Экалагічны клас Германавічскай сярэдняй школы стаў адным з месцаў, дзе прайшло конкурснае інтэрактыўнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню водных рэсурсаў «Балтыйскае мора пачынаецца тут». Цыкл заняткаў быў арганізаваны ў Вілейскім, Мядзельскім, Дубровенскім, Магілёўскім, Барысаўскім, Бабруйскім, Баранавічскім, Слуцкім, Чавускім, Шаркаўшчынскім і Шумілінскім раёнах па ініцыятыве установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» у межах праекта «Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і садзеянне развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі ў Беларусі».
Конкурс пазакласных мерапрыемстваў прысвечаны вывучэнню праблем вод Беларусі і праходзіць у форме эстафеты. Пачалася яна 9 сакавіка ў сярэдняй школе №3 г. Вілейкі. Тут жа і завершыцца 18 красавіка. Сярод удзельнікаў эстафеты будуць вызначаныя тры пераможцы.
Мэта занятку (яе прытрымліваюцца ўсе педагогі-ўдзельнікі) — паказаць дзецям, якая узаемасувязь існуе паміж рэкамі і азёрамі Беларусі і Балтыйскім морам і якім чынам беларусы ўплываюць на Балтыйскае мора. Абавязковай умовай з’яўляецца выкарыстанне стэндаў, якія раскрываюць сутнасць ужывання водных рэсурсаў і звязаных з гэтым экалагічных праблем. Камплект дапаможных матэрыялаў прадастаўлены арганізатарамі конкурсу і падарожнічае разам з удзельнікамі эстафеты.
Занятак у экалагічным класе Германавіцкай сярэдняй школы праводзілі Алена Дач, настаўніца геаграфіі, і Жанна Куцкевіч, настаўніца біялогіі Нарачскай сярэдняй школы №1 Мядзельскага раёна.
Дапамагалі ім вучні Матвей Беперш і Паліна Грузд — навучэнцы 9 класа.
Алена Дач адзначыла, што Нарачская сярэдняя школа №1 мае экалагічны накірунак. Дзеці займаюцца даследчай работай, асветніцкай дзейнасцю сярод мясцовага насельніцтва. Найбольшае задавальненне прыносяць вучням экскурсіі і заняткі на прыродзе. Інтэрактыўныя заняткі, якія праводзяцца ў межах эстафеты, таксама выклікалі цікавасць у дзяцей і былі вельмі прадуктыўнымі.
Марына Фёдарава, настаўніца біялогіі Германавіцкай сярэдняй школы, падкрэсліла важнасць заяўленай арганізатарамі эстафеты тэматыкі.
«Ад рэк Беларусі, якія ўпадаюць у Балтыйскае мора, залежыць яго будучыня. Мы павінны гэта разумець і вучыць экалагічнай асновам водакарыстання дзяцей. “Водная эстафета” — спосаб выклікаць інтарэс да гэтай праблемы ў незвычайнай форме. Асабліва цікавым лічу ўдзел у правядзенні занятку дзяцей, калі роўны навучае роўнага», — адзначыла яна.
Пазней занятак «Балтыйскае мора пачынаецца тут» прайшоў для вучняў 8-9 класаў і ў Башнеўскай сярэдняй школе Шумілінскага раёна.
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
«Одни мечтают, а другие делают». Востребованы ли на Витебщине дипломированные экологи?