Дабрацца да першага прыпынку нашага падарожжа — возера Лебедзева, што знаходзіцца на самым поўдні Дакудаўскага, аказалася не такой простай задачай. Бо самы кароткі шлях ляжаў праз густы лазняк, які цягнецца амаль паўкіламетры. І толькі пераадолеўшы яго, вы апынецеся ў даволі непрывычным месцы — сапраўдым верхавым балоце. Дарэчы, самым буйным «верхавіку» Гарадзеншчыны. Але адразу папярэджваем: не спрабуйце туды выпраўляцца самастойна, без добрага ведання мясцовасці! Лёгка заблукаць.
Пасля густога лазняку пачынаюцца сфагнавыя імхі, нізкарослыя сосны і зарасці багульніка, пахам якога напоўнена ўсё балота. Яшчэ дзвесце метраў і за нізкімі дрэвамі адкрываецца само возера Лебедзева. Гэта зусім невялікае возера, але на пачатку яно падаецца бяскрайнім. Першая адметнасць, якая адразу кідаецца ў вочы — берагі, абрысы якога цяжка вызначыць.
У выніку натуральных працэсаў возера паступова зарастае па перыферыі балотнай расліннасцю і імхом. Таму бераг уяўляе сабой імховую падушку, знаходзіцца на якой досыць небяспечна. Вялікая верагоднасць праваліцца. Балотная вада вельмі цёмная і дна вы, натуральна, не пабачыце. Але сама паверхня вельмі гладкая і нагадвае люстэрка.
Яшчэ адна цікавая адметнасць возера — па беразе можна ўбачыць вельмі шмат відаў раслін і жывёл, якія сустракаюцца толькі ў падобных месцах. Сярод раслін гэта журавіны, белакрыльнік балотны, пушыцца, расліна-драпежнік — расіцца круглалістая ды іншыя. Трапляецца надзвычай шмат стракоз, што ў сонечнае надвор’е асабліва кідаецца ў вочы: рашэцістыя, плоскія, белалобыя, чорныя, чатырохплямістыя, чырвонакніжнік дазоршчык імператара ды шмат іншых. Па словах Юрыя Квача, тут таксама адзначаны такія рэдкія для Беларусі віды, як марошка і залацістаямчаты жужаль.
Ужо адыходзячы, заўважаем качку-чырку, якая гучна пачала насіцца па вадзе. Паводзіны не дзіўныя — хоча адвесці нас ад гнязда. Вырашаем не перашкаджаць і рушым далей.
Яшчэ каля двух кіламетраў на паўночны ўсход, мінаючы дамбу, якая адмяжоўвае балота ад тэрыторыі, дзе ідзе торфараспрацоўка, мы апынуліся на новым пункце прыпынку — возера Глухава. Прынамсі наш GPS-навігатар паказваў, што мы акурат на ім знаходзімся. Самога вадаёма не бачна. Толькі вялікае адкрытае месца з вельмі рэдкімі дрэвамі і кустамі нагадвае аб тым, што тут калісьці было самае буйное возера Дакудаўскага, якое стала ахвярай паступовага асушэння балота.
Крыху далей заўважаем зарасці рагозу, сярод якіх віднеюцца рэшткі адкрытай вады з белымі і жоўтымі гарлачыкамі. Менавіта так зараз і выглядае гэтае возера.
«Пабудаваная ля ўскраіны балота дамба затрымлівае балотную вільгаць. За кошт гэтага возера хоць і высыхае, але маруднымі тэмпамі. Яшчэ на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя па расповедах паляўнічых тут была хоць і невялікая, але адкрытая водная прастора. Зараз, як бачым, усё зарасло», — заўважыў Юрый Квач.
Але нягледечы на гэта, тут яшчэ пакуль можна сустрэць чырвонакніжныя віды, такія як вярба лапландская і журавіны дробнаплодныя.
Выходзім на ўскраіну некранутага балота. Тут вырашаем завяршыць нашае падарожжа. Далей пачынаецца тэрыторыя, на якой вядзецца торфаздабыча і зусім ужо не балотныя пейзажы. Дык, а што наконт трэцяга возера? Актыўная здабыча торфу на Дакудаўскім балоце цягнецца з канца 1950-ых гадоў. Першы ўдар меліяратараў прыняла на сябе яго паўночная частка. Менавіта там і знаходзілася нашае трэцяе буйное возера — Сцеркава. На жаль, зараз ад яго засталася толькі назва і затоплены тарфянік.
І ўжо, азіраючыся на жыццё возера Лебедзева, нават уявіць цяжка, што мы страцілі. І як трапна заўважыў Юрый Квач:
«Хто яго ведае… Можа, каб не асушэнне гэтай тэрыторыі, мы бы мелі зараз на Гарадзеншчыне другую Ельню?»