Беларусь у чарговы раз падтрымала, бадай што, самую масавую экалагічную акцыю, у Мінску, Гродна, Гомелі, Брэсце і Баранавічах актывістам удалося сабраць вакол ідэі вырашэння праблемы змянення клімату і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў планеты - сотні людзей, што з радасцю ўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прымеркаваных да «Гадзіны Зямлі».
Па склаўшайся ўжо традыцыі ў Мінску на гадзіну «адключыліся» такія аб'екты, як: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, будынак Мінгарвыканкаму і Белпошты, Педагагічнага універсітэту, Чырвонага касцёлу, вежы насупраць вакзалу, а таксама шэраг жылых дамоў на цэнтральных вуліцах сталіцы.
«Гадзіна Зямлі» стала традыцыйнай акцыяй і для гіпермаркету «Green», дзе не толькі выключаецца знешняя падсветка гандлёвага цэнтру «Скала», але і прыглушаецца святло паміж гандлёвых радоў, пры гэтым супрацоўнікі крамы інфармуюць пакупнікоў пра акцыю, бясплатна раздаюць свечкі.
Важнай складаючай таксама з'яўляецца забаўляльная частка «Гадзіны Зямлі». У гэтым годзе абсалютна новым і незвычайным стаў фармат «Жывой бібліятэкі» у рамках акцыі, калі наведвальнікі маглі сустрэцца з экалагічнымі актывістамі ці спецыялістамі і практыкамі, што маюць дачыненне да аховы навакольнага асяроддзя, задаць хвалюючыя пытанні, даведацца больш пра быт і дзейнасць у саміх людзей.
Вечарам мінчан чакаў канцэрт у «Loft cafe» гуртоў «Hummuskiss» i «Navi», якія ў гэтым годзе падтрымалі акцыю і пагадзіліся сыграць вялікі акустычны канцэрт пры свячах.
Людзі маглі не толькі танчыць пад добравядомыя гіты гуртоў, на працягу ўсяго вечара для ўдзельнікаў працаваў спецыяльны фота-бокс, у якім кожны мог абсалютна бясплатна зфатаграфавацца на фоне постапакаліптычнага гораду Мінску.
Як зазначыла Беларускаму Зялёнаму Парталу event-менеджэр «Зялёнай сеткі» Ганна Дапшэвічуце, пра тое, што акцыя адбылася сведчыць колькасць гарадоў, арганізацый, кампаній і актывістаў, якія далучыліся да «Гадзіны Зямлі».
«Мы з нецярпеннем чакаем інфармацыі пра тое, колькі электраэнергіі ўдалося зэканоміць у час акцыі ў гэтым годзе. Для нас гэта лічба з'яўляецца своеасаблівым крытэрам поспеху і аргументам у карысць таго, што такія акцыі варта праводзіць», - дадала яна.