30.01.2015 / 12:01

На працягу ўсяго мінулага году гарадзенскія бёдуотчары з вельмі розным досведам стараліся кожны тыдзень (часта па нядзелях) выязджаць для назіранняў за птушкамі ў самыя цікавыя месцы Гарадзенскага і Бераставіцкага раёнаў. Дзякуючы гэтаму, атрымалася зрабіць больш за 50 рэгістрацый многіх рэдкіх ці выпадкова залётных у нашу краіну відаў птушак са Спісу Клубу200. Сёлета паездкі таксама будуць адбывацца штонядзелю ўвесь год – далучайцеся!

Пра сваё жаданне бясплатна выехаць разам з дасведчанымі калегамі трэба паведаміць Дзьмітрыю Вінчэўскаму, даслаўшы свае кантакты смскай на мабілку +375 336 887589 не пазней 13.00 суботы перад днём выезду. На час паездак можа быць выдадзена оптыка і вызначальнікі. Пажадана апранацца адпаведна надвор’ю ў палявое адзенне і абутак, браць з сабой бутэрброды і гарачыя напоі. Досвед у вызначэнні птушак прыйдзе пад час выездаў – інакш ніяк. 

Цяпер мы выязджаем у 9.30, вяртаемся пасля абеду ў 14-15.00. З надыходам вясны выезды будуць стартаваць у 9.00. Колькасць месцаў абмежаваная, таму звяртайцеся лепш загадзя.

Самыя цікавыя з мінулагодніх рэгістрацый птушак на Гарадзеншчыне гэта: другая рэгістрацыя для нашай краіны горнай пліскі, трэцяя рэгістрацыя для краіны даўгахвостага паморніка і чацвёртая качкі-мандарынкі, першая рэгістрацыя для Гарадзеншчыны шыладзюбкі і другая – хадулачніка. Акрамя гэтага, нашымі бёдуотчарамі назіраліся такія цікавыя віды, як: сіні сіваграк, кулік-стучок, чырвонаносы нырок, даўганосы савук, чапля-кваква, белашчокая казарка, чырвонагаловы каралёк, пярэстая качка, чырвоны каршун, арол-карлік, нырок-свірок, нырок-плёсаўка, малы лебедзь, шчурка-пчалаедка, горная чачотка, рагаты жаўрук, сняжурка, малая чайка, сокал-падарожнік.    

Пад час першых сёлетніх выездаў мы ўжо бачылі сняжурак, рагатых жаўрукоў, малага лебедзя і даўганосага савука. Але самае цікавае, канешне, чакае наперадзе!

Источник:
Фотограф:
birdwatch.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость