Змены ў закон «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» у ліпені пададуць ва ўрад
«Мы сёння не маем заканадаўства па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы (СЭА) і маем намер зрабіць абавязковым яе правядзенне», — так распачаў сустрэчу Аляксандр Андрэеў, начальнік кіравання дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.
Удасканаленне заканадаўства звязана з тым, што наша краіна ўжо ратыфікавала Канвенцыю Эспа і знаходзіцца ў працэсе падрыхтоўкі законаў да імплементацыі Пратакола СЭА. Гэта адбываецца ў межах спрыяння экалагізацыі эканомікі краін Усходняга партнерства.
Будзе распрацаваны цэлы пакет зменаў у закон «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе». Свае прапановы Мінпрыроды мусіць унесці ва ўрад у ліпені 2015 года, напрыканцы года будуць працаваць над новым падзаконным актам — палажэннем аб парадку правядзення СЭА.
Такім чынам, у Беларусі з’явіцца яшчэ адзін механізм рэгулявання экалагічнага ўздзеяння аб’ектаў на прыроду. Таксама будзе зменены выгляд (а фактычна пашыраны) спіса аб’ектаў, якія патрабуюць экалагічнай экспертызы. Калі зараз яе фінансуе бюджэт, то ў будучыні гэта мусіць рабіць замоўца.
Працэдуру будуць праводзіць не супрацоўнікі міністэрства, а супрацоўнікі дзяржаўнага органа, падпарадкаванага міністэрству. Спецыялістаў, што праводзяць экспертызу (у будучыні — стратэгічную экалагічную ацэнку і ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе), будуць навучаць і акрэдытоўваць, тым самым абмежаваўшы кола людзей, якія могуць ёй займацца. Так вырашылі, бо сёння якасць экспертыз, на думку чыноўніка, невысокая.
Сістэму стратэгічнай экалагічнай ацэнкі трэба ствараць з нуля
Змены ў закон беларускія чыноўнікі абмяркоўваюць з замежнымі калегамі. Так, 30 красавіка праходзіць тэматычная сустрэча з Крысціянам Аларэанам, сябрам Савета па Канвенцыі Эспа Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, і Ежы Яндоськам, кансультантам ЕЭК ААН, які таксама працуе з такімі арганізацыямі, як «Грынпіс» і «Сусветны фонд дзікай прыроды» (WWF), з урадамі краін, прадстаўнікамі грамадскасці — юрыстамі «Зялёнай сеткі» і «Экадома».
Падчас круглага стала Ежы Яндоська даў сваю ацэнку беларускім законам: «У вашай краіне добры вопыт змянення заканадаўства, — мяркуе ён. — Праблемы з’явіліся 6 год таму, калі да Беларусі ўзнікла прэтэнзія да гідрастанцыі на рацэ Нёман. Мы выявілі гэтыя праблемы і распрацавалі рэкамендацыі, каб сітуацыю змяніць».
У выніку таго кейса, на думку Ежы, у Беларусі палепшылася сістэма апавяшчэння грамадскасці. Працэс змянення нашага заканадаўства ён назваў няспынным, што ідзе на карысць краіне.
Зараз, на думку эксперта, у Беларусі цалкам адсутнічае сістэма правядзення СЭА, і яе трэба ствараць з нуля. У каментары Беларускаму зялёнаму парталу Ежы падкрэсліў, што гэта самае актуальнае пытанне. Але ў дакладзе на круглым стале зазначыў, што ёсць і іншыя.
Да грамадскасці звяртаюцца позна, і незразумела, за кім канчатковае рашэнне
На думку Ежы Яндоські, наша заканадаўства адрозніваецца ад патрабаванняў канвенцый (Орхускай і Эспа), бо яны разлічаныя на рынкавую эканоміку, а нам спадчынай ад СССР засталася цэнтралізаваная. Праблемы ў Беларусі і іншых краін рэгіёна падобныя: сфера ахопу кшталтаў дзейнасці, маштаб ацэнкі, нарматыўнае рэгуляванне, удзел грамадскасці і прыняцце канчатковага рашэння.
Ахопліваюцца на постсавецкай прасторы, на думку Ежы, найчасцей будаўнічыя працы, а, напрыклад, высечцы лясоў ці сельскай гаспадарцы надаецца менш увагі. Няма індывідуалізаванага падыходу да розных кшталтаў дзейнасці: «Звычайна няма патрабавання вывучыць альтэрнатыўныя варыянты дасягнення мэты», — кажа ён.
Адной з праблем Ежы назваў тое, што да ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе звяртаюцца «на позніх этапах распрацоўкі праекта, калі позна ўжо яго змяняць». Таксама складана вызначыць, хто прымае фінальнае рашэнне па праекце: «Тут у нас ёсць вопыт Беларусі з будаўніцтвам АЭС, дзе было незразумела, за кім канчатковае рашэнне: гэта высновы экспертызы ці прэзідэнт, які падпісвае загад».
Аналагічныя выпадкі бывалі ў іншых краінах, і з гэтага вынікаюць пытанні з працэдурай трансмежнага ўзаемадзеяння: законам не вызначана, калі яе пачынаць. А пачынаць трэба, каб выконваць патрабаванні Канвенцыі Эспа.
Таксама няма патрабавання абвесціць аб канчатковым рашэнні грамадскасці. Савецкае вынаходніцтва — «дзяржаўная экспертыза», на думку эксперта, не з’яўляецца ў поўнай ступені тым, што трэба для ўдзелу грамадскасці.
Прадстаўнік улады: савецкі кшталт экспертызы не кепскі
Праблему з тым, як вызначыць аўтара канчатковага рашэння і дзе шукаць само рашэнне, Аляксандр Андрэеў падцвердзіў. Але дадаў, што і ў ЕС таксама няма дакладнага стаўлення да таго, што ж такое канчатковае рашэнне. Не пагадзіўся ён і з тым, што практыка правядзення экспертызы, як у СССР, кепская: на яго думку, станоўчае ўжо тое, што без яе рашэння ніводзін праект не пройдзе, чаго няма ў Еўрасаюзе.
«А тое, што некаторыя канвенцыі выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах, то гэта нашыя ўзаемныя стасункі з Літвой, — сказаў ён і, згадваючы размовы аб будаўніцтве новай АЭС на месцы Ігналінскай, дадаў: — Тут пытанне чыста палітычнае і эканамічнае, а не экалагічнае».
Нагадаем, у 2011 годзе Літва заявіла аб невыкананні Беларуссю Канвенцыі Эспа пры будаўніцтве Астравецкай АЭС, што падцвердзіў 15 красавіка 2013 года Камітэт па адпаведнасці Канвенцыі Эспа.