30.01.2024 / 11:01

З якой нагоды пратэставалі літоўскія фермеры і чаму гэта не спадабалася мясцовым эколагам.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Цягам трох дзён на мінулым тыдні галоўны праспект літоўскай сталіцы быў амаль цалкам перакрыты для грамадскага транспарту. Замест яго ўся вуліца запоўнілася сельскагаспадарчай тэхнікай. І гэта была зусім не выстава, а акцыя пратэсту мясцовых фермераў.

Для тых, хто цікавіцца праблемамі экалогіі, не сакрэт, што сельская гаспадарка з’яўляецца адным з галоўных дастаўнікоў вуглекіслага газу ў атмасферу і наогул шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Урады еўрапейскіх краін рознымі шляхамі спрабуюць выправіць становішча, у тым ліку ўводзячы для фермераў разнастайныя абмежаванні і падаткі. І часта сустракаюць супрацьдзеянне з боку сялян.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Менавіта гэта адбылося і ў Літве, дзе Сельскагаспадарчы саюз зладзіў акцыю пратэсту супраць новых захадаў улады. Сярод іншага плануецца ўвесці больш строгі парадак аднаўлення мнагалетніх лугоў, а таксама пашырыць ахоўныя прыродныя тэрыторыі, у тым ліку за кошт тых, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

Таксама фермераў чакае чарговае падвышэнне акцызаў на паліва, што павялічыць іх расходы і, як вынік, кошты на іх прадукцыю і, адпаведна, кошты ў крамах, якія ў Літве і так зусім не нізкія ў параўнанні з іншымі краінамі Еўрапейскага Звязу. Менавіта супраць гэтага і выйшлі, скарыстаўшыся сваімі канстытуцыйнымі правамі, на праспект Гедыміна і іншыя вуліцы Вільнюса ўладальнікі сельскагаспадарчых бізнэсаў,

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Сяляне заклікалі літоўскія ўлады адмяніць падвышэнне акцызаў на вадкаваны нафтавы газ і вярнуць ільготы па акцызным падатку на дызельнае паліва для сваёй тэхнікі. Арганізатары акцыі планавалі працягнуць яе яшчэ на некалькі дзён, але на гэта дазволу з боку адміністрацыі самакіравання Вільнюса не атрымалі.

Тым не менш пэўных поспехаў пратэстоўцы дабіліся. Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Шымонітэ заявіла, што ўрад направіў на ўзгадненне папраўкі адносна дызельнага паліва і акцызу на ВНГ. Сейм можа разглядзець іх 10 сакавіка, пасля пачатку вясновай сесіі, або нават раней, калі будзе скліканая пазачарговая.

Міністр сельскай гаспадаркі Літвы Кейстуціс Навіцкас у сваю чаргу адзначыў, што на ўзгадненне паданыя прапановы аб зніжэнні акцызу на вадкаваны нафтавы газ і вызваленні ўладальнікаў сельскагаспадарчай тэхнікі ад падатку на дызельнае паліва.

Наколькі фермеры задаволеныя рэакцыяй з боку ўлады, пакуль невядома. У пятніцу іх трактары пачалі пакідаць праспект Гедыміна, аднак магчыма, што яны туды яшчэ вернуцца.

Фота - аўтара
Фота - аўтара

Затое вядома, што сітуацыяй вельмі незадаволеныя літоўскія экаактывісты. Яшчэ падчас пратэстаў прадстаўнікоў сельскай гаспадарцы яны зладзілі ўласныя контрпратэсты з патрабаваннямі да ўладаў не ісці на саступкі.

Галоўны рэзон экаабаронцаў – шкода, якую сельская гаспадарка наносіць навакольнаму асяроддзю. На сваіх плакатах яны паведамлялі пра выміранне птушак і кліматычныя змяненні, а таксама заклікалі ратаваць лугі.

Экаактывісты з плакатамі аб выміранні відаў птушак, дадзенымі аб кліматычных зменах і тлумачэннямі, чаму неабходна ратаваць знікаючыя лугі. Фота – Paulius Peleckis / BNS
Экаактывісты з плакатамі аб выміранні відаў птушак, дадзенымі аб кліматычных зменах і тлумачэннямі, чаму неабходна ратаваць знікаючыя лугі. Фота – Paulius Peleckis / BNS

Відавочна, што фермеры мелі колькасную перавагу, між тым словы эколагаў літоўскія ўлады, безумоўна, таксама абавязаныя пачуць.

Ці будзе знойдзены кампраміс паміж экалогіяй і эканомікай, пакуль незразумела. Адно ясна: баланс паміж грашыма і абаронай прыроды – галоўны выклік, з якім сутыкаюцца тыя, хто хоча зялёных пераменаў у свеце. І Літва тут не выключэнне.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость