарыстоўвалі маніторынг якасці паветра і іншыя даныя, каб ацаніць уздзеянне PM 2,5 у жылых памяшканнях на працягу трох гадоў.
Даследаванне паказала, што верагоднасць новага дыягназу дэменцыі павялічваецца прыкладна на 21 % на кожны 1 мікраграм росту канцэнтрацыі часціц, прынесеных з ляснога пажару.
Даследчыкі з універсітэтаў Вашынгтона і Пенсільваніі прыйшлі да высновы, што ў параўнанні з павелічэннем рызыкі на кожныя 3 мікраграма часціц, не звязаных з лясным пажарам, рызыка павялічваецца на 3 %.
Незразумела, чаму ўзнікае такая розніца. Але з павелічэннем колькасці лясных пажараў гэтае пытанне патрабуе дадатковых даследаванняў, сказала галоўная навуковая супрацоўніца Асацыяцыі Альцгеймера Марыя Карыла.
Гэта выклікае асаблівую трывогу з улікам таго, што рызыка хваробы Альцгеймера, найбольш распаўсюджанай формы дэменцыі, вышэй для насельніцтва з нізкім узроўнем даходу. І менавіта гэтым людзям цяжэй пазбегнуць нездаровага паветра, сказала яна.
У афіцыйных папярэджаннях людзей заклікаюць заставацца ў памяшканні, калі якасць паветра дрэнная, але «ёсць шмат тых, у якіх няма магчымасці застацца дома або яны працуюць на вуліцы», адзначыла яна.
Гэтае даследаванне дапаўняе ужо існуючы корпус даследаванняў аб неспрыяльным уздзеянні дыму ад лясных пажараў на здароўе чалавека. Праца, апублікаваная ў чэрвені, звязвае больш чым 50 000 заўчасных смерцяў у Каліфорніі (ЗША) за апошнія дзесяць гадоў з уздзеяннем дыму ад лясных пажараў. Іншыя даследаванні звязваюць уздзеянне дыму ад лясных пажараў з павышанай рызыкай сардэчных прыступаў і заўчасных родаў.