30.05.2019 / 15:05

Апублікаванае днямі на Onliner.by відэа, на якім бачна, як кіроўца старога Opel на транзітных нумарах на скрыжаванні ля населенага пункту ў Мінскім раёне высаджвае сабаку і з'язджае, выклікала хвалю абмеркаваннях. Адныя казалі пра тое, што аўтара відэа варта пакараць за парушэнне правілаў дарожнага руху і стварэнне аварыйнай сітуацыі, калі ён наганяў гаспадара сабакі. Іншыя сцвярджалі, што карма зробіць сваю справу і чалавеку адгукнецца яго ўчынак.

Як часта вам даводзіцца бачыць на вуліцах населеных пунктаў бадзяжных, ветлівых, экс-хатніх жывёлаў? Спужаныя, агаломшаныя, галодныя яны ныкаюцца сярод людзей, выпрошваючы якой ежы ці па звычцы пяшчоты. Вядома, могуць праяўляць і агрэсію, апынуўшыся ў стрэсавай і нязвыклай для сябе сітуацыі.

Вялікі працэнт такіх жывёл — не знойдзеныя гаспадарамі згубленыя гадаванцы. Аднак ёсць сярод іх і наўмысна выкінутыя людзьмі. Прычынамі такіх ўчынкаў могуць быць мноства абставін: гадаванец непаслухмяны, разносіць кватэру ўшчэнт, гадзіць дома, праявілася алергічная рэакцыя, пераезд і г.д.

У асяродку зааваланцёраў пра гэта ведаюць не па чутках. Але мяркуюць, што ні адна з прычын не можа можа стаць апраўданнем для таго, што ад гадаванца пазбаўляюцца папросту выкідаючы яго на вуліцу:

"Гэта перакладанне сваёй адказнасці на кагосьці іншага. На кагосьці, не зразумела каго".

Відэа: landysh, forum.onliner.by

Са свайго досведу валанцёры і валанцёркі распавядаюць, што былыя хатнія жывёлы доўга не жывуць. Яны становяцца ахвярамі адлову ці гінуць пад коламі аўтамабіляў. Тым жа, каму пашасціла патрапіць на куратарства да валанцёраў, таксама не заўсёды знаходзяць пастаянны дом. Яны могуць працяглы час пераязджаць з пераўтрымання на пераўтрыманне.

Гэтая праблема не знікне пакуль у Беларусі жывёлы заканадаўча не абароненыя і з'яўляюцца простай маёмасцю людзей. А таксама пакуль не існуе абавязковага патрабавання да чыпіравання гадаванцаў ці стэрылізацыі/кастрацыі.

Па законе ў нашай краіне кваліфікаваць такое "пазбаўленне" ад гадаванца, як жорсткае абыходжанне, наўрадці атрымаецца, бо да гэтага часу ў законе адсутнічае вызначэнне, што з'яўляецца жорсткім абыходжаннем з жывёламі.

"Кваліфікавацыя дзеянняў у дадзеным выпадку залежыць ад намераў і ад таго, якім чынам грамадзянін дзейнічаў, – сцвярджае юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом» Рыгор Фёдараў. –  Калі відавочны намер нанесці шкоду жыццю і здароўю жывёлы, напрыклад, грамадзянін выкінуў шчаня з адкрытага акна аўтамабіля на хаду – гэта мусіць кваліфікавацца, як жорсткае абыходжанне. Пакаранне залежыць ад наступстваў дзеяння, нанесеных траўмаў. Чалавек можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а ў некаторых выпадках да крымінальнай. Калі намер заключаўся толькі ў тым, каб пазбавіцца ад жывёлы, напрыклад калі сабаку выстаўляюць з аўтамабіля, закрываюць дзверы і з'язджаюць, – кваліфікаваць магчыма, як парушэнне Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь. У такім выпадку наступае адміністрацыйная адказнасць".

Што неабходна рабіць, калі вы сталі сведкам падобных дзеянняў? Юрыст раіць фіксаваць сам факт і прыкметы аўтамабіля, на якім перасоўваецца парушальнік, а затым звяртацца ў органы ўнутраных справаў. У любым выпадку ў гэтым ёсць сэнс.

Падрабязны алгарытм дзеянняў пры жорсткім абыходжанні з жывёламі распрацаваны ініцыятывай "Зялёны дазор" таварыства "Зялёная сетка".

Автор:
Фотограф:
pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость