Пачынаць экалагічны лад жыцця не заўсёды проста. З-за вялікай колькасці пакетаў з пластыкам, паперай, шклом і іншая сыравінай часам не бачна кухні. Арганізаваць прастору не дужа атрымліваецца, ды і ісці да патрэбнай сметніцы на вуліцы лянота. Мы запыталі людзей, якія, як кажуць, не першы дзень у спорце, як яны арганізуюць прастору ў сваёй кватэры пад асобны збор смецця.
Прывязу сабе вермікампосцер з Чэхіі
Воля Фло, рамесніца.
Мае сметніцу, кантэйнер, тры скрыні і шэсць пакетаў.
– Я жыву ў самым цэнтры Мінску. Дома на кухні пад вуглавой ракавінай у мяне шмат месца для рознага смецця.
У вядро, якое вісіць на дзвярах, ідзе агульнае смецце, якое не падыходзіць для сартавання (плёнка ад сыру, кубачкі ад ёгурту, упакоўка ад чыпсаў, разбіты посуд і іншае). Гэтае смецце я мыю, каб не смярдзела, бо асноўнае вядро выношу вельмі рэдка – раз на два-тры месяцы.
- Яшчэ ў мяне ёсць чатыры пакеты. У першы ляцяць бутэлькі ПЭТ, моцныя пакеты і ўсё, што ідзе з маркіроўкай для магчымай перапрацоўкі.
- У другі я збіраю асобна метал, бо яго хутка забіраюць з вуліцы людзі, якія ўсё здаюць у прыёмныя пункты. І такім чынам крыху палягчаю ім жыццё. А яшчэ з гэтага пакета я заўсёды магу выцягнуць бляшанку для пасадкі зеляніны на падаконнік.
- Трэці пакет – для тэтрапаку. Апошнім часам яго ўвогуле імкнуся не набываць, а раней раз на год адвозіла ў спецыяльны кантэйнер.
- І апошні, чацвёрты пакет – для шкла, у ім, у асноўным ляжаць бутэлькі ад масла і віна.
Яшчэ ад усіх ПЭТ-бутэлек і ўпакоўцы тэтрапак аддзяляю крышачкі і кладу ў маленькі пакет. Пры магчымасці адношу іх у спецыяльную скрыню для перапрацоўкі ў “Пясочніцы”.
Таксама ў мяне стаяць асобныя скрыні для батарэек і лямпачак.
А яшчэ – вялікая скрыня для паперы. Яе я не здаю, а адважу ў вёску на распальванне печы.
Апошні мой невялікі кантэйнер з крышкай стаіць на стале побач з ракавінай. Туды я збіраю ўсю арганіку. У ідэале, калі еду на лецішча, бяру яго на кампост. Калі ў мяне ёсць сабака на ператрымцы, магу яго ўзяць з сабою і закапаць на прагулцы. Але часцей за ўсё проста выкідаю без пакета. Гэта, вядома, не вельмі добра і можна было б завесці вермікампосцер, але ж хочацца не прастую скрыню, а нейкую дызайнерскую. На жаль, у нас такія не прадаюць, таму планую пры першая магчымасці прывезці яго сабе з Чэхіі.
Мая сям’я лёгка адмовілася ад соку ў тэтрапаку
З самага дзяцінства я памятаю, што ў нашай сям’і сартуюць адходы. Арганіку заўсёды збіралі для лецішча. Усялякія ёмістасці – у гараж для шрубак. А бутэлькі і банкі – для соку і закрутак.
Калі я некалькі гадоў жыла за горадам, ад двух чалавек смецця было вельмі мала – вывозілі невялікі пакет раз на месяц. У горадзе зараз асноўнае смецце – гэта арганіка, і яе прыходзіцца выносіць пару разоў на тыдзень, каб не было смуроду. Адмовіцца ад некаторых пакупак з-за ўпакоўцы не заўсёды атрымліваецца, але часта трапляюцца некарысныя прадукты ва ўпакоўцы, якая не перапрацоўваецца.
Мая сям’я лёгка адмовілася ад соку ў тэтрапаку, печыва і макароны ў пакетах. Шмат каш я набываю ў кардоне ці на вагу. Але ўсё ж такі ёгурт, сыр і малочныя прадукты – гэта слабае месца, ад якога цяжка адмовіцца. І часта ўпакоўка ад іх ідзе на звалку.
Калі ёсць звычка мыць упакоўкі ад прадуктаў і кожны кантэйнер стаіць у даступнасці, то сартаванне ўвогуле не дадае нязручнасці. Смецце можна выносіць рэдка. У адладжанай сістэме са спакойным сумленнем не трэба кожны дзень думаць, каго бы паслаць вынесці вядро.
Смецця атрымліваецца не так шмат, ды і праблем з месцам няма
Вера Савіч, удзельніца праекта “Ежы Вежа”.
Мае адну сметніцу, дзьве скрыні, замарожвае арганіку для чарвей.
– Я жыву ў шматквартэрным доме, і сістэма ў мяне простая:
- вядзерца для агульнага смецця;
- скрынка для паперы;
- скрынка для пластыку.
Усё акуратна стаіць на кухні. Шкло, метал і пластык я не складзірую. Калі штосьці з гэтага з’яўляецца, то ў бліжэйшыя дні яно ўжо будзе ў кантэйнеры.
Частку арганікі я замарожваю. Яна ідзе чарвячкам. У праекце “Ежы Вежа” мы зрабілі прататып вермікампосцера. Ён зараз туліцца ў майстэрні праекта ReBottle, якія друкуюць з перапрацаванага пластыка мэблю на 3D прынтары. Яны дапамагалі нам з электронікай, так мы пасябравалі і цяпер ходзім да іх у госці карміць чарвячкоў. Але яны пакуль не распладзіліся да неабходнай колькасці, таму частку арганікі прыходзіцца выкідаць у агульнае смецце.
У цэлым смецця атрымліваецца не так шмат, ды і праблем з месцам няма. Па факту яго стала менш. Можа, з-за таго, што цяпер больш усвядомлена адношуся да пакупак – і смецце проста не з’яўляецца. Калі мне насамрэч нешта неабходна, я набуду гэта незалежна ад якасці упакоўкі, але ж тавары “народнага спажывання” па магчымасці бяру без упакоўкі.
Лягчэй за ўсё пачаць сартаваць шкло, бо пластык неабходна мыць і жаць, а з паперы выдзіраць металічныя клямары.
Цяжка збіраць асобна арганіку і змяшанае смецце
Юстына Саўка, супрацоўніца Акадэміі навук.
Мае сметніцу, кошык і два пакеты.
– Я жыву ў двухпакаёвай кватэры з маленькая кухняй. Асобна я збіраю паперу ў папяровы пакет, які стаіць каля пісьмовага стала ў спальні, і выношу яго ў зялёныя кантэйнеры “Белгіпс”. Паперу мне збіраць прасцей за ўсё – я займаюся гэтым з пачатковай школы.
Шкло і пластык складваю ў кошык, які стаіць і калідоры. Яго я выношу і раздзяляю смецце непасрэдна каля кантэйнераў на вуліцы.
Пластыкавыя крышачкі збіраю ў пакет і выкідаю ў спецыяльныя кантэйнеры.
Цяжка збіраць асобна арганіку і змяшанае смецце, бо на кухні мала месца ды няма магчымасці яго пісьменна выкінуць ці ўтылізаваць. Часам я адмаўляюся ад харчовых тавараў, калі лічу, што на іх патрацілі надта шмат упакоўкі. Яшчэ я не збіраю бляшанкі (алюмініевыя ці з нейкіх іншых металаў), бо нарыхтовачныя пункты каля майго дома працуюць па нейкім дзіўным графіку.
Вызваліць месца ў маёй кватэры было б магчыма, калі б былі нейкія барахолкі або гаражныя распродажы. Ёсць шмат рэчаў, якімі я не карыстаюся, але яны ў прымальным стане, – вопратка, мэбля, прадметы быту.
Прасцей за ўсё было пачаць збіраць бутэлькі і кардон
Таццяна Шылак, рэдактарка.
Мае дзьве сметніцы, стос для паперы і збірае крышачкі.
– Я жыву ў інтэрнаце ў Дзяржынску, таму арганізацыя збору смецця ў нас адна на дваіх: на мяне і суседку. У прынцыпе, калі я стала збіраць асобна, моцна нічога не змянілася. Проста замест адной сметніцы цяпер стаяць дзве: адна для агульнага смецця, другая – для пластыка, шкла і бляшанак. Побач акуратна складваем паперу. Яшчэ асобна збіраем крышачкі, але іх зараз няшмат.
Гэта сістэма ў нас ужо два гады выдатна функцыянуе. Нейкіх нязручнасцей не было. Смецця стала крыху менш, хоць гэта не зусім заўважна. Я імкнуся набываць тое, што перапрацоўваецца, пажадана не ў пластыкавай упакоўцы. Прасцей за ўсё было пачаць збіраць бутэлькі і кардон. Але некаторую тару складана сартаваць: трапляюць упакоўкі з розных матэрыялаў, дзе няма маркіроўкі на абодва віды.